галоўная  >  прыдзвінскі край  >  талачынскі раён  >  помнікі гісторыі і культуры  > палацы, сядзібы, паркі >

 

ПАРК У ЮЗАФПОЛЛІ

 

Куток парку “Юзафполле”Уладанне паноў Славінскіх. Маляўнічы парк, адзін са старэйшых у Беларусі, размясціўся на ўскраіне Талачына, дзе рака Друць робіць плаўны выгін, падковай агінаючы заходнюю частку парку. Тэраса адрозніваецца і рознабаковасцю форм рэльефу. Яго своеасаблівасць і вызначыла асаблівасць пабудовы сядзібы. Яе парадная частка нясе рысы класічнай планіроўкі. Яна размешчана на ўзвышэнні, на асі выгіну Друці, чым забяспечваецца бачнасць маляўнічых перспектыў: паварот ракі, рэчышча, поймы з прыгожымі вятроўнікавымі асацыяцыямі, зарэчныя далі.

У аснову кампазіцыі парку, які параўнальна добра захаваўся ў колішніх межах, пакладзены прынцып чаргавання дрэвавых груп, невялікіх масіваў з палянкамі. У складзе парку выдзяляюцца дзве часткі. Паўночна-ўсходняя (да выгіну ракі) прадстаўлена лагчынападобным паніжэннем, якое плаўна спускаецца да рэчышча ракі,  у цэнтры яго паляна. Паляна мае зрэзаны контур, маляўнічыя ўзлескі. У яе афармленні выкарыстоўваюцца клумбы і букетныя пасадкі. Захавалася дзве клумбы. Дыяметр першай – 11 метраў, яна няправільнай формы, ліпы – у два кругі; дыяметр другой – 9 метраў, захавалася 14 ліп.

Паўночны кут парку засаджаны ліпамі, адзінкавымі клёнамі, сасной, бярозай, ёлкай.

Другая, паўднёвая частка парка, выцягнута ўздоўж крутога берага Друці і забалочанага паніжэння. Кампазіцыйным цэнтрам гэтай часткі з’яўляецца брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан, дзе ў 1960 годзе ўстаноўлены помнік.

Па грэбні тэрасы праходзіць прагулачная дарожка. Па схіле, нібы вартавыя, узвышаюцца векавыя сосны. У цэлым, хаця парк увайшоў у рысу горада, ён прасторава адасоблены ад яго, надзелены прыемнай адметнасцю цішыні, ізаляванасці, адзіноты і разам з тым звязаны з акаляючымі краявідамі.

З пабудоў сядзібы захавалася збудаванне маслабойні з чырвонай цэглы, у цяперашні час дабудаванае і прыстасаванае для патрэб прадпрыемства “Мара”.

Парк, размешчаны ў межах горада, пасля яго добраўпарадкавання можа стаць перспектыўным месцам для адпачынку, правядзення святаў і іншых масавых мерапрыемстваў.

 

Літаратура

1.  Шнэйдар, А. Старадаўнія паркі раёна / А. Шнэйдар // Сцяг Ільіча (Талачын). – 2000. – 2 жн.; 5 жн.

 

© ГУ "Витебская областная библиотека им. В. И. Ленина", 2006 - 2008