
Калі ласка ў свет кніг!
- Details
- Створана 20.09.2016 11:42
15 верасня ў бібліятэцы прайшлі святочныя мерапрыествы, прысвечаныя Дню бібліятэк Беларусі. На ўрачыстым адкрыцці Дня бібліятэк чытачоў і калег павіншавалі дырэктар бібліятэкі Таццяна Адамян і галоўны спецыяліст галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама Дзяніс Юрчак.
У фае бібліятэкі адбылася традыцыйная выстава-панарама новых паступленняў кніг у фонд аддзела абанемента і МБА «Калі ласка ў свет кнігі!», на працыгу дня гучалі класічныя мелодыі ў выкананні народнага ансамбля «Кантраст» Дзіцячай школы мастацтваў № 4, ансамбля скрыпачоў і саліста Яўгена Байдака (саксафон) Дзіцячай школы мастацтваў імя А. Багатырова. На пляцоўцы каля цэнтральнага ўвахода ў бібліятэку прайшлі прэзентацыі перыядычных выданняў з фонду бібліятэкі і выданняў з фонду сектара замежнай літаратуры. Усе жадаючыя мелі магчымасць наведаць кніжна-ілюстратыўныя выставы, прыняць удзел у бібліятэчных акцыях і віктарыне «Віцебск і кіно».
Лейтматывам свята прагучала тэма «Ад кнігі – да фільма». У бібліятэцы адбылося адкрыццё фотавыставы «Белорусские актеры в российском кино, российские актеры в белорусском кино» з удзелам калег са Смаленскага дзяржаўнага ўніверсітэта і прэзентацыя бібліятэчнай выставы «Кніга ажывае ў кадры» з артэфактамі, прадастаўленымі УП «Кінавідэапракат» Віцебскага аблвыканкама. У аддзеле літаратуры па мастацтве прайшла творчая сустрэча з галоўным рэдактарам часопіса «На экранах» Людмілай Перагудавай і пісьменнікам, кінадраматургам Юліяй Ляшко (г. Мінск), адбылася сустрэча «Ад святла рампы да святла экрана» з акцёрамі Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Я. Коласа, якія выканалі ролі ў кіно – Галінай Букацінай і Тамарай Скварцовай. Для школьнікаў супрацоўнікі аддзела дзіцячай літаратуры правялі тэатралізаваны літаратурны ўрок «З кніжных старонак на экран: Вялікі і магутныХатабыч» і мультпадарожжа «Па старонках любімых кніг».
У гэты дзень у бібліятэцы адбылося адкрыццё выставы дзіцячага малюнка «Кніга дорыць мару» навучэнцаў студыі выяўленчай творчасці «Сузор'е» Віцебскага гарадскога цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, прайшла прэзентацыя бібліятэчнага праекта «Разам!» (для чытачоў з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі). У Нямецкай чытальнай зале прайшлі мерапрыемствы для школьнікаў, якія вывучаюць нямецкую мову, супрацоўнікамі былі праведзены экскурсіі па бібліятэцы на нямецкай мове, прайшла прэзентацыя інтэрактыўнай выставы «Экамысленне: вучымся ў прыроды», арганізаванай сумесна з Інстытутам імя Гётэ ў Мінску, адбылося адкрыццё выставы калажаў мастака Алега Крошкіна ў рамках праекта «Новае жыццё старых кніг».
У аддзеле краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі прайшла прэзентацыя кнігі магістранта кафедры гісторыі Беларусі ВДУ імя П. М. Машэрава Аляксандра Бараноўскага «Яны нарадзіліся на Сенненшчыне» і прэзентацыя зборніка «Віцебскі край», выдадзенага па выніках Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі, прысвечанай 170-годдзю з дня нараджэння М. Я. Нікіфароўскага.
У аддзеле «Публічны цэнтр прававой інфармацыі» быў праведзены Дзень першакурсніка для студэнтаў 1 курса юрыдычнага факультэта ВДУ імя П. М. Машэрава, на якім выступіў намеснік пракурора Віцебскага раёна Павел Дамашэўскі.
Для навучэнцаў і студэнтаў устаноў адукацыі г. Віцебска былі праведзены экскурсіі па бібліятэцы. Больш за 500 экскурсантаў пазнаёміліся з гісторыяй Віцебскай абласной бібліятэкі, яе структурнымі падраздзяленнямі, інфармацыйнымі рэсурсамі і паслугамі.