
Бясплатныя курсы «Віцебск: рэальная і папулярная гісторыя роднага горада». «Віцебскія замкі»
- Details
- Створана 26.12.2016 07:42
22 снежня ў бібліятэцы адбыўся чарговы занятак бясплатных курсаў «Віцебск: рэальная і папулярная гісторыя роднага горада». Тэма: «Віцебскія замкі».
Галоўным лектарам выступіў кандыдат гістарычных навук Мікалай Півавар. Мікалай Васільевіч нагадаў, што калісьці Беларусь называлі краінай замкаў. Лідскі, Бабруйскі, Наваградскі, Любча, Мірскі, Нясвіжскі замкі больш вядомыя, чым віцебскія. Але менавіта віцебскія Ніжні, Верхні і Узгорскі замкі лічыліся важнейшымі ўмацаваннямі ВКЛ, а Віцебск – ключом ВКЛ. Мікалай Півавар расказаў пра асаблівасці пабудовы беларускіх замкаў. Асобная ўвага была нададзена гістарычным асобам, якія будавалі віцебскія замкі і пра якіх гаварылася на папярэдніх лекцыях: княгіне Вользе, князю Васільку, князю Альгерду і яго другой жонцы Ульяне Цвярской.
Частку ўмацаванняў Ніжняга замка мы можам зараз бачыць у Духаўскім кругліку дзякуючы археолагу, дацэнту кафедры гісторыі Беларусі ВДУ імя П. М. Машэрава Таццяне Бубенька, якая падчас раскопак у 1984 годзе знайшла рэшткі каменных сцен. На лекцыі быў паказаны відэазапіс выступлення Таццяны Станіславаўны для праекта «Замкі Віцебска: старонкі славутай гісторыі».
Кандыдат гістарычных навук Дзяніс Юрчак падкрэсліў, што па новым генплане Віцебска запланавана ўзвядзенне часткі замкавай сцяны.
Аўтар мастацкіх рэканструкцый віцебскіх замкаў, выкладчык ДШМ «Маладзік» мастак Ігар Дураў расказаў пра створаныя ім выявы «Віцебскія замкі XII ст.» і «Віцебскія замкі XIV ст.».
З літаратурай, рэкамендаванай для больш глыбокага вывучэння тэмы, можна пазнаёміцца ў аддзеле краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі. Матэрыялы лекцыі размяшчаюцца на сайце Віцебскай абласной бібліятэкі http://vlib.by/index.php/ru/vitsebsk-realnaya-i-papulyarnaya-gistoryya-2016 і на старонцы «ВКонтакте»: https://vk.com/histvitebsk.