
Цыкл «Краязнаўчыя сустрэчы». Краязнаўцы Віцебшчыны: Валерый Шышанаў
- Details
- Створана 19.09.2016 07:42
22 верасня ў бібліятэцы ў рамках цыкла «Краязнаўчыя сустрэчы» адбылася сустрэча з краязнаўцам, гісторыкам, намеснікам дырэктара па навуковай рабоце Віцебскага абласнога краязнаўчага музея Валерыем Шышанавым. Кола навуковых інтарэсаў Валерыя Шышанава дастаткова шырокае: ён удзельнік шматлікіх навуковых канферэнцый, аўтар манаграфій, даследчык гісторыі Віцебска.
Валерый Аляксеевіч падрыхтаваў для ўдзельнікаў сустрэчы змястоўную электронную прэзентацыю пра сваю даследчую работу, пачынаючы з часу працы ў музеі-сядзібе І. Рэпіна «Здраўнёва» і да апошніх цікавых знаходак. Рэдкія здымкі Віцебска XIX стагоддзя, фотаздымкі разбуранага вайной горада, кадры аэрафотаздымкі прыцягнулі ўвагу ўсіх прысутных. Цікавы аповед Валерыя Шышанава пра гісторыю нашага горада нікога не пакінуў абыякавым.
Не так даўно Валерый Аляксеевіч адзначыў 50-гадовы юбілей. Павіншаваць нястомнага даследчыка гісторыі Віцебшчыны прыйшлі супрацоўнікі музеяў, архіва, краязнаўцы, гісторыкі, аматары гісторыі. Вялікі ўклад Валерыя Шышанава ў раскрыццё таямнічых старонак мінулага Віцебска адзначыў галоўны спецыяліст галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама, кандыдат гістарычных навук Дзяніс Юрчак. Намеснік дырэктара Віцебскай абласной бібліятэкі Вольга Камендантава расказала, што Валерый Шышанаў з'яўляецца чытачом Віцебскай абласной бібліятэкі на працягу 35 гадоў і пажадала даследчыку новых знаходак і рэалізацыі задуманага.
Словы віншаванняў і пажаданні далейшай цікавай і плённай працы гучалі ў выступленнях загадчыка музея-сядзібы І. Рэпіна «Здраўнёва» Аляксея Сухарукава, кандыдыта мастацтвазнаўства, дацэнта ВДУ імя П. М. Машэрава Аляксандра Лісава, загадчыка Віцебскага мастацкага музея Вольгі Акуневіч, галоўнага захавальніка фондаў Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці Канстанціна Карпекіна, галоўнага рэдактара часопіса «Мишпоха» Аркадзя Шульмана, мастацтвазнаўцы, кіраўніка шматлікіх арт-праектаў Валянціны Кірылавай, прадстаўнікоў грамадскага аб'яднання «Залаты ўзрост».
Супрацоўнікі аддзела краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі падрыхтавалі да мерапрыемства кніжную выставу з навуковымі працамі і манаграфіямі Валерыя Шышанава.