галоўная  >  прыдзвінскі край  > талачынскі раён >  вядомыя ўраджэнцы краю  > ПІСЬМЕННІКІ, ПАЭТЫ, ЛІТАРАТАРЫ >  

 

Батрак  Іван (Казлоўскі Іван Андрэевіч) нарадзіўся 29 лютага 1892 года ў сям’і беднага селяніна. Акрамя яго ў сям’і было яшчэ пяцёра дзяцей. Як усе сялянскія дзеці, ён з ранняга дзяцінства дапамагаў бацьку, але ўвесь час марыў вучыцца. Яго бацькі былі непісьменныя, увесь час займаліся непасільнай працай, каб пракарміць сям’ю. Яны лічылі, што жыць і працаваць трэба на зямлі, а іх сын Іван выбраў зусім іншы шлях.

З дапамогай сваякоў яму ўдалося ўладкавацца ў школу. Вучоба супала з рэвалюцыяй 1905 года, якая аказала значны ўплыў на школьнае жыццё. Ім распавядалі рэвалюцыйныя эпізоды з гісторыі, чыталі вострасацыяльныя вершы.

У 1908 годзе Казлоўскі паступіў на трэці курс Аршанскага гарадскога вучылішча, і тут паступова пачаў знаёміцца з рэвалюцыйнай работай, удзельнічаць у сходках і маёўках рабочых. Але скончыць вучылішча яму не давялося: ён быў выключаны за карыкатуру на аднаго з настаўнікаў. Казлоўскі вымушаны быў вярнуцца ў родную вёску, але самаадукацыі ён не пакінуў.

У 1911 годзе Іван пазычыў на дарогу грошай і накіраваўся ў Пецярбург. Шмат чаго яму давялося вынесці, пакуль ён знайшоў трывалую працу ў чыгуначных майстэрнях. Працаваць было цяжка, але Казлоўскі знаходзіў сілы, каб наведваць рабочы гурток пры Лігаўскім народным доме і таварыства “Навука і веды”. Ён спрабаваў чытаць лекцыі і пісаць вершы. 1 студзеня 1913 года ў газеце “Правда” быў надрукаваны яго першы верш, ён называўся “Новый год” і быў падпісаны “И. Козловский”. Потым з’явілася байка “Крестьянин и комар” і, нарэшце, верш, пад якім ён паставіў подпіс “И. Батрак”. Вершы “Певцу пролетарию”, “Набат” з’яўляліся своеасаблівым заклікам парваць путы і звергнуць “насилия строй”.

У гісторыю рускай савецкай літаратуры І. Батрак увайшоў як байкапісца. На станаўленне Казлоўскага-байкапісцы вялікі ўплыў мела творчасць Д. Беднага. У сваіх байках Батрак выкрывае хітрасць, самадурства, глупства, пустаслоўе, бюракратызм і прыстасаванства.

У 1-ю сусветную вайну ён арганізаваў у Петраградзе падпольную бальшавіцкую друкарню, удзельнічаў у выданні нелегальнага часопіса “Пралетарскі голас”. За ўдзел у рэвалюцыйным руху ў 1915 годзе арыштаваны і асуджаны на 8 гадоў катаргі. Пасля рэвалюцыі 1917 года Іван Андрэевіч вяртаецца да сваёй справы і ўдзельнічае ў VII красавіцкай Усерасійскай канферэнцыі РСДРП(б).

У канцы 1917 года паводле накіравання партыі Казлоўскі прыехаў у Оршу. Быў прызначаны на пасаду старшыні Аршанскага ўезднага партыйнага камітэта.

У маі 1917 года пачала выходзіць газета “Известия Совета рабочих, крестьянских, батрацких и красноармейских депутатов Оршанского уезда». 5 кастрычніка 1918 года газета атрымала назву “Набат”. Яе першым рэдактарам быў прызначаны Іван Андрэевіч Казлоўскі. Перад ім паўстала задача стварыць газету новага тыпу, зрабіць вострай, баявой, моцнай зброяй рэвалюцыі. Ён не толькі рэдагуе, але і сам піша артыкулы на грамадска-палітычныя  тэмы, адгукаецца на надзённыя праблемы горада.

У 1921 годзе Іван Андрэевіч пераехаў у Маскву. Там ён працаваў у газетах “Беднота”, “Правда”, у часопісе “Комбайн”, быў членам рэдкалегіі часопіса “ Земля Советская”. У 1924 годзе Казлоўскі скончыў Маскоўскі універсітэт. 10 чэрвеня Батрак абраны адказным сакратаром Усесаюзнага таварыства сялянскіх пісьменнікаў. Адзін за другім пачалі выходзіць зборнікі баек: “Абручы і клёпкі” (1926), “Саха і трактарыст” (1928), “Байкі” (1928, 1933), “Павукі і мухі” (1931).

У 1938 годзе Іван Андрэевіч быў незаконна рэпрэсіраваны і кінуты ў турму. Батрака абвінавачвалі ў антыпартыйнасці, а ён адмаўляўся, нягледзячы на здзекі і голад. Памёр І.А. Казлоўскі ў турэмнай камеры 21 красавіка 1943 года. Па звестках Ваеннай Калегіі Вярхоўнага Суда СССР рэабілітаваны, але месца пахавання з-за даўнасцю часу аднавіць немагчыма.

 

Літаратура

1. Батрак (сапр. Казлоўскі) Іван Андрэевіч // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. – Мн., 1996. – Т. 2. – С. 350.

2. Каралёў, Г. Імя земляка / Г. Каралёў // Віцебскі рабочы. – 1967. – 22 крас.

3. Корнилович, Э.А. Большевистский поэт / Э.А. Корнилович // На гребне истории. – Мн., 1989. – С. 188198.

3. Симонович, Д. Средь торжествующего зла.../ Д. Симанович // Подорожная Александра Пушкина. – Мн., 1977. – С. 8192.

4. Стукалава, В.Л. Іван Батрак – рэдактар і паэт / В.Л. Стукалава // Аршанскі краязнаўчы зборнік. – 1997. №2. – С. 6264.

ПІСЬМЕННІКІ, ПАЭТЫ, ЛІТАРАТАРЫ

© ГУ "Витебская областная библиотека им. В. И. Ленина", 2006 - 2008