галоўная  >  прыдзвінскі край  >  докшыцкі раён  >  помнікі гісторыі і культуры > помнікі архітэктуры > Культавая архітэктура >

 

 

СПАСА-ПРААБРАЖЭНСКАЯ ЦАРКВА Ў В. ПОРПЛІШЧА – найбольш вядомы і старажытны помнік драўлянага дойлідства. Паводле Актаў Віленскай Археаграфічнай камісіі вядома, што уніяцкая «руская» царква ў гэтым месцы існавала ўжо ў 1627 г. Фундатарамі яе былі Францішак і Ганна Зебржыдоўскія. Праз год пры царкве было заснавана брацтва «медовое с правом на украшение церкви 2 раза в год сытить мёд и варить пиво к Рождеству Христову и к Пасхе в продолжение двух недель».

Вядома, што першая царква ў в. Порплішча была пабудавана на драўляных цвіках, каб пазбегнуць пажару ад навальніцы. У 1794 г. на яе месцы ўзведзена новая драўляная царква, якая захоўвала традыцыі беларускага драўлянага дойлідства папярэдняга часу, аднак набыла рысы стылю класіцызму. Значны па памерах велічны манументальны храм мае аб'ёмна-прасторавую кампазіцыю з планам ад падмуркаў у выглядзе роўнаканцовага крыжа. Усе зрубы роўнай вышыні, прамавугольныя ў плане (за выключэннем 5-граннага алтарнага) і накрыты ўзаемна перпендыкулярнымі двухсхільнымі дахамі з 3-вугольнымі франтонамі на тарцах. Часткі даху нават навісаюць трохкутнікамі над скошанымі гранямі алтарнага зруба. Падкрэсленая маналітнасць пакрыцця характэрна для беларускіх як драўляных, так і мураваных храмаў 17—18 ст., у адрозненне ад рускіх, дзе зрубы былі звычайна рознай вышыні і мелі асобныя дахі. Сяродкрыжжа ўвенчана светлавым 8-гранным барабанам, завершаным вялікім самкнёным купалам з галоўкай.

У інтэр'еры дамінуе падкупальная прастора, асветленая з дапамогай светлавога барабана на падпружных арках і ветразях. Ад старой царквы ацалелі фрагменты разьбянога іканастаса 17 ст., выкарыстаныя ў аздобе сучаснага іканастаса і ківотаў. Нізкарэльефная разьба мае пераважна раслінныя матывы: кветкі, плады і парасткі, што абвіваюць выявы анёлаў. Іканастас утрымлівае каштоўныя абразы 18—19 ст. Над уваходам у малітоўную залу размешчаны музычныя хоры на дзвюх калонках. Абапал алтара прыбудаваны 2 невысокія рызніцы. У раўнавазе аб'ёмаў, вялікай ролі купала як звонку, так і ў інтэр'еры, прамавугольнай форме вялікіх аконных праёмаў, гарызантальнай ашалёўцы сцен (для перыяду барока была характэрна вертыкальная ашалёўка) відавочны рысы класіцызму. Пасля перадачы царквы праваслаўным у 1980-я гг. яна была капітальна перабудавана і асвечана нанава. 3 захаду прыбудаваны прамавугольны ў плане бабінец са званіцай над ім, якая складаецца з двух чацверыкоў і накрыта чатырохсхільным шатром.

 

Літаратура

1. Спаса-Праабражэнская царква // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Докшыцкага раёна / рэдкал.: Г.П. Пашкоў [і інш.] ; маст. Э.Э. Жакевіч. – Мн., 2004. – С. 667–668.

2. Спасо-Преображенская церковь // Докшицам 600 : справочно-информационные материалы / Отдел идеологической работы Докшицкого райисполкома ; фото С.А. Васько, Ю.А. Шульгат. –  Новополоцк,  2007. – С. 17.

3. Церковь Преображения Господня в д. Порплище // Духовные святыни Витебщины = Geistliche heiligtuemer des Gebiest Witebsk / текст Н.И. Степаненко, В.Г. Синковец. – Витебск,  2007. – С. 25.

 

 

 

© ГУ "Витебская областная библиотека им. В. И. Ленина", 2006 - 2009