галоўная  >  прыдзвінскі край  > талачынскі раён >  вядомыя ўраджэнцы краю  > ПІСЬМЕННІКІ, ПАЭТЫ, ЛІТАРАТАРЫ >

 

Вярба Вера (Сакалова Гертруда Пятроўна) нарадзілася 14.01.1942 года ў в. Высокі Гарадзец Талачынскага раёна ў сям'і служачых. Бацька, Маркаў Пётр Андрэевіч, загінуў у 1941 пад Смаленскам. Маці, Казлоўская Надзея Васілеўна, працавала інжынерам у Мінску. У 1958 В. Вярба скончыла мінскую сярэднюю школу і паступіла на філалагічны факультэт БДУ. Пасля яго заканчэння (1964) была пазаштатным карэспандэнтам часопіса «Маладосць» (1964—69), старшым інспектарам аддзела прапаганды літаратуры Упраўлення кніжнага гандлю Дзяржкамітэта Савета Міністраў БССР па друку (1969—71). 3 1972 — літсупрацоўнік, потым загадчык аддзела пісем і інфармацыі рэдакцыі газеты «Літаратура і мастацтва», з 1977 няштатны карэспандэнт часопіса «Работніца і сялянка», з 1980 - у часопісе «Беларусь». Абіралася членам бюро секцыі паэзіі Саюза пісьменнікаў БССР.

Першыя вершы В. Вярбы надрукаваны ў 1958 у рэспубліканскіх часопісах. Першая ж кніга «Вочы вясны» выклікала добрыя ўражанні, звярнула на маладую паэтэсу ўвагу крытыкі. Адзначалася, што некаторыя вершы з гэтай кнігі сталі плённым набыткам беларускай паэзіі. Творы В. Вярбы друкаваліся ў часопісах «Полымя», «Маладосць», «Беларусь», у газеце «Літаратура і мастацтва» і інш. Яна аўтар шматлікіх кніг паэзіі. Паэзія В. Вярбы — лірычная споведзь пра час  і  сваё пакаленне.  Асноўныя  матывы – услаўленне маладосці, кахання, мацярынства, роздум над гісторыяй роднага краю і праблемамі сучаснасці. Творы паэтэсы вызначаюцца летуценнасцю, рамантычнай прыўзнятасцю і разам з тым часам у іх адчуваецца разгубленасць перад бытавымі няўвязкамі, разуменне складанасці жаночага лёсу, нялёгкасці жыццёвых выпрабаванняў. Яна па-свойму пераасэнсоўвае вобразы і матывы вуснай народнай творчасці.

Верш «Ручнікі», пакладзены на музыку М. Пятрэнкам, стаў папулярнай песняй (акрамя таго, песні на вершы паэтэсы напісалі I. Барсукоў, Л. Свердзель).

Ліра-эпічная паэма «Каліна» прысвечана гераічнаму подзвігу В. Харужай і яе паплечнікаў.

Да запаветных сцяжынак юнацтва і вобразаў роднага краю вяртаецца В. Вярба ў «паэме даўняга кахання» (так названа яна) «Сіняя бухта».

У аснове паэмы «Падаліст» роздум над гісторыяй сталіцы Беларусі, над гераічным лёсам свайго народа, над пераемнасцю пакаленняў.

Яе творы перакладаліся на рускую і іншыя мовы, і сама яна пераклала на беларускую мову «Дзікі сабака Дзінга, альбо Аповесць пра першае каханне» Р. Фраермана.

Выйшлі зборнікі паэзіі: ”Вочы вясны”, “Белыя пісьмы”, ”Высакосны год”, ”Сіняя бухта”, ”Альфа”, "Яраслаўна", "Мая маленькая планета", "Апошні верасень".

 Жыве ў Мінску.

 

Літаратура

1. Анталогія беларускай паэзіі : Вера Вярба // Народнае слова. – 2001. – 15 мая.

2. Баравікова, Р. З пяшчотаю, любоўю, цеплынёю… / Р. Баравікова // Роднае слова. – 1992. – № 1. – С. 63.

3. Барадулін, Р. Як сама паэзія / Р. Барадулін // Беларусь. – 1993. - № 3. – С. 36.

4. Вярба Вера // Беларускія пісьменнікі : біябібліяграфічны слоўнік : у 6 т. / пад. рэд. А.В. Мальдзіса. – Мн., 1993. – Т. 2. – С. 68–72.

5. “Дажджлівых раніц пазалота…” : Вера Вярба // Бельскі, А.І. Беларуская літаратура XX стагоддзя : гісторыя і сучаснасць / А.І. Бельскі. – Мн., 2005. – С. 136–143.

6. Собаль, В. Прага шчасця / В. Собаль // Віцебскі рабочы. – 1997. – 14 студз.

7. Шпакоўскі, І. Узрушанасць / І. Шпакоўскі. – Мн., 1978. – С. 162–166.

8. Шымук, В. Здзіўляць, шукаць і гарэць... / В. Шымук // Работніца і сялянка. – 1978. - №2. – С. 10–12. 

ПІСЬМЕННІКІ, ПАЭТЫ, ЛІТАРАТАРЫ

© ГУ "Витебская областная библиотека им. В. И. Ленина", 2006 - 2008