
II Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Віцебскі край»
- Details
- Створана 30.11.2016 05:47
24 лістапада ў бібліятэцы адбылася II Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Віцебскі край», прысвечаная 385-годдзю выхаду ў свет «Буквара» Спірыдона Собаля.
Арганізатарамі канферэнцыі выступілі Віцебская абласная бібліятэка, Віцебскі абласны краязнаўчы музей і Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт.
З прывітальным словам да ўдзельнікаў канферэнцыі звярнуліся галоўны спецыяліст галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, кандыдат гістарычных навук Дзяніс Юрчак, дырэктар Віцебскай абласной бібліятэкі Таццяна Адамян, загадчык кафедры гісторыі Беларусі Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава, кандыдат гістарычных навук Анатоль Дулаў, намеснік дырэктара Віцебскага абласнога краязнаўчага музея па навуковай рабоце Валерый Шышанаў, першы прарэктар Віцебскай духоўнай семінарыі протаіерэй Канстанцін Ізафатаў.
Для ўдзелу ў канферэнцыі было пададзена больш за 60 заявак ад краязнаўцаў, гісторыкаў, супрацоўнікаў музеяў, бібліятэк, вышэйшых навучальных устаноў з Беларусі, Расіі, Латвіі. Сярод беларускіх удзельнікаў канферэнцыі былі прадстаўнікі Мінска, Віцебска, Брэста, Гомеля, Магілёва, Полацка, раённых цэнтраў Віцебскай і Брэсцкай абласцей. Каля 50 выступоўцаў прынялі ўдзел у рабоце наступных секцый: «Гістарычнае краязнаўства», «Літаратурнае краязнаўства і мастацкая культура», «Культурна-асветныя ўстановы ў сістэме сучаснага краязнаўства», «Рэлігійнае жыццё: гісторыя і сучаснасць». Шырокая тэматыка дакладаў, прадстаўленых на секцыях, закранала разнастайныя пытанні гісторыі Беларусі, літаратуразнаўства, краязнаўства, гісторыі архітэктуры, гісторыі кнігадрукавання.
Галоўнай тэмай канферэнцыі стала 385-годдзе выдання «Буквара» Спірыдона Собаля, які з'яўляецца першым букваром на тэрыторыі Беларусі (поўная назва – «Букварь сиречь, начало учения детям, начинающим чтению извыкати»). Увазе ўдзельнікаў канферэнцыі была прадстаўлена факсімільная копія «Буквара», выдадзеная выдавецтвам Беларускага Экзархату. З дакладам «Кутеинская Лавра – духовно-просветительский центр в XVII веке» выступіла бібліятэкар бібліятэкі Свята-Богаяўленскага Куцеінскага мужчынскага манастыра Галіна Юркевіч.
На выставе «А напачатку было Слова...» былі прадстаўлены кнігі па гісторыі кнігадрукавання, гісторыі бібліятэк Беларусі, разнастайныя буквары з фонду Віцебскай абласной бібліятэкі.
Па матэрыялах канферэнцыі будзе выдадзены зборнік.
Арганізатары канферэнцыі выказваюць падзяку за дапамогу пры падрыхтоўцы і правядзенні канферэнцыі
ААТ «Віцебскхлебпрам», СТАА «Віцебскі завод безалкагольных напояў»», санаторыю «Лётцы», УО УА «Віцебскі дзяржаўны політэхнічны прафесійны ліцэй».