
Літаратурна-музычная вечарына «Песня жыве ў душы: жанчыны-паэты аб каханні і вясне»
- Details
- Створана 02.03.2017 12:08
1 сакавіка ў бібліятэцы адбылася літаратурна-музычная вечарына «Песня жыве ў душы: жанчыны-паэты аб каханні і вясне», прымеркаваная да Міжнароднага жаночага дня.
Вечарына праводзілася сумесна з Віцебскім абласным аддзяленнем ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі». Старшыня пісьменніцкай арганізацыі Тамара Краснова-Гусачэнка, прадстаўляючы кожную з пісьменніц-удзельніц імпрэзы, падкрэсліла, наколькі багатая Віцебшчына на таленавітых, адметных, яскравых прадстаўніц сучаснай беларускай літаратуры. За любоў да роднага слова, дапамогу ў выхаванні падрастаючага пакалення, прапаганду агульначалавечых каштоўнасцяў пісьменнікам падзякавала начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага гарвыканкама Наталля Шыянок.
Калі творы Тамары Красновай-Гусачэнкі, Вольгі Русілкі, Маіны Бабарыкі, Ганны Навасельцавай ужо добра вядомыя прыхільнікам прыгожага слова, то вершы Святланы Якубоўскай і Ірыны Радзіхоўскай сталі прыемным адкрыццём для ўсіх. Аўтары прадставілі ўвазе прысутных творы, якія перш за ўсё кранаюць іх саміх. Напэўна, таму ўсе выступленні ўспрымаліся ўдзельнікамі імпрэзы вельмі цёпла. З надыходзячым святам усіх жанчын павіншаваў загадчык секцыі паэзіі Віцебскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, паэт Мікалай Намеснікаў.
Вечарыну аздобілі музычныя кампазіцыі ў выкананні навучэнцаў Віцебскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя І. І. Салярцінскага Валерыі Грынь, Ульяны Грыгор'евай і Вікторыі Салаўёвай. На кніжнай выставе, падрыхтаванай супрацоўнікамі аддзела краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі, былі прадстаўлены творы пісьменніц Віцебшчыны.