Абласны семінар «Публічныя бібліятэкі Віцебскай вобласці: рэгіянальныя асаблівасці і прыярытэты развіцця»
- Details
- Створана 07.04.2016 06:59
З 30 сакавіка па 1 красавіка ў бібліятэцы адбыўся трохдзённы абласны семінар дырэктараў раённых і гарадскіх сетак публічных бібліятэк «Публічныя бібліятэкі Віцебскай вобласці: рэгіянальныя асаблівасці і прыярытэты развіцця».
У рабоце семінара прынялі ўдзел кіраўнікі і спецыялісты галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама, Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, Віцебскага рэгіянальнага цэнтра прававой інфармацыі.
З прывітальным словам да ўдзельнікаў семінара звярнуліся галоўны спецыяліст галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама Д. В. Юрчак, дырэктар Віцебскай абласной бібліятэкі імя У. І. Леніна Т. М. Адамян, загадчык навукова-даследчым аддзелам бібліятэказнаўства Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі М. Г. Пшыбытка.
Падчас семінара разглядаліся актуальныя пытанні дзейнасці публічных бібліятэк у прававой прасторы, бібліятэчнай статыстыкі ў электронным асяроддзі. Асноўнай тэмай круглага стала з'явілася вызначэнне асноўных вектараў развіцця бібліятэк Віцебскай вобласці ў Год культуры, а таксама прыцягненне ўвагі кіраўнікоў да арганізацыі работы па ахове працы ў дзяржаўных установах культуры.
У рамках семінара адбылося ўзнагароджанне пераможцаў абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу «Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры» і актыўных удзельнікаў міжнароднага праекта Пскоўскай абласной бібліятэкі «Падтрымай Чэхава!» па стварэнні сеткавага цытатніка, у якім класік рускай літаратуры выступае ў абарону прыроды, жыцця, навакольнага асяроддзя.
Супрацоўнікамі абласной бібліятэкі арганізавана выстава работ бібліятэк-удзельніц абласнога тура рэспубліканскага конкурсу «Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры», а таксама выстава прафесійнай літаратуры «Сучасная бібліятэка: арыенціры на эфектыўнасць».
31 сакавіка ў рамках Года культуры, напярэдадні Дня яднання народаў Беларусі і Расіі, пры падтрымцы Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў культуры адбыўся прафесійны візіт дырэктараў сетак публічных бібліятэк і ўдзельнікаў семінара ў Смаленскую абласную ўніверсальную бібліятэку імя А. Т. Твардоўскага. Гасцей віталі дырэктар Смаленскай абласной універсальнай бібліятэкі імя А. Т. Твардоўскага В. Я. Мальцава, начальнік аддзела музеяў, бібліятэк і інфармацыйных тэхналогій Дэпартамента Смаленскай вобласці па культуры і турызме І. Шкурлоў, кіраўнік аддзялення Амбасады Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі ў г. Смаленску Ч. К. Шульга. Кіраўнікі бібліятэк прынялі ўдзел у круглым стале «Бібліятэкі прыгранічных тэрыторый: супрацоўніцтва ў інтарэсах інавацыйнага развіцця», а таксама ў падпісанні Пагаднення аб супрацоўніцтве паміж бібліятэкамі рэгіёнаў.
Падчас візіту адбыўся абмен выдавецкай прадукцыяй бібліятэк. Фонды Віцебскай абласной бібліятэкі папоўніліся ўнікальным 45-томным выданнем «Смаленская зямля ў помніках рускай літаратуры», выдадзеным пры падтрымцы дабрачыннага фонду «Сістэма» да святкавання 1150-годдзя Смаленска. У выданне ўвайшлі творы самых значных смаленскіх паэтаў і празаікаў, славянскія тэксты XI стагоддзя, працы сённяшніх дзён. У выданне ўключаны Аўраамкін летапіс, «Гісторыя горада Смаленска» Нічыпара Мурзакевіча, творы А. Шахаўскога, Ф. Дзмітрыева-Мамонова, М. Глінкі. Бібліятэкі Смаленшчыны атрымалі ў падарунак аўтарытэтнае выданне «Кніжная спадчына Беларусі», ілюстраваныя альбомы, прысвечаныя Міжнароднаму фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску», прадастаўленыя ДУ «Цэнтр культуры "Віцебск"», бібліяграфічную прадукцыю Віцебскай абласной бібліятэкі.
Дэлегацыя наведала муніцыпальныя бібліятэкі г. Смаленска, бібліятэку Смаленскага дзяржаўнага ўніверсітэта.
СПАСЫЛКІ
Князева Е. Смоленская и Витебская областные библиотеки налаживают обмен фондами