
Рэспубліканская адкрытая навукова-практычная канферэнцыя «Книжное наследие А. П. Сапунова»
- Details
- Створана 27.12.2013 14:11
23 снежня 2013 года ў ДУ «Віцебская абласная бібліятэка імя У. І. Леніна» адбылася рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя «Книжное наследие А. П. Сапунова», прымеркаваная да юбілеяў выхаду ў свет выданняў краязнаўца «Витебская старина» (т. 1, 1883) і «Река Западная Двина» (1893).
Арганізатарамі канферэнцыі з'яўляюцца ДУ «Віцебская абласная бібліятэка імя У. І. Леніна», УА «ВДУ імя П. М. Машэрава», УК «Віцебскі абласны краязнаўчы музей», Дзяржаўная ўстанова юстыцыі Віцебскага аблвыканкама, Установа «Дзяржаўны архіў Віцебскай вобласці». У канферэнцыі прынялі ўдзел больш за 70 прадстаўнікоў з Беларусі, Расіі, Украіны і Польшчы. Сярод іх прафесары, кандыдаты навук, дацэнты, магістры, навуковыя супрацоўнікі, музейныя, архіўныя і бібліятэчныя работнікі, выкладчыкі вышэйшых навучальных устаноў, аспіранты і студэнты.
Адкрыў канферэнцыю дырэктар ДУ «Віцебская абласная бібліятэка імя У. І. Леніна» Аляксандр Іосіфавіч Сёмкін, які адзначыў, што рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя праходзіць у абласной бібліятэцы ўпершыню.
З прывітальным словам перад удзельнікамі канферэнцыі выступіў дырэктар УК «Віцебскі абласны краязнаўчы музей» Глеб Уладзіміравіч Савіцкі.
На пленарным пасяджэнні былі заслуханы даклады краязнаўца, старшыні Віцебскага краязнаўчага фонду імя А. П. Сапунова Аркадзя Міхайлавіча Падліпскага, архівіста навуковага выкарыстання і публікацыі дакументаў установы «Дзяржаўны архіў Віцебскай вобласці» Вольгі Сяргееўны Белавусавай, намесніка дырэктара па навуцы УК «Віцебскі абласны краязнаўчы музей» Валерыя Аляксеевіча Шышанава, загадчыка аддзела краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі ДУ «Віцебская абласная бібліятэка імя У. І. Леніна» Анжалікі Віктараўны Ганчаровай. Гэтыя даклады асвятлялі розныя бакі біяграфіі Аляксея Парфёнавіча Сапунова, яго даследчай, выдавецкай дзейнасці, біяграфій яго паслядоўнікаў і калег.
Далей пасяджэнні канферэнцыі прахадзілі па 4 секцыях: «Жыццё і даследчая дзейнасць А. П. Сапунова», «Гісторыя і культура Падзвіння (ад старажытнасці да сучаснасці), «Гісторыя краязнаўства. Бібліятэчна-бібліяграфічнае і музейнае краязнаўства. Экскурсійная справа», «Крыніцы па гісторыі Падзвіння. Царкоўнае краязнаўства». На пасяджэннях секцый было заслухана каля 30 навуковых дакладаў, кожны з якіх выклікаў вялікую цікавасць у аўдыторыі. Па некаторых дакладах узнікла зацікаўленае абмеркаванне, у выніку з'явіліся прапановы аб новых сумесных праектах.
Для ўдзельнікаў канферэнцыі была арганізавана выстава «Книжное наследие А. П. Сапунова», на якой у раздзелах «Труды А. П. Сапунова», «Жизнь и деятельность», «Памяти краеведа» былі прадстаўлены ўнікальныя дакументы з фондаў ДУ «Віцебская абласная бібліятэка імя У. І. Леніна», установы «Дзяржаўны архіў Віцебскай вобласці», УК «Віцебскі абласны краязнаўчы музей».
Рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя «Книжное наследие А. П. Сапунова» прайшла плённа і была высока ацэнена яе ўдзельнікамі. Правядзенне канферэнцыі дазволіла ўдакладніць некаторыя факты з жыцця і дзейнасці А. П. Сапунова, выявіць забытыя імёны ў гісторыі Віцебска і Падзвіння, абмяняцца вопытам. У 2014 годзе плануецца выданне зборніка матэрыялаў канферэнцыі.