Герб г. Талачын

 

галоўная  >  прыдзвінскі край  >  талачынскі раён  >  помнікі гісторыі і культуры  >

 

ПОМНІКІ АРХІТЭКТУРЫ > КУЛЬТАВАЯ АРХІТЭКТУРА  >  ПАЛАЦЫ, СЯДЗІБЫ, ПАРКІ  >

 

КУЛЬТАВАЯ АРХІТЭКТУРА

 

На Талачыншчыне захавалася адносна мала помнікаў архітэктуры. Але і яны, як частка матэрыяльнай культуры народа, дапамагаюць пазнаць жыццё ў мінулым, глыбей зразумець духоўную культуру і светаадчуванне нашых продкаў, прыносяць эстэтычнае задавальненне. Акінуўшы поглядам гэту ў некаторым сэнсе бессістэмную, але гістарычна гарманічную разнастайнасць будынкаў, мы ўсведамляем — гэта наша гісторыя, наша культурная спадчына.

3 гісторыка-архітэктурнай спадчыны Талачыншчыны найбольш высокамастацкі і каштоўны помнік архітэктуры позняга барока — ансамбль базыльянскага кляштара ў Талачыне па вул. Леніна, які часткова захаваўся. У яго склад уваходзілі касцёл, кляштарны жылы корпус і школа. Касцёл, заснаваны Львом Сапегам у 1604 г., прызначаўся для гараджан і быў агульнадаступным (фарным). У 1769 г. з заснаваннем Сангушкамі базыльянскага манастыра на месцы старога касцёла пастаўлены манументальны будынак у стылі ракако (так званага віленскага барока). Няспынная і вельмі вострая барацьба рэлігій абумовіла ператварэнне касцёла ў 1796 г. ва уніяцкую царкву, а ў 1804 г. у праваслаўную Пакроўскую царкву. Гэты архітэктурны помнік стаіць у адным радзе з такімі шэдэўрамі, як Сафійскі сабор у Полацку, касцёл у Глыбокім, і іншымі творамі мясцовай школы дойлідства віленскага барока.

У 1850—60-я гады ў архітэктуры Расійскай імперыі, у тым ліку і на Беларусі, аднаўляецца старажытнарускі стыль. У асноўным новая, так званая руска-візантыйская стылявая плынь, увасобілася ў культавым дойлідстве. Пачалося масавае будаўніцтва па «ўзорных» праектах. У 2-й палавіне 19 ст. вакол Талачына (у вёсках Манастыр, Новае Сяло, Равуча) узнік шэраг манументальных праваслаўных храмаў, архітэктура якіх выклікае асацыяцыі з формамі старажытнарускіх цэркваў і церамоў.

У 1882 г. у в. Равуча ў руска-візантыйскім стылі была пабудавана фамільная капліца-пахавальня мясцовага памешчыка Хамянтоўскага (захавалася часткова). Капліца мае насычаную пластычную і дэкаратыўную трактоўку, нягледзячы на лаканічнае і спрошчанае прасторавае вырашэнне ў выглядзе прамавугольнага ў плане невысокага аб'ёму. Будынак быў накрыты дахам складанай канфігурацыі — вынік спалучэння двухсхільнага і шатровага пакрыцця. У завяршэнні даху цыбулепадобны купал на васьмігранным барабане. Сродкамі цаглянай муроўкі фасады насычаны рустоўкай, прафіляванымі ліштвамі, кілепадобнымі броўкамі над вокнамі, філянговым фрызам, аркатурай. Гэты дэкаратыўны кангламерат ствараў уражанне старажытнасці архітэктуры збудавання. Галоўны фасад у цэнтральнай частцы быў завершаны другім ярусам у выглядзе моцнай аркі-званіцы з кілепадобным абрамленнем. Усе фасады былі падзелены філянговымі лапаткамі на тры часткі, унутраная прастора перакрыта драўляным скляпеннем на ветразях, бакавыя фасады па восі сіметрыі ў цэнтры вылучаны рызалітамі з двухгранным верхам і арачным праёмам у цэнтры. Па баках арачны праём фланкіраваны двума прамавугольнымі вокнамі.

 

Праваслаўныя храмы

Свята-Пакроўская царква ў Талачыне

Свята-Троіцкая царква ў в. Манастыр

Царква Раства Прасвятой Багародзіцы ў Друцку

 

Каталіцкія храмы

Касцёл Святога Антонія ў Талачыне

 

Літаратура

1. Бірукоў, В. У гонар Сабора беларускіх святых / В. Бірукоў // Наша Талачыншчына. – 2006. – 9 верас.

2. Кулагін, А.М. З архітэктурнага мінулага / А.М. Кулагін // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Талачынскага раёна / рэдкал. І.П. Шамякін [і інш.]. – Мн., 1988. – С.43 45.

3. Мазур, А. Далучэнне да вытокаў / А. Мазур // Культура. – 2004. – 21-27 жн. – С. 14.

4. Мазур, А. Святыні адраджаюцца / А. Мазур // Народная газета. – 2001. – 24 мая.

5. Толочинское благочиние // Храмы и приходы Витебской Епархии Белорусской Православной Церкви : справочник / сост. А. Матвеев, Н. Дубенецкий. – Витебск, 2002. – С. 156.

 

 

ПАЛАЦЫ, СЯДЗІБЫ, ПАРКІ  

 

Доўгі і складаны шлях прайшло развіццё беларускага паркабудаўніцтва: ад траўнікаў, аптэчных агародаў да складаных твораў садова-паркавага мастацтва. Ідэі заходнееўрапейскай школы тут выкарыстоўваліся з улікам мясцовых умоў, бытавых і культурных традыцый. Беларускія паркі, як правіла, невялікія па памерах, у меру дэкаратыўныя, з яўна выражанымі рысамі гаспадарчага прызначэння. Яны арганічна зліваюцца з акружаючымі ландшафтамі, а іх вызначальнай кампазіцыйнай асаблівасцю з'яўляюцца дальнія краявіды.

Сад лічыўся неад'емнай прыналежнасцю кожнай памёшчыцкай сядзібы. У больш позні час у Беларусі садам называлі і пладовы сад, і вялікі парк. Пладовыя дрэвы вырошчвалі таксама многія сяляне-аматары. Садоўніцтва было ў той час больш прадметам духоўнага задавальнення, чым крыніцай прыбытку.

3 развіццём капіталістычных адносін у Еўропе, са змяненнем сацыяльна-эканамічных і палітычных умоў жыцця грамадства звязана станаўленне пейзажнага стылю ў паркабудаванні. Паступова ранейшыя традыцыі садова-паркавага мастацтва, калі галоўным была рэгулярная планіроўка, пачынаюць слабець, а распаўсюджанне атрымалі новыя кампазіцыйныя прыёмы, асноўным матывам якіх стала непаўторная прыгажосць прыроды.

Месцы для закладкі паркаў выбіраліся самыя маляўнічыя. Звычайна гэта былі ўчасткі перасечанай мясцовасці з рэчкай або штучным вадаёмам. Парк арганічна ўжываўся ў мясцовы пейзаж, дапаўняў, пашыраў яго.

Сур'ёзным выпрабаваннем для паркаў сталі суровыя зімы 1928–29, 1939–40 гадоў (маразы даходзілі да 40 і больш градусаў), тады і пацярпелі многія дрэвы. Вялікі ўрон садова-паркаваму мастацтву нанесла вайна. Але больш за ўсё балюча ўсведамляць, што з пасляваенных часоў ніхто аднаўленнем паркаў па-сапраўднаму не займаўся. Акрамя гэтага, знішчалася тое, што засталося нам у спадчыну. Піла і сякера гаспадарылі ў цудоўных стварэннях рук чалавечых, спільваліся для гаспадарчых патрэб дрэвы рэдкіх, каштоўных парод, паркі дзічэлі, зарасталі хмызнякамі, страчвалі сваю прывабнасць. Усё ж у раёне захавалася некалькі старадаўніх паркаў

Старажытныя паркі — гэта памяць стагоддзяў, гісторыя, культура народа. Гэта "сведкі" і "сучаснікі" важнейшых падзей Радзімы, яе знакамітых людзей. 3 беларускімі сядзібамі і іх паркавымі ансамблямі звязаны імёны такіх выдатных дзеячаў, як Ф. Багушэвіч, Т. Касцюшка, А. Міцкевіч, М. Агінскі, I. Рэпін, А. Сувораў, Г. Сянкевіч і многія іншыя.

Вялікі гуманіст і вучоны акадэмік Д.С. Ліхачоў падкрэсліваў, што "...паркі каштоўныя не толькі тым, што ў іх ёсць, але і тым, што ў іх было. У парках нават паветра не фізічнае, а духоўнае, гэта паветра гісторыі". Паркі з'яўляюцца ўвасабленнем не толькі садовага мастацтва, але і культуры ў цэлым. Яны валодаюць вялікай сілай эмацыянальнага ўздзеяння. Гэта помнікі часоў, складаемыя духоўнасці, менталітэту і культуры грамадства. Неабходна, каб народ ведаў помнікі прыроды свайго краю, іх вялікае значэнне і асэнсоўваў неабходнасць іх зберажэння і ўзнаўлення.

У канцы 19 ст. на ўзвышшы ў паўднёвай частцы Талачына быў пасаджаны парк пейзажнага тыпу, пераважна з мясцовых парод дрэў: сасны, елкі, ліпы, бэзу, вярбы, таполі. Паркавы ландшафт узбагачаны невялікай сажалкай. 3 сядзібных пабудоў на ўскраіне парку ўцалеў гаспадарчы цагляны будынак.

Вядомы паркі ў в. Галошава, Забайкал, Рацава.

У в. Няклюдава зберагліся рэшткі натуральнага сядзібнага парку канца 19 ст.

 

Галошава

Забайкал

Рацава

Юзафполле

 

Літаратура

1. Федорук, А.Т. Садово-парковое искусство Белоруссии / А.Т. Федорук. – Мн., 1989. – 247 с.

2. Шнейдер, А. Прошлое и настоящее старинных парков / А. Шнейдер // Родная природа. – 2006. - №10. – С. 22– 23.

3. Шнэйдар, А. Захаваць старадаўнія паркі / А. Шнэйдар // Сцяг Ільіча (Талачын). – 1990. – 29 верас.

4. Шнэйдар, А. Старадаўнія паркі раёна / А. Шнэйдар // Сцяг Ільіча (Талачын). – 2000. – 2 жн.; 5 жн.

 

ЛЕГЕНДЫ І ПАДАННІ   ГарадЫ ВОБЛАСЦІ   ГЕРАЛЬДЫКА

ПІСЬМЕннікі, паэты, літаратары   МАСТАКІ   ВЫДАТНЫЯ І ЗНАКАМІТЫЯ ЛЮДЗІ

ГЕРОІ САВЕЦКАГА САЮЗА   ГЕРОІ САЦЫЯЛІСТЫЧНАЙ ПРАЦЫ

Галоўная  Карта сайта

© ГУ "Витебская областная библиотека им. В. И. Ленина", 2006 - 2009