галоўная  >  прыдзвінскі край  >  пастаўскі раён  >  ВІЗІТНАЯ КАРТКА  > 

 

гарадскі пасёлак лынтупы >

 

Лынтупы – гарадскі пасёлак у Пастаўскім раёне. Знаходзіцца на р. Лынтупка, за 42 км ад Паставаў, 292 км ад Віцебска. Чыгуначная станцыя на лініі Полацк–Вільнюс; аўтадарогамі звязаны з Паставамі і гарадскім пасёлкам Свір. 1,8 тыс. жыхароў (2004 г.).

Першае ўпамінанне Лынтуп у архіўных дакументах адносіцца да 1385 г. У 1459 г. віленскім ваяводам Андрэем Даўгірдовічам пабудаваны касцёл, пры якім быў шпіталь. 3 сярэдзіны XVI ст. мястэчка ў Ашмянскім павеце Віленскага ваяводства Вялікага княства Літоўскага. Па інвентарызацыі 1591 г. у мястэчку была плошча і 2 вуліцы – «Да млына» і «Да сяла Судоўскага», 28 дымоў, каля 150 жыхароў. Сядзіба ўладара маёнтка складалася са старога дома з 6 памяшканнямі і гаспадарчых пабудоў. Уладальнікамі Лынтуп былі Астроўскія, Гільзены, Бучынскія.

3 1795 г. у складзе Расійскай імперыі. 3 09.09.1801 г. у Завілейскім павеце Віленскай губерні. У 1812 г. мястэчка занята войскамі Напалеона. Жыхары мястэчка прымалі ўдзел у паўстанні 1830– 1831 гг., 5 мая 1831 г. атрады паўстанцаў былі ў Лынтупах, адкуль накіраваліся ў Ашмянскі павет.

3 1843 г. Лынтупы – цэнтр воласці ў Свянцянскім павеце Віленскай губерні. 3 1854 г. маёнтак ва ўладанні Юрыя Бішэўскага, нашчадкі якога валодалі ім да 1939 г. У канцы XIX ст. маёнтак складаўся з мястэчка Лынтупы, вёсак Шудаўцы, Казнадзеюшкі, Пожлікі, Пешкаўцы і засценкаў Стукаўшчызна, Яўнелішкі, Жакі, Балдук, Сенькішкі, або Балдучок, Трабуцішкі, Ігнацішкі (усе яны належалі да Лынтупскай сельскай суполкі). У Лынтупах была яўрэйская суполка (151 чалавек у 1847 г.). У 1885 г. у Лынтупах 13 двароў, 214 жыхароў, валасное праўленне, касцёл, яўрэйскі малітоўны дом, школа (пабудавана ў 1866), багадзельня, 3 крамы, карчма, праводзіліся кірмашы. У 1897 г. у мястэчку 685 жыхароў, праз яго ў канцы XIX ст. пракладзена вузкакалейка Новасвянцяны – Глыбокае. У пачатку XX ст. пабудаваны двухпавярховы мураваны палац (захаваўся), раней Бішэўскім закладзены парк з рэдкімі пародамі дрэў, выкапаны ўручную 3 ставы, якія злучаліся ручаямі. У 1904 г. Бішэўскім пабудаваны вінакурны завод. 3 1909 г. існавала народнае вучылішча.

У 1908 г. на месцы ранейшага драўлянага касцёла пабудаваны мураваны (захаваўся). У 1-ю сусветную вайну ў 1915 г. лінія фронту праходзіла праз мястэчка, Лынтупы былі акупіраваны (1915–1918) кайзераўскімі войскамі. 3 1919 г. акупіраваны польскімі войскамі. У 1918 г. – сярэдзіне 1920 гг. на кароткі час тут устанаўлівалася Савецкая ўлада.

3 1921 г. Лынтупы – цэнтр гміны ў Свянцянскім павеце Віленскага ваяводства Польшчы. Вучылішча рэарганізавана ў прагімназію. На спіртзаводзе дзейнічала ячэйка КПЗБ. У 1937 г. у мястэчку 194 двары, 1355 жыхароў.

3 19 верасня 1939 г. у складзе БССР. 3 15.01.1940 г. у Свянцянскім, з 25.11.1940 г. у Пастаўскім раёне Вілейскай вобласці, цэнтр Лынтупскага сельсавета. Быў створаны калгас «1 Мая», прагімназія пераўтворана ў няпоўную сярэднюю школу з беларускай мовай навучання.

У 1941 – 1944 гг. Лынтупы акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі, моцна разбураны. Вызвалены 6 ліпеня 1944 г. часцямі 357-й стралковай дывізіі. 19 – 20 мая 1942 г. у Лынтупах акупанты правялі масавыя расстрэлы мірных жыхароў. У пачатку вайны ў ваколіцах Лынтуп дзейнічала партызанская група на чале з былым старшыней Свянцянскага райвыканкама Ф.Р. Маркавым (з 01.01.1944 г. – Герой Савецкага Саюза), якая ў канцы 1942 г. стала часткай брыгады імя К.Я. Варашылава. За баявыя заслугі былая піянерважатая Лынтупскай школы Г.І. Маслоўская, разведчыца партызанскай брыгады імя Варашылава, удастоена звання Героя Савецкага Саюза.

3 20.09.1944 г. Лынтупы ў Пастаўскім раёне Маладзечанскай вобласці. Адноўлена дзейнасць калгаса, які ў сакавіку 1957 г. ператвораны ў саўгас па адкорме буйной рагатай жывёлы. Пасля вайны ў Лынтупах былі аптэка, бальніца, пачатковая школа (рускамоўная), маслабойня, лесапільня і сталярны цэх, каля Лынтуп – смалакурны завод, дзе выпрацоўвалі дзёгаць і шкіпінар.

У 1967 г. электрыфікаваны. 3 22.08.1967 г. гарадскі пасёлак, цэнтр пасялковага савета (сельсавет скасаваны 14.07.1967 г.). У 1975 г. у Лынтупах 2,0 тыс. жыхароў. У пачатку 1990-х гг. у пасёлку адкрыты пашывачны цэх Віцебскай фабрыкі «Сцяг індустрыялізацыі», пры саўгасе адкрыты цэх па намотцы электраматораў і трансфарматараў, у 1992 г. дапаможны цэх па пашыве дзіцячых куртак. У гарадскім пасёлку маюцца аптэка, бальніца, ветэрынарны ўчастак, 2 дзіцячыя сады, спіртзавод, Дом быту, лясніцтва, міліцэйскі ўчастак, 5 магазінаў, лазня, метэастанцыя, АТС, філіял ашчаднага банка, філіял ПМК-21, пажарная каманда, пошта, нафтабаза, электрастанцыя, цэх дрэваапрацоўкі, сталовая, хлебанарыхтоўчае прадпрыемства, сярэдняя школа, бібліятэка. У школе дзейнічаюць музей баявой славы 357-й стралковай ордэна Суворава дывізіі (заснаваны ў 1964 г.) і «Беларуская хатка» (адкрыта ў 1992 г. М.І. Нячаевай).

У Лынтупах 4 брацкія магілы ахвяр фашызму, брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан (пахаваны 111 воінаў і партызан, якія загінулі ў ліпені 1944 г. пры вызваленні Лынтуп і навакольных вёсак, сярод пахаваных – Герой Савецкага Саюза А.К. Галубкоў. Астанкі загінуўшых перанесены ў мястэчка ў маі 1955 г.), помнік землякам. Помнікі архітэктуры пачатку XX ст. – сядзіба і Андрэеўскі касцёл. На паўночны захад ад Лынтуп знаходзіцца курганны могільнік балтаў XXI ст.

 

Літаратура

1. Быхавец, І.А. Лынтупы і наваколле : гістарычны нарыс / І. А. Быхавец. – Паставы, 1993. – 83 с.

2. Лынтупы // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. / рэдкал. : Г.П. Пашкоў [і інш.]. – Мн., 1997. – Т. 4. – С. 407.

3. Лынтупы // Татаринов, Ю.А.  Путешествие в Сарью : белорусская старина / Ю.А. Татаринов. –  Мн,  1999. – С. 68–90.

4. Шпакоўская, Г. Лынтупы / Г. Шпакоўская // Народнае слова. – 2006. – 1 жн. – С. 4–5.

 

 

© ГУ "Витебская областная библиотека им. В. И. Ленина", 2006 – 2008