галоўная  >  прыдзвінскі край  >  ТАЛАЧЫНСКІ раён  >  ВІЗІТНАЯ КАРТКА  > 

 

Гарадскі пасёлак КОХАНАВА  >

 

Гарадскі пасёлак у Талачынскім раёне знаходзіцца за 24 км ад Талачына, 106 км ад Віцебска.

Чыгуначная станцыя ляжыць на лініі Мінск - Орша, аўгадарогамі злучаны з Оршай і Талачыном.

Узнікла ў пачатку 16 ст. на тэрыторыі часткі Друцкага княства, якая належала князю І.В. Друцкаму-Краснаму. З 1565 – 1566 гг. Коханава ўваходзіла ў склад Аршанскага павета ВКЛ, пазней Рэчы Паспалітай. Належала Гарнастаям (з 1551 г.), Сапегам (з 1590 г.). У 1624 г. мястэчка маёнтка Стараселле, 235 валок зямлі (1 валока =21,36 га). 3 1772 г. у складзе Расійскай імперыі, мястэчка Копыскага, потым Аршанскага паветаў, з 1802 г. Магілёўскай губерні, цэнтр воласці з 1861 г. У 1785 г. у Коханаве налічвалася 57 двароў, 324 жыхары. У 1870-ыя гг. побач з мястэчкам (4 км) пабудавана чыгуначная станцыя Коханава на Смаленска—Брэсцкім участку Маскоўска—Брэсцкай чыгункі. У 1886 г. у мястэчку знаходзіліся царква, яўрэйская школа, народнае вучылішча (з 1868 г.), бальніца (з 1870 г.), паштовая станцыя, млын, 4 лаўкі.

У пачатку 20 ст. было каля 1200 жыхароў. 3 26.4.1919 г. Коханава — вёска, цэнтр аднайменнай воласці Гомельскай, з 18.11.1920 г. Віцебскай губерняў, з 15.2.1923 г. — цэнтр Вяліка-Коханаўскай воласці, з 3.3.1924 г. — у БССР, з 17.7.1924 г. — цэнтр Коханаўскага раёна Аршанскай акругі (да 26.7.1930 г.), з 15.7.1935 да 27.9.1938 г. — мястэчка, з 8.7.1931 г. — у складзе Талачынскага раёна, з 20.2.1938 г. у Віцебскай вобласці. У Вялікую Айчынную вайну з ліпеня 1941 да 28.6.1944 г. акупіравана гітлераўцамі. 3 9.9.1946 г. — цэнтр адноўленага Коханаўскага раёна, з 19.2.1947 г. — гарадскі пасёлак, з 17.12.1956 г. — у Талачынскім раёне.

На 2004 г. у ім налічвалася 4,8 тыс. жыхароў.

На тэрыторыі пасёлка ёсць ільнозавод, лясніцтва, чыгуначная станцыя, бібліятэка, сярэдняя школа, сельскае прафесійна-тэхнічнае вучылішча, аддзяленне сувязі, 7 магазінаў, кафэ. Працуе вытворчае  аб'яднанне «Будіндустрыя».

 

Літаратура

1. Кавунов, П. Взгляд в завтра / П. Кавунов // Белорусская нива. – 1991. – 14 авг.

2. Князева, В.М. Коханава / В.М. Князева // Падарожжа па Беларусі. Гарады і гарадскія пасёлкі / В.М. Князева. – Мн., 2005. – С. 74-75.

3. У гарадскім пасёлку Коханава // Сцяг Ільіча (Талачын). – 1992. – 25 студз.

4. Чернушенко, В. Кохановский перевал / В. Чернушенко // Сельская газета. – 1990. – 29 авг.

 

 

© ГУ "Витебская областная библиотека им. В. И. Ленина", 2006 - 2008