
Сустрэча з лаўрэатамі літаратурнай прэміі імя Петруся Броўкі
- Details
- Створана 05.10.2016 11:56
4 кастрычніка ў бібліятэцы адбылася сустрэча з лаўрэатамі прэміі Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта «Літаратурная прэмія імя Петруся Броўкі».
«Літаратурная прэмія імя Петруся Броўкі» была заснавана ў 2012 годзе Віцебскім абласным выканаўчым камітэтам і прымеркавана да Года кнігі. Прэмія прысуджаецца за высокі мастацкі ўзровень літаратурнага твора, які абагачае духоўнае жыццё і культуру грамадства, і ўручаецца кожны год.
На сустрэчу з чытачамі прыйшлі лаўрэат «Літаратурнай прэміі імя Петруся Броўкі» за 2012 год, ганаровы член Саюза пісьменнікаў Беларусі, старшыня Віцебскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, член Саюза расійскіх пісьменнікаў, паэтэса, празаік, публіцыст Тамара Краснова-Гусачэнка, лаўрэат «Літаратурнай прэміі імя Петруся Броўкі» за 2014 год, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, паэт Мікалай Намеснікаў, лаўрэат «Літаратурнай прэміі імя Петруся Броўкі» за 2015 год, член Саюза журналістаў СССР і БССР, ганаровы член Саюза пісьменнікаў Беларусі, паэтэса, празаік Маіна Бабарыка.
Тамара Краснова-Гусачэнка расказала пра поспехі і творчыя здабыткі пісьменнікаў з абласнога аб'яднання Саюза пісьменнікаў Беларусі. З вялікай цікавасцю слухалі ўсе прысутныя паэтычныя творы пісьменнікаў-лаўрэатаў у выкананні аўтараў. Прагучалі як творы, ужо апублікаваныя ў зборніках, так і зусім новыя.
Увазе ўдзельнікаў сустрэчы былі прадстаўлены электронная прэзентацыя і кніжная выстава пра лаўрэатаў прэміі, падрыхтаваныя супрацоўнікамі аддзела краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі.