
Бясплатныя курсы «Віцебск: рэальная і папулярная гісторыя роднага горада». «Віцебск яўрэйскі»
- Details
- Створана 02.05.2017 13:02
27 красавіка ў бібліятэцы адбыўся чарговы занятак бясплатных курсаў «Віцебск: рэальная і папулярная гісторыя роднага горада» на тэму «Віцебск яўрэйскі».
Адна са старэйшых нацыянальных абшчын на беларускай зямлі – яўрэйская. Першыя згадкі пра яўрэяў у Віцебску адносяцца да 1523 года. У пачатку XVII стагоддзя ў горадзе з'явілася яўрэйская абшчына. Пра гісторыю яўрэяў у Еўропе, існаваўшыя антысемісцкія стэрэатыпы, з'яўленне іўдзеяў на землях усходніх славян расказаў загадчык кафедры гісторыі Беларусі ВДУ імя П. М. Машэрава, кандыдат гістарычных навук Анатоль Дулаў.
Галоўны захавальнік фондаў Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці, кандыдат гістарычных навук Канстанцін Карпекін расказаў пра дынаміку яўрэйскага насельніцтва ў Віцебску, удзел яўрэяў у сацыяльна-эканамічным і культурным жыцці горада ў канцы XIX – пачатку XX стагоддзяў. Асобная ўвага была ўдзелена сінагогам і малітоўным дамам, якіх да 1917 года было 74, традыцыям яўрэйскай адукацыі. Падрабязней на жыцці яўрэяў у Віцебску пасля 1917 года спынілася дацэнт кафедры агульнай гісторыі і сусветнай культуры ВДУ імя П. М. Машэрава, кандыдат гістарычных навук Галіна Якаўлева, якая расказала пра барацьбу з хедарамі, адмаўленне ад традыцый, Віцебскі яўрэйскі педагагічны тэхнікум.
Увазе прысутных быў прадстаўлены ўрывак з дакументальнага фільма пра ўраджэнца Віцебска, кіраўніка служб разведкі і бяспекі Ізраіля Ісера Харэля.
Лекцыю завяршыла выступленне галоўнага рэдактара часопіса «Мишпоха» Аркадзя Шульмана, які нагадаў, што ў 20–30-я гады XX стагоддзя ў БССР было чатыры дзяржаўныя мовы: беларуская, руская, яўрэйская (ідзіш) і польская, пры Саюзе пісьменнікаў існавала асобная секцыя яўрэйскіх пісьменнікаў.
Арганізатары курсаў падкрэслілі, што тэме Халакосту будзе прысвечана асобная лекцыя. З літаратурай, рэкамендаванай для больш глыбокага вывучэння тэмы, можна пазнаёміцца ў аддзеле краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі.
Матэрыялы лекцыі размяшчаюцца на сайце Віцебскай абласной бібліятэкі і на старонцы «В Контакте».