
Прэзентацыя кнігі Уладзіміра Арлова «Айчына: маляўнічая гісторыя. Ад Рагнеды да Касцюшкі»
- Details
- Створана 02.05.2017 08:58
26 красавіка ў бібліятэцы адбылася прэзентацыя кнігі Уладзіміра Арлова і Паўла Татарнікава «Айчына: маляўнічая гісторыя. Ад Рагнеды да Касцюшкі». Кніга выйшла ў свет у канцы 2016 года, але ўжо паспела заваяваць некалькі прэмій.
Уладзімір Арлоў і Павел Татарнікаў атрымалі Прэмію Цёткі ў дзвюх намінацыях – «Найлепшы твор для дзяцей і падлеткаў» і «Найлепшае мастацкае афармленне». У 56-м Нацыянальным конкурсе «Мастацтва кнігі» пераможцам у намінацыі «Лепшы ілюстратар» стаў мастак Павел Татарнікаў за цыкл ілюстрацый да кнігі. На 223 старонках кнігі – 200 малюнкаў, сярод якіх 65 партрэтаў гістарычных асоб і каля 40 гістарычных панарам.
Вечарыну адкрыла дырэктар Віцебскай абласной бібліятэкі Таццяна Адамян, якая нагадала прысутным асноўныя вехі жыцця пісьменніка, яго літаратурныя ўзнагароды. Была паказана электронная прэзентацыя пра кнігу «Айчына...», падрыхтаваная супрацоўнікамі аддзела краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі. Уладзімір Арлоў расказаў прысутным не толькі пра тое, як ішла праца над гэтай кнігай, але і ўзгадаў сюжэты з жыцця, якія ляглі ў аснову некаторых іншых яго твораў. Таксама пісьменнік асобна спыніўся на мастацкім аздабленні кнігі і працы мастака Паўла Татарнікава.
Напрыканцы прэзентацыі Уладзімір Арлоў адзначыў, што зараз вядзецца праца над другой часткай кнігі «Айчына: маляўнічая гісторыя...», у якой будзе ахоплена гісторыя Беларусі ад часоў Напалеона да 1991 года. Выданне другой часткі плануецца ў 2018 годзе.