галоўная  >  прыдзвінскі край  > ВІЦЕБСКІ РАЁН > вядомыя ураджэнцы краю >  пісьменнікі, паэты, літаратары > 

 

 

ГАПАВА ВАЛЯНЦІНА ІГНАТАЎНА (03.01.1923 г., в. Малая Чэрніца – 14.01.2003 г.) даследчыца беларуска-польскіх і беларуска-рускіх літаратурных сувязяў.

У 1940 г. паступіла на філфак Ленінградскага універсітэта. У якасці ваеннай медсястры прымала непасрэдны ўдзел у барацьбе супраць фашысцкай навалы, адпакутаваўшы ўсе жахі ленінградскай блакады. Пасля заканчэння універсітэта ў 1946 г. вучылася ў аспірантуры на кафедры славянскіх літаратур, а потым з 1949 г. чытала лекцыі па гісторыі польскай і іншых славянскіх літаратур.

Пераехаўшы ў 1954 г. з Ленінграда ў Мінск, уладкавалася старшым выкладчыкам у педінстытут, а ў 1959 г. перайшла на працу ў Інстытут літаратуры імя Я. Купалы АН Беларусі, дзе з 1960 г. да выхаду на пенсію (1986) з’яўлялася старшым навуковым супрацоўнікам.

Валянціна Гапава выдала шэраг кніг: “Эліза Ажэшка. Жыццё і творчасць” (1969), “Зменлівае і спрадвечнае. Вопыт тыпалагічнага даследавання беларускай і польскай “вясковай прозы” (1975), “Пімен Панчанка (Да 60-годдзя з дня нараджэння)” (1977), “Белорусско-русское поэтическое взаимодействие” (1979), “Перачытваючы “Спадчыну” Янкі Купалы” (1983).

Апрача пералічаных манаграфій даследчыца выступала з разнастайнымі публікацыямі ў калектыўных зборніках і перыядычных выданнях.

Сваімі здзяйсненнямі В. Гапава заваявала належны аўтарытэт не толькі ў беларускім навуковым асяроддзі, але і ў польскім. У 1984 г. польская літаратурная энцыклапедыя прысвяціла ёй асобны артыкул.

 

Літаратура

1. Гапава Валянціна // Беларускія пісьменнікі : біябібліяграфічны слоўнік : у 6 т. / рэдкал.: І.Э. Багдановіч [і інш.]. – Мн., 1993. - Т. 2. – С. 114–115.

2. Казбярук, У. Плен творчых пошукаў Валянціны Гапаевай / У. Казбярук // Роднае слова. – 2003. - № 1. – С. 40.

 

ПІСЬМЕННІКІ, ПАЭТЫ, ЛІТАРАТАРЫ

© ГУ "Витебская областная библиотека им. В. И. Ленина", 2006 – 2010