гарадскі пасёлак варапаева >
Варапаева
–
гарадскі пасёлак у Пастаўскім раёне. Размешчаны за 27 км ад г.
Паставы. Аўтамабільнымі дарогамі злучаны з Глыбокім, Паставамі,
ёсць чыгуначны вузел (лініі на Лынтупы, Друю, Круляўшчызну).
У
гістарычных крыніцах упершыню сустракаецца пад 1800 г. на карце
Дзісенскага (у склад якога ўваходзіла) і Вілейскага паветаў
Мінскай губерні, фальварак, уладанне графіні Пшаздзецкай. 3 1843
г. у Віленскай губерні. У 1860-я гады ў фальварку Варапаева, які
здаваўся ў арэнду і ўваходзіў у маёнтак Паставы, працавалі
цагельны завод, вадзяны млын з сукнавальняй і карчма (шынок). У
1896 – 1897 гг. пракладзена чыгунка.
У 1921–1939
гг. Варапаева ў складзе Польшчы, у Дзісенскім павеце Віленскага
ваяводства. Меліся лесапільны і цагельны заводы. Працавалі
вадзяны, паравы і электрычны млыны. Быў адбудаваны (знішчаны ў
1-ю сусветную вайну) графскі палац, дзе налічвалася звыш 20
пакояў, у т.л. зала для танцаў, сабрана багатая бібліятэка,
калекцыя зброі і музычных інструментаў (пасля 1939 г. яна
трапіла ў Мінск).
У 1923 г.
адкрыты пачатковая школа імя Ю. Пілсудскага, клуб моладзі. У
1934 г. пабудаваны касцёл Святога Міхаіла, пры якім дзейнічаў
Саюз каталіцкай моладзі. Была зімовая цяпліца, меўся
плодагадавальнік (у 1931–1937 гг. тут працаваў вядомы
селекцыянер І.П. Сікора).
З 1939 г. –
у БССР, з 1940 г. – у Дунілавіцкім раёне Вілейскай вобласці. У
Вялікую Айчынную вайну з чэрвеня 1941 г. да 04.07.1944 г.
акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі.
У 1947–1948
гг. супрацоўнікамі інстытута «Белсельпраект» архітэктарам Е.
Косцічам і інжынерам-эканамістам Э. Кролем распрацаваны праект
планіроўкі цэнтра Варапаева.
У 1950 г.
Варапаева атрымала статус пасёлка гарадскога тыпу і становіцца
цэнтрам Дунілавіцкага раёна. З 20.01.1960 г. у Глыбоцкім, з 1962
г. у Пастаўскім раёнах. У 1969 г. – 4,2 тыс. жыхароў.
У 2005 г. у
пасёлку 3,1 тыс. жыхароў. Дзейнічаюць прадпрыемствы
дрэваапрацоўчай і харчовай галін прамысловасці. У пасёлку ёсць
сярэдняя і музычная школы, дзіцячы сад, Дом культуры,
бібліятэка, бальніца, паліклініка, аптэка, камбінат бытавога
абслугоўвання, пошта, тэлеграф і інш.
Пры ўездзе ў
пасёлак з поўдня размешчаны садова-паркавы ландшафт пачатку 20
ст. у былым маёнтку графа Пшаздзецкага. Пабудаваны касцёл
Святога Міхаіла, Свята-Уваскрасенская царква.
Літаратура
1.
Воропаево // Республика Беларусь
: энциклопедия
: в 6 т. / редкол. : Г.П. Пашков [и др.]. – Мн.,
2006. –
Т. 2. – С.
814.
2.
Зямчонак, І. Мястэчка пры гасцінцы : старонкі гісторыі
Варапаева і бліжэйшых населеных пунктаў / І. Зямчонак. – Мн.,
1995. – 128 с.
3.
Касцень, А. Рабочы пасёлак / А. Касцень // Звязда. – 1995. –
9 жн. – С. 1–2.
4.
Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Пастаўскага раёна /
рэдкал. : Г.К. Кісялёў [і інш.]. – Мн., 2001. – С.
625–626.
|