галоўная  >  прыдзвінскі край  >  ТАЛАЧЫНСКІ раён  >  ВІЗІТНАЯ КАРТКА  > 

 

Вёска абольцы  >

 

620 год таму (1385) у дакументальных крыніцах з'явілася першае ўпамінанне мястэчка Абольцы (Обольчи).

Менавіта ў гэты год паміж Вялікім княствам Літоўскім і Польшчай заключаецца Крэўская унія. У замак Крэва, цяпер на тэрыторыі Гродзеншчыны, прыязджаюць польскія князі і падпісваюць з Ягайлам пагадненне. Ягайла бярэ абавязак прыняць каталіцтва са сваімі братамі, сваякамі, з народам, чаго і дамагаўся Папа Рымскі. ВКЛ дае абяцанне ўсе сродкі скласці разам з польскімі ў барацьбе з крыжакамі. Такім вось чынам сышліся інтарэсы — бараніць сябе ад аднаго і таго ж праціўніка і мацаваць унутрыпалітычнае становішча.

Да Крэўскай уніі Вялікае княства Літоўскае было ўсходнеславянскай арыентацыі, унія стала для многіх нашых продкаў паваротам на 180 градусаў, што і вызначыла далейшую заходнееўрапейскую арыентацыю іх жыцця.

Пачалася каланізацыя гэтых спрадвечных літоўскіх (беларускіх) земляў.

Асабліва польская экспансія актывізавалася, калі ў 1387 годзе князь Ягайла, ён жа (з 1386 г. ) і кароль польскі, закладвае ў Абольцах касцёл.

Каталіцтва становіцца дзяржаўнай рэлігіяй, Ягайла прымае і асобы закон, згодна з якім права перадачы зямлі ў спадчыну атрымліваюць паны-католікі і пазбаўляюцца яго паны-праваслаўныя.

Яшчэ і ў першай палове 16 ст. Абольцы лічыліся прыватным уладаннем Боны Сфорцы — польскай каралевы і жонкі вялікага князя літоўскага Жыгімонта I Старога.

 

Бона Сфорца – каралева польская і вялікая княгіня літоўская   Ягайла – кароль польскі і вялікі князь ВКЛ  

 

Акаталічаныя абальчане таксама былі перакананыя, што, каб ведаць лепшае, заходнееўрапейскае, трэба ведаць і польскую мову, лацінку.

Яшчэ і ў наш час прыхільнікі каталіцтва ў Абольцах жылі па гэтых правілах, напрыклад, прадстаўнікі роду Падбельскіх. Захоўвалі каталіцкую веру, перадавалі яе па спадчыне сваім дзецям і ўнукам, чыталі польскія кнігі, у сваім сямейным асяродку размаўлялі па-польску.

Мясцовыя людзі паважалі такое стаўленне да культуры, якая ў нашым народзе лічыцца дастойнай ведаць яе, каб узбагачаць свае думкі і пачуцці.

У Абольцах па-сяброўску, вельмі блізка ўжываліся пражываючыя тут беларусы, палякі, яўрэі. Тлумачыцца гэта шырокім распаўсюджаннем духоўнасці, культуры, якія не абыходзілі сваімі чысцінёй і святлом простых, радавых людзей.

Нейкі час Абольцы належалі князю Андрэю Курбскаму, які ўцёк з Масковіі ад Івана Грознага. Зямлю свайму саюзніку падараваў Жыгімонт II Аўгуст (2-я палова 16 ст.).

Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 г.) Абольцы далучаюцца да Расіі, затым становяцца ўласнасцю памешчыкаў Заржэцкіх.

Адна з вуліц вёскі і сёння сярод яе жыхароў называецца Рускай.

Развіваліся Абольцы і да 1917 года, і пасля рэвалюцыі, але паступова сталі страчваць сваё ранейшае значэнне, набываць статус звычайнай вёскі, асабліва з канца трыццатых гадоў.

Зараз у Абольцах пражывае 358 чалавек. Ёсць аддзяленне сувязі, сярэдняя школа, дзіцячыя яслі, Дом культуры, Дом быту, бальніца, магазін.

Абольцы – адна з тых перспектыўных вёсак, дзе прыемна здзіўляючымі тэмпамі развіваецца жывёлагадоўля, будуецца жыллё.

 

Літаратура

1. Бірукоў,  В. Абольцы / В. Бірукоў // Наша Талачыншчына. – 2005. – 20 ліп.

2. Кавалеўскі, С. Абольцы / С. Кавалеўскі // Народнае слова. – 1997. – 4 снеж.

3. Шнэйдар, А. Абольцы ведаў свет / А. Шнэйдар // Наша Талачыншчына. – 2006. – 11 лістап.

 

 

© ГУ "Витебская областная библиотека им. В. И. Ленина", 2006 - 2008