галоўная  >  прыдзвінскі край  > талачынскі раён >  вядомыя ўраджэнцы краю  > ПІСЬМЕННІКІ, ПАЭТЫ, ЛІТАРАТАРЫ >

 

Пашкевіч Нічыпар Еўдакімавіч нарадзіўся 12.12.1924 г. у в. Філістава Талачынскага раёна ў сялянскай сям'і.

Бацька, Еўдакім Іванавіч, быў сельскім актывістам, у 1934 загінуў ад рук бандытаў. Маці, Марыя Барысаўна, працавала ў калгасе, памерла ў 1945. Пасля заканчэння сямігодкі Н. Пашкевіч паступіў у Мінскае педвучылішча (1939). Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, ён вярнуўся да маці ў в. Малыя Міхінічы Талачынскага р-на. Стаў байцом партызанскага атрада брыгады «Граза», якая дзейнічала на Віцебшчыне, потым памочнікам камісара атрада па камсамоле, камісарам атрада імя Катоўскага (1942—44). Удзельнічаў у выпуску талачынскай падпольнай газеты «Чырвоны хлебароб» як член рэдкалегіі (сакавік 1943 — чэрвень 1944). Пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў прызначаны рэдактарам талачынскай раённай газеты «Чырвоны хлебароб» (1944—45). Працаваў загадчыкам аддзела газеты «Віцебскі рабочы» (1945—46, 1948—51). Скончыў Рэспубліканскую партыйную школу пры ЦК КПБ (1946—48), завочна — гістарычны факультэт Віцебскага педінстытута (1951). Быў загадчыкам аддзела, адказным сакратаром газеты «Звязда» (1951—56). Скончыў Акадэмію грамадскіх навук пры ЦК КПСС (кафедра тэорыі літаратуры і мастацтва, 1956—60). Працаваў рэдактарам аддзела культуры і быту «Экономической газеты» (1960—61). У студзені 1961 вярнуўся ў Мінск і прызначаны галоўным рэдактарам газеты «Літаратура і мастацтва» (1961—69).  Зноў пераехаў у  Маскву,  працаваў рэдактарам газеты «Правда» па аддзеле прэсы, крытыкі і бібліяграфіі (1969—72), першым намеснікам галоўнага рэдактара часопіса «Литературное обозрение» (1972—74). 3 1974 у Мінску. Працаваў намеснікам дырэктара Інстытута літаратуры імя Я. Купалы АН БССР (1974—76), рэктарам Мінскага інстытута культуры (1976—79), галоўным рэдактарам сцэнарна-рэдакцыйнай калегіі кінастудыі «Беларусьфільм» (1979—87). 3 1992 старшыня Праўлення Беллітфонда. У складзе дэлегацыі БССР удзельнічаў у рабоце XXX сесіі Генеральнай Асамблеі ААН (1975). Выбіраўся дэпутатам Мінскага гарсавета. Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны 2-й ступені, Чырвонай Зоркі, медалямі, Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР.

Друкавацца пачаў у 1943. Першая публікацыя (верш «Буря грянет») у раённай газеце «Чырвоны хлебароб» (1943).

Пісаў артыкулы, рэцэнзіі пра творчасць беларускіх пісьменнікаў М. Лынькова, I. Мележа, I. Шамякіна, Я. Брыля, П. Панчанкі, I. Навуменкі, А. Адамовіча, А. Зарыцкага, А. Васілевіч, А. Кулакоўскага, У. Карпава, А. Асіпенкі, А. Чарнышэвіча, В. Іпатавай.

Аўтар кнігі «На шырокіх шляхах жыцця», у якой аналізуе развіццё сучаснага беларускага рамана, адлюстраванне беларускімі празаікамі подзвігу народа ў Вялікай Айчыннай вайне.

Звяртаецца да сучасных праблем развіцця беларускай літаратуры, даследуе пытанні пісьменніцкага майстэрства.

Піша пад псеўданімамі П. Зелянькоўскі, А. Каліна, К. Кветка, А. Крушина, А. Крушына.

Крытык, літаратуразнавец. Кандыдат філалагічных навук (1970). Заслужаны работнік культуры Беларусі (1974). Член СП Беларусі з 1958. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Я. Коласа (1966, за кнігу “На шырокіх шляхах жыцця”).

Жыве ў Мінску.

 

Літаратура

1. Бураўкін, Г. Ён прыйшоў з вайны / Г. Бураўкін // ЛІМ. – 1974. – 13 снеж.

2. Вярцінскі, А. Пафас народжаны ў сэрцы / А. Вярцінскі, А. Стук // Віцебскі рабочы. – 1974. – 13 снеж.

3. Клышка, А. Плён пісьменніцкага жыццяпісу / А. Клышка // Звязда. – 1974. – 11 снеж.

4. Мехаў, У. Урокі галоўнага / У. Мехаў // ЛІМ. – 1984. – 7 снеж.

5. Пашкевіч Нічыпар // Беларускія пісьменнікі : біябібліяграфічны слоўнік : у 6 т. / пад. рэд. А.В. Мальдзіса. – Мн., 1993. – Т. 4. – С. 512–515.

ПІСЬМЕННІКІ, ПАЭТЫ, ЛІТАРАТАРЫ

© ГУ "Витебская областная библиотека им. В. И. Ленина", 2006 - 2008