
Бясплатныя курсы «Віцебск: рэальная і папулярная гісторыя роднага горада». «Віцебск і яго жыхары ў Х–ХІІІ стст.»
- Details
- Створана 09.11.2016 06:50
10 лістапада ў бібліятэцы адбылася чарговая лекцыя ў рамках бясплатных курсаў «Віцебск: рэальная і папулярная гісторыя роднага горада».
На лекцыі выступілі навуковы супрацоўнік Віцебскага абласнога краязнаўчага музея Уладзімір Андрэйчанка, кандыдаты гістарычных навук Дзяніс Юрчак і Анатоль Дулаў, удзельнікі клуба гістарычнай рэканструкцыі «Vargentorn».
Уладзімір Андрэйчанка расказаў пра пісьмовые крыніцы, на аснове якіх было атрымана ўяўленне пра гістарычныя падзеі прапанаванага для разгляду перыяду. Падрабязна было асветлена пытанне пра радавод полацкіх князёў, асаблівасці атрымання ў спадчыну ўлады. Было адзначана, што генеалогія полацкіх князёў даволі заблытаная і няпоўная, таму ў некаторых выпадках можна толькі меркаваць, у які перыяд і які князь кіраваў на нашых землях.
Пра асноўныя палітычныя падзеі, эканамічнае і гаспадарчае жыццё сярэднявечнага Віцебска распавёў Дзяніс Юрчак. Былі прадстаўлены тапаграфічныя планы горада, фотаздымкі археалагічных раскопак з архіва Таццяны Бубенькі, дацэнта кафедры гісторыі Беларусі Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава. Слухачы атрымалі ўяўленне пра тое, як выглядалі вуліцы, гарадскія пабудовы, першыя цэрквы сярэднявечнага Віцебска, пра ўнутранае убранне дома простага гараджаніна, пра асноўныя заняткі гараджан.
Удзельнікі клуба гістарычнай рэканструкцыі «Vargentorn» распавялі пра рамесніцкую дзейнасць нашых продкаў, прадэманстравалі скураны абутак, прыстасаванні для апрацоўкі матэрыялаў, рэканструяваную зброю. Слухачы лекцыі задалі шмат дадатковых пытанняў пра асаблівасці вырабу абутку і зброі.
З літаратурай, рэкамендаванай для больш глыбокага вывучэння тэмы, можна азнаёміцца ў аддзеле краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі бібліятэкі. Матэрыялы лекцый размяшчаюцца на старонцы «ВКонтакте»: https://vk.com/histvitebsk.