ДРУЦКАЕ ЕВАНГЕЛЛЕ
>
У
14 ст. у Друцку быў створаны рукапісны помнік
усходнеславянскай пісьменнасці — Друцкае Евангелле. Тэкст
гэтага кананічнага твора напісаны на царкоўнаславянскай мове
ўставам на 376 старонках фарматам «у аркуш», размешчаны ў 2
калонкі па 25—28 радкоў у кожнай. Мастацкае аздабленне
Евангелля складаецца з застаўкі і 54 ініцыялаў
тэраталагічнага характару, выкананых чырвонай фарбай
(кінавар).
Асабліва важнае
культурна-гістарычнае значэнне маюць запісы, зробленыя ў
канцы рукапісу. У адным з іх гаворыцца аб пабудове ў Друцку
1001 г. першай царквы, што сведчыць аб магчымым існаванні
горада ўжо ў 10 ст. Цікавы і запіс друцкага князя Васіля
Міхайлавіча, фактычна гэта даравальная грамата царкве
Багародзіцы ў Друцку на сяло Мараўінічы (зараз в. Мураўнічы)
разам з людзьмі, палямі, лугамі і ўсімі даходамі. Нават
даход ключніка, які вёў княжацкую гаспадарку, аддаваўся
дзяку, што служыў пры царкве. Турбуючыся пра строгае
выкананне сваіх указанняў, князь завяшчаў, каб яны не былі
парушаны ні слугамі, ні нават яго дзецьмі. У гэтай грамаце
сярод даходаў двойчы ўпамінаецца мядовая даніна, якая ў тыя
часы была галоўнай, а мёд лічыўся адным з самых каштоўных
тавараў у пераліку пошлін. Тэкст даравальнай граматы дае
ўяўленне аб укладзе феадальнай гаспадаркі аднаго з
беларускіх князёў таго часу.
Запісы,
зробленыя на Друцкім Евангеллі ў розныя гады, сведчаць, што
спачатку яно належала сабору Багародзіцы ў Друцку, потым
віленскаму гараджаніну Конану, ноўгарадскаму архіепіскапу
Феадосію Яноўскаму, некаторы час зберагалася
ў архіве акадэміка М.М. Ціхамірава, пасля яго смерці
перададзена ў бібліятэку Новасібірскага аддзялення АН СССР.
Літаратура
1.
Помнік старажытнай пісьменнасці // Памяць :
гісторыка-дакументальная хроніка Талачынскага раёна /
рэдкал. І.П. Шамякін [і інш.]. – Мн., 1988. – С.41.