
Прэзентацыя кнігі Мікалая Півавара «50 музеев Витебска»
- Details
- Створана 10.01.2017 07:54
19 студзеня ў бібліятэцы адбылася прэзентацыя кнігі кандыдата гістарычных навук Мікалая Півавара «50 музеев Витебска».
Збор сродкаў на выданне быў арганізаваны праз краўдфандынгавы сайт ulej.by. Каардынатарам праекта стаў арганізатар многіх культурных падзей Віцебска Раман Воранаў, падабралася добрая каманда зацікаўленых і таленавітых людзей. На прэзентацыі Раман прадставіў усіх, хто ўдзельнічаў у рэалізацыі праекта: гэта дызайнеры Настасся Балотнікава і Анжаліка Гайцюкевіч, карэктар Настасся Трафімчык.
Нястомны даследчык Мікалай Півавар падлічыў, што ў Віцебску больш за 120 музеяў. Пра многія з іх ён напісаў у выданні «Музеі Віцебска на пачатку ХХІ стагоддзя». Для новай кнігі аўтар адабраў самыя цікавыя і даступныя з музеяў. Артыкулы пра музеі ўтрымоўваюць падрабязныя звесткі пра іх гісторыю, экспазіцыі, найбольш цікавыя экспанаты, кантактную інфармацыю, фота і малюнкі музеяў. У пералік музеяў Віцебска ўключанна выставачная пляцоўка ў холе Віцебскай абласной бібліятэкі. У канцы кнігі – карта з адрасамі музеяў. Кніга будзе цікавай і карыснай і жыхарам горада, і турыстам.
Падчас прэзентацыі Мікалай Півавар расказаў пра найбольш незвычайныя на яго погляд музеі Віцебска, падзяліўся бліжэйшымі планамі і запрасіў да супрацоўніцтва ўсіх, каму цікава мінулае і сучаснае нашага роднага края.