
Прэзентацыя кнігі Тамары Красновай-Гусачэнкі «Жизнь – моя молитва»
- Details
- Створана 23.01.2017 07:54
19 студзеня ў бібліятэцы адбылася прэзентацыя кнігі Тамары Красновай-Гусачэнкі «Жизнь – моя молитва». Тамара Краснова-Гусачэнка – член Саюза пісьменнікаў Беларусі, Саюза пісьменнікаў Расіі, старшыня Віцебскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, аўтар больш чым дваццаці кніг, сярод якіх вершы і казкі для дзяцей, паэтычныя зборнікі. Кніга «Жизнь – моя молитва» – гэта першая кніга прозы аўтара.
На пачатку вечарыны загадчык аддзела краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі Ларыса Рагачова расказала прысутным пра творчыя дасягненні Тамары Красновай-Гусачэнкі, шматлікія перамогі ў літаратурных конкурсах, урадавыя ўзнагароды, пра цеснае супрацоўніцтва Віцебскай абласной бібліятэкі з Віцебскім абласным аддзяленнем Саюза пісьменнікаў Беларусі. Была паказана электронная прэзентацыя пра жыццёвы і творчы шлях паэтэсы. Тамара Краснова-Гусачэнка чытала вершы, урыўкі са сваёй новай кнігі, расказвала пра тое, што найбольш хвалюе яе ў жыцці.
З выхадам у свет новай кнігі аўтара павіншавалі галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама Валерый Марчанка, старшыня абласнога каардынацыйнага савета грамадскіх арганізацый і палітычных партый, старшыня абласной арганізацыі Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане Валерыян Мацкевіч, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага гарвыканкама Наталля Шыянок. Словы віншавання прагучалі ад старшыні аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Віцебскай епархіі протаіерэя Андрэя Смольскага, дырэктара гімназіі № 3 г. Віцебска Людмілы Сомавай, намесніка старшыні Віцебскага абласнога савета ветэранаў Міхаіла Ляшчынскага. Член Саюза мастакоў Беларусі Юрый Зуеў напісаў партрэт Тамары Красновай-Гусачэнкі і ўручыў яго ў падарунак. Вечарына была аздоблена песнямі на словы Т. Красновай-Гусачэнкі ў выкананні салісткі Віцебскай абласной філармоніі Аксаны Новікавай. Аўтары песень кампазітары Аляксандр Іваноў, Віктар Шавякоў, Віталь Рауза сказалі шмат добрых словаў і падзякавалі Тамары Іванаўне за плённае супрацоўніцтва. Калегі па літаратурным саюзе – паэт, загадчык секцыі паэзіі Віцебскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Намеснікаў і паэтэса Алена Фядзяева – адзначылі высокі мастацкі ўзровень новай кнігі. Прыемным падарункам стала выступленне ўзорнага ансамбля «Перапёлачка» гімназіі № 3 г. Віцебска. Дырэктар Віцебскай абласной бібліятэкі Таццяна Адамян пажадала аўтару плёну ў творчасці, новых кніг і новых сустрэч з чытачамі.