галоўная  >  прыдзвінскі край  >  талачынскі раён  >  помнікі гісторыі і культуры  > палацы, сядзібы, паркі >

 

ПАРК У ВЁСЦЫ  РАЦАВА

 

Гэта адзін з лепшых пейзажна-натуралістычных помнікаў Віцебшчыны, аб'ект рэспубліканскага значэння, закладзены на сядзібе графа Замойскага ў XIX стагоддзі. У цяперашні час плошча парку каля 8 гектараў. Ён размясціўся на маляўнічай тэрыторыі, дзе рэчка Янаўка робіць выгін, у выглядзе расшыранай падковы. Да сядзібы з трох бакоў вядуць доўгія пад'язныя алеі. Уязная паўночная алея перасякае ручай, за якім размясціўся вялікі адкрыты партэр.

Галоўнай (параднай) уязной прысадай лічылася прысада з боку Шклоўскага тракту. Яна пачыналася далёка за межамі сядзібы, ад дарогі, абсаджанай бярозмі. Прысада не даходзіла да парку, заканчвалася прыкладна каля месца пахаванняў (абсаджанага 150—200-гадовымі ліпамі) перад мостам цераз Янаўку. Гэтая прысада даволі добра захавалася.

Парк прымыкаў да поймы ракі ў месцы яе выгіну. Частка яго была размешчана на другой тэрасе ручая (за вадаёмам). Вадаём з'яўляўся асноўным структурна-планіровачным элементам парку. Ён меў два востравы. На адным была пабудавана каменная альтанка, прычал для лодак.

Парк перад вадаёмам сфарміраваны вакол сядзібнага дома. Памяшканне было двухпавярховым з балконамі (згарэла ў час вайны, засталіся рэшткі фундамента). Ён стаяў на ўзвышэнні тэрасы, быў арыентаваны ў бок рэчкі. 3 боку паркавага партэра на вялікай паляне размяшчаўся басейн, а з другога боку — вялікі кветнік, абсаджаны па перыметры дрэвамі. Гэта было месца самоты, тут адпачывалі, гулялі, ігралі ў шахматы, у летні час прымалі гасцей. Басейн меў фантан у цэнтры.

Прасцяг за домам быў найбольш утульным месцам у парку. Тут было шмат кветак, рэдкіх дрэвавых раслін. Па перыметры паляну з вадаёмам акружалі сасна Веймутава, лістоўніца Кемпферэ і еўрапейская,  клён серабрысты, карагана, клён востралістоўны Шведлера, ліпа буйналістоўная, туя заходняя, ясень пенсільванскі, глог махровы, бэз, губушнікі, ружы. 3 найбольш рэдкіх раслін захаваліся 2 кусты траскуна амурскага.

3 рэдкіх дрэў прадстаўлены вяз гладкі коркавы (5 дрэў), клён серабрысты Віера, таполі канадскія познія і сосны Веймутава. Дрэвастой парку ва ўзросце 100 і больш гадоў. Дрэвы растуць адзіночна або невялікімі купкамі, што і забяспечвае  спрыяльныя ўмовы для развіцця іх кроны.

Парк вызначаецца мяккасцю, натуральным характарам краявідаў. Велічнасць сядзібе надаюць доўгія пад’язныя дарогі, што вядуць у парк праз палі з розных бакоў. Па шляху следавання ў адзіны ансамбль візуальна ўключаюцца навакольныя краявіды, павялічваючы аб'ёмна-прасторавае ўражанне аб сядзібе. Асабліва прыгожая алея лістоўніц Кемпфера, дрэвы якой маюць шырокія асіметрычна размешчаныя кроны.

Прадаўжэннем парку ў заходняй частцы сядзібы — вялікі, плошчай амаль 40 гектараў, фруктовы сад (не захаваўся).

У цяперашні час у парку вядуцца аднаўленчыя работы.Узнаўляецца вадаём, ідзе падсадка рэдкіх відаў дрэў, вядзецца ачыстка тэрыторыі.

 

Літаратура

1. Бірукоў, В. Святыні роднае зямлі / В. Бірукоў // Сцяг Ільіча (Талачын). – 1999. – 1 снеж.

2. Рацево // Федорук, А.Т. Садово-парковое искусство Белоруссии / А.Т. Федорук. – Мн., 1989. – С. 173-175.

3. Шнейдер, А. «Красота-то какая !» / А. Шнейдер // Наша Талачыншчына. – 2005. – 23 лют.

4. Шнэйдар, А. Старадаўнія паркі раёна / А. Шнэйдар // Сцяг Ільіча (Талачын). – 2000. – 2 жн.; 5 жн.

 

© ГУ "Витебская областная библиотека им. В. И. Ленина", 2006 - 2008