галоўная  >  прыдзвінскі край  > талачынскі раён >  вядомыя ўраджэнцы краю  > ПІСЬМЕННІКІ, ПАЭТЫ, ЛІТАРАТАРЫ >

 

Рылько Алесь  нарадзіўся 27.03.1923 г. у в. Рыдамля Талачынскага раёна.

У 1939 скончыў 9 класаў школы ў роднай вёсцы, у 1939 — педагагічныя курсы ў Оршы. Працаваў загадчыкам Лявонаўскай пачатковай школы на Аршаншчыне, адначасова завочна вучыўся ў настаўніцкім інстытуце (1939—41). У першы год Вялікай Айчыннай вайны (ліпень 1941 — жнівень 1942) А. Рылько жыў у бацькоў, працаваў на сельскай гаспадарцы. У 1942—44 разведчык у партызанскім атрадзе «Перамога» брыгады К. Заслонава, потым мінёр спецгрупы «Непераможныя». Быў паранены. Узнагароджаны медалямі. Пасля вызвалення Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў працаваў адказным сакратаром Баранавіцкага аблспорттаварыства «Дынама», настаўнічаў на Пастаўшчыне (1944—46). У 1946 паступіў вучыцца на аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта БДУ, якое скончыў у 1951. Працаваў работнікам у газеце «Савецкі селянін» (1947—48), загадчыкам аддзела ў часопісе «Вожык», літаратурным кансультантам у праўленні СП Беларусі (1952—67).

Друкавацца пачаў з 1946. Першае апавяданне «Сама зразумела» змешчана ў часопісе «Вожык».

У 1952 выйшаў першы зборнік «Мае сустрэчы».

Галоўнае ў творчасці А. Рылько — лірычны роздум пра жыццё  і працу, любоў да сціплых людзей і працаўнікоў, іх барацьба з захопнікамі, выяўленне рамантыкі будняў беларускай вёскі, паказ пошукаў чалавекам свайго месца ў жыцці.

 А. Рылько аўтар зборніка апавяданняў і аднаактовых камедый «Цвіце чаромха», гумарыстычных апавяданняў «Стуканок у аблавушцы», апавяданняў і нарысаў «Ты прыгожая, Арынка»,  аднаактовай п’есы «Гром з яснага неба», аднаактовых камедый і сцэнак «Колькі вяровачку ні віць», аповесці для дзяцей «Мядовыя краскі».

Для творчасці А. Рылько характэрны   ярка  выяўленыя  гумарыстычна-сатырычныя элементы,    каларытная,  па-народнаму дасціпная мова, увага да трапнай дэталі, дынамічны, экспрэсіўны стыль.

Празаік, драматург, публіцыст. Член СП Беларусі з 1952 г.

Творы яго перакладаліся на мову народаў СССР,  балгарскую,  польскую, чэшскую.

Трагічная смерць А. Рылько ад няшчаснага выпадку (16.04.1967) перапыніла працу над раманам «Срэбныя росы».

Пісаў пад псеўданімамі Аляксей Добры, А. Дрыль, Ал. Дрыль, Алесь Дрыль, Л. Дрыль, Алесь Кандыба, Кандыдат навук бытавога абслугоўвання, В. Крыжэня, Прымус Чапяльніцкі,   Алесь Рыль,  Л. Халіцкі, А. Яленец, Ал. Яленец, Л. Яленец, Ал. Ялень.

 

Літаратура

1. Рылько Алесь // Беларускія пісьменнікі : біябібліяграфічны слоўнік : у 6 т. / пад. рэд. А.В. Мальдзіса. – Мн., 1993. – Т. 5. – С. 186–188.

2. Шчодрасць : ( Да 60-годдзя з дня нараджэння Алеся Рылько) // Віцебскі рабочы. – 1983. – 29 сак.

3. Яроменка, М. Яго думка і сэрца не ведалі спакою / М. Яроменка // Сцяг Ільіча (Талачын). – 2001. – 6 студз.

ПІСЬМЕННІКІ, ПАЭТЫ, ЛІТАРАТАРЫ

© ГУ "Витебская областная библиотека им. В. И. Ленина", 2006 - 2008