галоўная  >  прыдзвінскі край  > талачынскі раён >  вядомыя ўраджэнцы краю  > ПІСЬМЕННІКІ, ПАЭТЫ, ЛІТАРАТАРЫ >

 

Петрашкевіч Аляксандр Лявонцьевіч нарадзіўся 01.05.1930 г. у в. Пярэвалачня Талачынскага раёна ў сялянскай сям'і. Маці, Мар'я Іванаўна Макарэнка, была вядомай на Талачыншчыне льнаводкай, бацька, Лявонцій Іванавіч,— патомным дойлідам (загінуў у 1941). Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны А. Петрашкевіч скончыў 3 класы пачатковай школы. У 1948 г. скончыў Забалоцкую сямігадовую, у 1951 — Коханаўскую сярэднюю школу. У 1955 скончыў БДУ, атрымаў дыплом юрыста. 3 1954 працаваў у ЦК ЛКСМБ інструктарам, загадчыкам лектарскай групы, намеснікам загадчыка аддзела. 3 1961 у ЦК КПБ: інструктар, загадчык сектара (1963—67), загадчык аддзела культуры (1976—79). Рэктар Мінскага інстытута культуры (1975—76). 3 1967 адказны сакратар, у 1973—75 і ў 1979—91 намеснік галоўнага рэдактара Беларускай Савецкай Энцыклапедыі. 3 1991 кіраўнік арганізацыйна-метадычнага цэнтра па выданні гісторыка-дакументальных Хронік Памяці пры Міністэрстве культуры і друку Рэспублікі Беларусь. Сябра Рады СП Беларусі (з 1991). Старшыня Беларускага фонду славянскага пісьменства і славянскіх культур (з 1991). Узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны», граматамі Вярхоўнага Савета БССР і Вярхоўнага Савета УССР, медалём Ф. Скарыны, іншымі медалямі.

Творчы почырк А. Петрашкевіча як публіцыста, фельетаніста і сатырыка пачаў складвацца ў 50-я гады (першыя публікацыі ў рэспубліканскім друку датуюцца 1954). Пільнае вока, добры стыль, трапнае слова вылучалі яго праблемныя публікацыі.

Першы  мастацкі  твор — сатырычнае  апавяданне «Кары егіпецкія», з якога потым нарадзілася камедыя «Адкуль грэх» (1970, пастаўлена Беларускім тэатрам імя Я. Купалы).

«Праблемы веку» (алкагалізм, бюракратызацыя апарата кіравання, разбурэнне прыроды і эрозія маральных устояў грамадства) раскрывае ў драмах «Трывога» (1974, пастаўлена Беларускім тэатрам імя Я. Коласа, іншымі тэатрамі на Беларусі і за яе межамі), «Соль» (1981, ставілася Рускім драматычным тэатрам БССР, у тэатрах Украіны), сатырычных камедыях «Злыдзень» (1974, пастаўлена Магілёўскім абласным тэатрам драмы і камедыі) і «Укралі кодэкс» (1976, ставілася ў Гомельскім абласным драматычным тэатры, у тэатрах Віцебска, Брэста, Харкава і інш.).

Распрацоўвае гістарычную тэматыку. П'еса «Напісанае застаецца» (1979, пастаўлена ў Беларускім тэатры імя Я. Купалы і ў Гродне) пра Ф. Скарыну. У ёй услаўляецца сіла слова, бескампраміснасць, вернасць сваім перакананням, любоў да роднага краю, народа, мовы.

У трагедыі «Русь Кіеўская» («Гора і слава», 1982, пастаўлена Крымскім рускім драматычным тэатрам) асвятляецца перыяд хрышчэння Русі, паказваецца трагізм і непазбежнасць рашучай ломкі старых устояў і звычаяў.

Аўтар драмы «Мост упоперак ракі» (1986), п'есы-фантасмагорыі «Куды ноч, туды сон» (1987).

Гістарычная хроніка «Змова» (напісана ў 1983, ставілася ў Крымскім тэатры) прысвечана падзеям Кастрычніка.

У гэты ж час працаваў і над п'есай «Мой друг, Вялікі Чалавек» (напісана ў 1984—85). Гэта даследаванне складаных адносін У. Леніна і М. Горкага. У 1987 на беларускім радыё па п'есе пастаўлены спектакль.

А. Петрашкевіч звяртаецца і да тэмы Вялікай Айчыннай вайны і партызанскага руху (трагедыя «Злавеснае рэха», 1984, пастаўлена Магілёўскім абласным тэатрам драмы і камедыі). Да 40-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне Беларускі тэатр юнага гледача паставіў у многім біяграфічную драму «У спадчыну — жыццё». Тэме партызанскай і падпольнай барацьбы моладзі прысвечаны пяцісерыйны тэлевізійны фільм «Нас выбраў час» (1976—78, сцэнарый А. Петрашкевіча і У. Халіпа). Аўтар сцэнарыя мастацкай кінастужкі «Нядзельная ноч» (1977), лібрэта оперы «Новая зямля» паводле паэмы Я. Коласа (пастаўлена Беларускім тэатрам оперы і балета; тая ж паэма была інсцэніравана для Беларускага радыётэатра), гістарычнай драмы пра Ф. Скарыну «Прарок для Айчыны» («Полымя. 1990. № 8; у 1992 па ёй пастаўлены тэлеспектакль у дзвюх частках).

Творам драматурга ўласцівы публіцыстычнасць, сцэнічнасць, дынамізм сюжэта, вострая інтрыга, дакладнасць моўнай характарыстыкі вобразаў, спалучэнне народнага гумару са з'едлівай сатырай.

Выступае ў друку з фельетонамі і публіцыстычнымі артыкуламі. Піша пад псеўданімамі Алесь Аляксееў, Алесь Тутэйшы, родители Алексеевы, Алесь Шпак.

Драматург, празаік, публіцыст, кінасцэнарыст. Член СП Беларусі з 1974. Член Саюза журналістаў Беларусі з 1961. Кандыдат гістарычных навук (1967). Заслужаны работнік культуры Беларусі (1975). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1976; за ўдзел у выданні Беларускай Савецкай Энцыклапедыі).

Жыве ў Мінску.

 

Літаратура

1. Алесь Петрашкевіч // Гісторыя беларускай літаратуры XX стагоддзя : у 4 т. / рэдкал. У.В. Гніламёдаў [і інш.]. – Мн., 2002. – Т. 4. Кн. 2. – С. 336351.

2. Васючэнка, П. Сучасная беларуская драматургія : дапаможнік для настаўнікаў / П. Васючэнка. – Мн., 2000. – 157 с.

3. Зроблена ў Талачыне // Краязнаўчая газета. – 2003. – № 9 (жнівень).

4. Падаляк, Т. Ці можна пагадзіцца з Шэкспірам? / Т. Падаляк // Звязда. – 2000. – 29 крас.

5. Петрашкевіч Алесь // Беларускія пісьменнікі : біябібліяграфічны слоўнік : у 6 т. / пад. рэд. А.В. Мальдзіса. – Мн., 1993. – Т. 5. – С. 13–17.

6. Савік, Л. Лёс бацькаўшчыны ў драмах Алеся Петрашкевіча / Л. Савік // Роднае слова. – 2005. - № 4. – С. 811.

7. Салтук, А. Напісанае застаецца / А. Салтук // Віцебскі рабочы. – 2005. – 30 крас.

8. Цішчанка, І. Сумленне не дазваляе маўчаць / І. Цішчанка // Маладосць. – 2000. - № 10. – С. 240251.

9. Шнейдер, А. Драматург, прозаик, историк / А. Шнейдер // Наша Талачыншчына. – 2005. – 7 мая.

ПІСЬМЕННІКІ, ПАЭТЫ, ЛІТАРАТАРЫ

© ГУ "Витебская областная библиотека им. В. И. Ленина", 2006 - 2008