галоўная  >  прыдзвінскі край  >  ушацкі раён  >  помнікі гісторыі і культуры  > помнікі археалогіі >

 

курганны могільнік у вёсцы Пуцілкавічы >

 

Упрыгажэнні з курганоў у в. ПуцілкавічыУ 1880 — пачатку 1890-х гадоў даследаваннямі наваколля вёскі Пуцілкавічы займаўся вядомы беларускі краязнаўца і археолаг Ф.Л. Вярэнька. Ён нарадзіўся ў Пуцілкавічах у 1862 г. У 1881 г. скончыў Мінскую гімназію, а ў 1887 г. — Варшаўскі універсітэт. Ф.Л. Вярэнька склаў археалагічную карту ваколіц Пуцілкавічаў, на якую нанёс 85 помнікаў старажытнасці, сярод якіх шмат курганных могільнікаў. На карце адзначаны курганы каля вёсак Старынкі, Ідуты, Гарадзец, Афераўшчына, Весніцк, Воснава, Вялікія Дольцы, Замошша, Чарнаручча, тры курганныя могільнікі каля вёскі Пуцілкавічы (за 300 м на паўднёвы ўсход ад маёнтка Пуцілкавічы; у напрамку вёскі Елюбава, у некалькіх сотнях метраў на захад ад вёскі Пуцілкавічы і два курганы за 1 — 1,5 км на паўднёвы ўсход ад вёскі).

Рукапісы прац Ф.Л. Вярэнькі «Курганы ў Пуцілкавічах (1887 — 1892)» і «Курганы і два дагістарычныя пасяленні ў Пуцілкавічах», а таксама археалагічная карта, дзённікі даследаванняў і частка рэчаў з раскопак зберагаюцца ў Кракаўскім археалагічным музеі. Там жа захоўваюцца і малюнкі знаходак з раскопак у Пуцілкавічах, якія пасля смерці Вярэнькі зрабіў археолаг В. Шукевіч.

Раскопкі ў Пуцілкавічах Ф.Л. Вярэнька праводзіў у 1887—1891 гг. Усяго было раскапана 36 пахаванняў (земляных курганоў і курганоў, абкладзеных камянямі). Сярод знаходак — гліняныя гаршкі, жалезныя сякеры і нажы, упрыгажэнні, сярэбраны куфічны дырхем, рэшткі тканін (ільняной і золататканай). Асаблівую цікавасць уяўляюць жаночыя ўпрыгажэнні. Гэта бронзавыя бранзалеты, пярсцёнкі, падковападобныя фібулы (зашпількі для адзення), шыйныя грыўні, бразготкі і падвескі ў выглядзе плоскіх стылізаваных конікаў, а таксама разнастайныя пацеркі. Сярод пацерак – рознакаляровыя шкляныя, золаташкляныя, літыя бронзавыя, бурштынавыя, а таксама пацеркі, зробленыя з костачак сліў.

        

Літаратура

1.  Дучыц, Л. Аб чым расказваюць знаходкі / Л. Дучыц // Патрыёт (Ушачы). – 1990. – 28 жн.

2. [Упрыгажэнні з курганоў у в. Пуцілкавічы] // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Ушацкага раёна / рэдкал. Г.К. Кісялёў [і інш.]. – Мн.,  2003. – С. 31.

 

© ГУ "Витебская областная библиотека им. В. И. Ленина", 2006 - 2008