
Бясплатныя курсы «Віцебск: рэальная і папулярная гісторыя роднага горада». «Традыцыі гарадскога самакіравання ў Віцебску»
- Details
- Створана 29.11.2016 07:47
24 лістапада ў Віцебскай абласной бібліятэцы адбыўся чарговы занятак бясплатных курсаў «Віцебск: рэальная і папулярная гісторыя роднага горада». Тэма: «Традыцыі гарадскога самакіравання ў Віцебску».
На лекцыі выступілі кандыдат гістарычных навук, старшы навуковы супрацоўнік Навукова-тэхналагічнага парка БНТУ «Політэхнік» Максім Макараў і кандыдат гістарычных навук, загадчык аддзела археаграфіі і крыніцазнаўства Інстытута гісторыі НАН Беларусі Аляксандр Доўнар.
Максім Макараў у 2008 годзе выдаў манаграфію «Ад пасада да магдэбургіі: прававое становішча насельніцтва местаў Беларускага Падзвіння ў XIV – першай палове XVII ст.». Ён нагадаў слухачам курсаў, што яшчэ да Магдэбургскага права вольнае насельніцтва Віцебска карысталася віцебскім земскім правам, а першыя гарадскія прывілеі жыхары Віцебска атрымалі 455 год назад ад вялікага князя літоўскага Жыгімонта Аўгуста. Таксама гаворка ішла пра асаблівасці суіснавання ў горадзе двух прывілеяў і прычынах замены віцебскага гарадскога права магдэбургскім.
Аляксандр Доўнар займаецца вывучэннем сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі часоў Вялікага Княства Літоўскага XV–XVIII стст., у сферу яго інтарэсаў уваходзяць праблемы гарадскога самакіравання і фінансава-гаспадарчая дзейнасць органаў гарадскога самакіравання XV–XVIII стст. Даследчык вывучаў прывілеі Віцебска ў Галоўным архіве старажытных актаў у Варшаве, таксама ён расказаў пра два спісы кнігі прывілеяў з Віцебска, якія захоўваюцца ў бібліятэцы Акадэміі навук Літвы ў Вільнюсе. Таксама гаворка ішла пра асаблівасці герба горада Віцебска.
Навукоўцы адказалі на пытанні слухачоў курсаў.
З літаратурай, рэкамендаванай для больш глыбокага вывучэння тэмы, можна пазнаёміцца ў аддзеле краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі.
Матэрыялы лекцыі размяшчаюцца на старонцы «ВКонтакте»: https://vk.com/histvitebsk.