
Бясплатныя курсы «Віцебск: рэальная і папулярная гісторыя роднага горада». «Віцебск як прамысловы цэнтр Расійскай імперыі»
- Details
- Створана 10.04.2017 12:29
13 красавіка ў бібліятэцы адбыўся чарговы занятак курсаў «Віцебск: рэальная і папулярная гісторыя роднага горада» па тэме «Віцебск як прамысловы цэнтр Расійскай імперыі».
У другой палове XIX стагоддзя Віцебск разам з іншымі гарадамі Беларусі быў уцягнуты ў працэс індустрыяльнага развіцця. Аб фактарах, якія гэтаму спрыялі, і асноўных стадыях развіцця капіталізму ў Беларусі расказаў галоўны спецыяліст галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама, кандыдат гістарычных навук Дзяніс Юрчак. Былі прыведзены цікавыя даныя пра прадпрыемствы, якія дзейнічалі ў Віцебску ў канцы XIX – пачатку XX стст. Так, слухачы лекцыі даведаліся, што з 1900 да 1946 года ў Віцебску дзейнічала льнопрадзільная фабрыка «Дзвіна» – адно са значных прадпрыемстваў Беларусі таго часу. У 1906 годзе ў горадзе працавала 65 прадпрыемстваў, самымі буйнымі фабрыкамі былі акулярная і тытунёва-махорачная.
Моцным фактарам для росту эканомікі Беларусі стала развіццё шляхоў зносін. Пра будаўніцтва чыгункі ў Віцебску і тое, як гэта паўплывала на далейшы стан прамысловасці, расказаў загадчык кафедры гісторыі Беларусі ВДУ імя П. М. Машэрава, кандыдат гістарычных навук Анатоль Дулаў.
Цікавымі для слухачоў сталі звесткі пра штодзённае жыццё гараджан, пра сярэднія заробкі рабочых і кошт прадуктаў харчавання, пра спосабы перамяшчэння людзей і з'яўленне ў горадзе першага трамвая.
У выніку развіцця прамысловасці, транспарту і гандлю паскорыўся рост гарадоў. Віцебск пераўтварыўся ў буйны фабрычна-заводскі і гандлёвы цэнтр і стаў другім па значнасці горадам Беларусі.
З літаратурай, рэкамендаванай для больш глыбокага вывучэння тэмы, можна пазнаёміцца ў аддзеле краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі. Матэрыялы лекцыі размяшчаюцца на сайце Віцебскай абласной бібліятэкі і на старонцы «ВКонтакте».