Герб г. Талачын

галоўная  >  прыдзвінскі край  >  талачынскі раён  > легенды і паданні >

 

легенда пра ТАЛАЧЫН >

 

Раней парадкі на зямлі зусім не такія вяліся, як сёння. Калі паслухаеш гамонку старых людзей, то дзіву даешся, як такое магло быць. Нараджаліся дзеці, віталі іх родныя і блізкія, жылі побач усё жыццё, працавалі разам, бараніліся ад усялякіх ворагаў, а вось калі чалавек да старасці дажываў, то тут зусім іншае прыключалася. Быў заведзены такі парадак: дасягаў стары селянін ці сялянка васьмідзесяці гадоў (а тады людзі намнога болей жылі), то іх прылічвалі да старых. А калі так, то ў тэрміновым парадку іхнім дзецям трэба было весці сваіх бацькоў ці, можа, ужо і дзядоў, у густы-густы лес і там пакінуць. Вялі ў такую гушчэчу, у такую глухамань, што і здаровы, магутны чалавек назад не прабіўся б, не тое што старыя ды знямоглыя. Усё рабілася ноччу, відаць, усё ж саромеліся вяскоўцы суседзяў. Хоць усе так рабілі, але сумленне грызла, што гэткім чынам пазбаўляюцца ад бацькоў. Чуваць было часам начамі, як крычаць-гарлаюць людзі, просяць дапамагчы, але ніхто да іх не кідаўся на выручку, рабілі выгляд, што не чуюць.

Але аднаго разу здарыўся выпадак, які перавярнуў усю гэтую традыцыю.

Былі ў аднаго бацькі два сыны — Сцяпан ды Іван. Дружныя хлопцы, працавітыя. На свайго старога і падобныя былі: гэткія ж здаравенныя, гэткія ж шчырыя, ніколі нікога не пакрыўдзілі, нікому кавалка хлеба не пашкадавалі, на дапамогу па першаму голасу прыходзілі. Радавалася матуля з бацькам, што ў іх такія сыны растуць. Часам сядалі побач і гаманілі:

—   Цяпер і да лесу кіраваць не страшна.                 

—   А чаго страшыцца? Такіх хлопцаў на ногі паставілі...

—   Што мядзведзі.

—   Асабліва Сцяпан.

—   Не, Іван не слабейшы.

—   А працуюць...

—   Ага, што спяваюць.

—   Люблю глядзець на іх, як разам ідуць.

—   Калі плячо ў плячо.

—   А якія ж яны маленькія былі, памятаеш?

—   Ды хто лепей за мяне гэта і памятаць павінен!

—   Шкада, што хутка пойдзем ад іх...

—   Што зробіш, калі жыццё так складзена. Нічога і не перайначыш. Не намі заведзена, не нам і адмяняць.

—   Але хацелася б яшчэ сярод дзяцей пажыць, унукаў паняньчыць...

—   Мала да гэтага няньчыла?

—   Многа, але ўсё роўна цягне. Малыя ж ні крыўды, ні шкоды не робяць. Каб так і сталыя людзі...

—  Што зробіш...— глуха азваўся стары і задумаўся.
Маўчала і гаспадыня.

 

Неўзабаве надышоў той час, калі бацька паклікаў сыноў, а сам з жонкай, апрануўшыся, нібы на свята, селі ў куце. Сцяпан з Іванам ужо адчувалі, што да чаго, і як толькі зайшлі, дык адразу ў іх вочы слязьмі заліліся.

—  Што гэта вы, хлопчыкі? — не вытрымала матуля.

—  Ай, нешта прымроілася, — азваліся сыны, не жадаючы гаварыць праўду.

—  Усё добра, кіньце дурное, — паспрабаваў храбрыцца бацька. Праўда, голас быў нейкі глухі, тужлівы.

— Сядайце, сыночкі, — запрасіла маці.
Сыны селі і апусцілі галовы.

У хаце запанавала цішыня. Напружаная, нейкая нават жудасная. Потым яе парушыў бацька.

—   Вось што, хлопцы. Не ведаю, як і пачаць, з чаго вязаць гэтыя словы...

—   Ды ўжо... — паспрабавала было і маці, але адразу ж папярхнулася.

—  Адным словам, год за годам... Неяк непрыкметна ўсё і праляцела... Трэба вам...

Гаспадар разгублена пазіраў на гаспадыню, але тая таксама апусціла галаву і маўчала, толькі плечы яе калаціліся ад бязгучнага плачу.

—  Трэба вам, сыночкі, нас...
Сыны не глядзелі на бацьку.

—   Ды што ўжо тут цягнуць... Завядзіце нас заўтра ноччу ў лес... Надышла наша часіна...

—   Тата, а можа, яшчэ рана? — адгукнуўся Іван.

—   Так, можа, гэта памылка? — падтрымаў брата Сцяпан.

—   Не, дзеткі. Нам ужо многа гадоў з матуляй стукнула. Разам мы некалі нарадзіліся, разам вось і паміраць даводзіцца.

Пры словах пра смерць сыны ажно ўздрыгнулі, але бацька працягваў:

— Пражылі мы сваё жыццё добра. Не сварыліся, не смяяліся з нас людзі, што мы гультаі ці абібокі якія. Працавалі. Гаспадарку вунь якую трымалі. Спачатку ўсё на нас адных вісела, а потым вы, нашы дубочкі, падняліся,
тады ўжо іншая справа пайшла. Пасля таго як нас адведзяце ў лес, не спрачайцеся, не лайцеся, усё паміж сабою пароўну падзяліце. Хаціны далёка адна ад другой не стаўляйце. Так лягчэй і руку пры небяспецы падаць будзе, і калі якое іншае ліха надарыцца, то таксама лягчэй выправіць.

Маці ўсміхнулася:

—   Давайце, дзеткі, болей не будзем пра смерць гаварыць. Давайце лепей прыгадаем, што каму найболей запомнілася, каб ведалі, з чым мы ідзем у глухі лес. Каб унукам нашым расказвалі, якія мы былі, каб не палохалі іх намі...

—   Намаркоціцца паспееце, сыночкі, — падаў голас і гаспадар, — а нам хочацца адысці туды вясёлымі, каб ніякія клопаты на нас не віселі. Гэта наша апошняя ноч. Наступная будзе ўжо не тут, а ў глухім лесе...

Пачалі яны згадваць вясёлыя выпадкі і ў нейкай ступені і сапраўды забыліся пра смутак. Потым гаспадар устаў:

— Ідзіце, сыночкі, адпачывайце, а то вам жа заўтра яшчэ трэба цэлы дзень працаваць, а потым яшчэ і ноччу не спаць... Мы тут удваіх пасядзім, яшчэ што-небудзь прыгадаем. Заўтра мы вам ужо не памочнікі, застанемся дома...

Пажадалі сыны бацькам спакойнай ночы і выйшлі. Зайшлі ў сваю палавіну, але спаць не клаліся, сядзелі на палку ды пра нешта думалі.

Сцяпан прамовіў:

— Эх, каб можна было пакінуць іх...
Іван спачатку маўчаў, здавалася, што і не чуў братавых слоў, але потым страсянуўся:

—  Як ты сказаў? Пакінуць?

— Ага... Хіба ты не жадаеш гэтага?

—  Яшчэ як хачу, братка, таму і перапытваю. А ведаеш што? Давай іх пакінем.

—   Як гэта?

—   Проста.

—   Проста? Але ж іх заўважаць...

— Не заўважаць, калі ў нас галовы на плячах, а не гарбузы з вушамі.

— Дык гавары тады, не цягні. Толькі цішэй, каб дзеці ды жонкі нашы не пачулі, а то яшчэ незнарок дзе прагаворацца, тады ўсе нашыя памкненні бокам пойдуць.

Браты сцішыліся, і Іван зашаптаў:

—  А не павядзём іх да лесу.

—  Але ж...

—  Мы павядзём, як і трэба, з вечара... А потым вернемся назад.

—  Не...

—  Не спяшайся. Не адны вернемся, а з бацькамі.

У Сцяпана адвісла ніжняя губа. Нават у цемры гэта было добра відаць, таму малодшы брат не вытрымаў і грамчэй прамовіў:

—   Губу прыбяры, а то лапцем наступлю.

Другі раз Сцяпан не дараваў бы такой абразы, а тут і кулаком не варухнуў.

—   Куды ж мы іх тут схаваем?

—   Не тут, бо ў хаце і дзеці, і гаспадыні, і суседзі нечакана зайсці могуць, ды ці мала можа здарыцца...

—   А дзе ж тады?

—   Трэба месца вернае выбраць. Каб і навідавоку было, і каб ніхто не здагадаўся, што там нехта ёсць.

—   Трэба думаць...

Зноў прыціхлі браты. Але на гэты раз цішыню перабіў ужо шэпт Сцяпана:

—   Ведаю... Ведаю, дзе можна схаваць...

—   Дзе?

—   У старой варыўні... У той, што ў канцы агародаў стаіць, ля самага лесу... Тут жа мы пастаянна корпаемся, людзі і не дадумаюцца ў варыўню зазірнуць. А бацькі нас бачыць будуць, дзяцей нашых...

—   Вось малайчына, братка, што да гэтага дадумаўся, — пахваліў Іван Сцяпана.

—   Чакай радавацца, тут мяне яшчэ адна думка даймае...

—   Якая?

—   Ці пагодзяцца яны з нашымі дзеяннямі?

—   А мы, ведаеш, што скажам? Скажам праўду: што не можам без іх і не хочам весці людзей, самых блізкіх, самых родных нам, у лес на з'ядзенне ненажэрным звярам. Што мы ад сваіх бацькоў адмаўляцца не збіраемся...

Дачакаліся браты раніцы і, як ні ў чым не бывала, пайшлі на працу. Адшчыравалі на ніве і вярталіся дамоў. А бацькі стаялі і пазіралі на дарогу. Канечне, і ім не хацелася ў той глухі лес, ды не паказвалі выгляду, стаялі і перамаўляліся:

—   Глядзі ты, як бойка крочаць, нібы нічога і не здарылася, — не ўтрываў стары.

—   А што такога здарылася? — уступілася за дзяцей жонка.

—   Ды падумалася...

—   Табе падумалася, і адразу ляпаеш абы-што. А ім, думаеш, лёгка ўсё гэта рабіць?

 

Сыны не надта спяшаліся да бацькоў. Павячэралі, пераапрануліся і тады толькі падаліся ў другую палову хаты.

Бацькі ўжо сядзелі таксама апранутыя і нейкія сцішаныя.

—  Ну што, пайшлі? — звярнуўся Сцяпан да старых.
Тыя моўчкі ўсталі, паглядзелі па кутах, гаспадыня для нечага падгрэбла вугольчыкі на прыпечку, і пераступілі парог.

—  У апошні раз, — падаў голас стары.

Яго, праўда, ніхто не падтрымаў. Гаспадыня плакала, а сыны, здавалася, не звярталі на гэта ўвагі. Далей крочылі моўчкі. Стары ўсё парываўся нешта сказаць, але баяўся, што астатнія здагадаюцца, як яму зараз цяжка і як не хочацца пакідаць родны падворак. Калі падышлі да старой варыўні, якая самотна віднелася ў змроку, то гаспадар не вытрымаў і заплакаў:

—   Чаго ты, мужу? — падала голас гаспадыня.

—   Ды ўсё ж сваімі рукамі стаўляў і болей ніколі не ўбачу... Назаўсёды развітваемся...

—   Што зробіш, не адным нам такі лёс выпаў...

—   Так-то, яно так, але гэта не суцяшэнне.

Увайшлі ў лес. Сцяпан, які ішоў першым, перасцярог:

—   Асцярожна, каб вочы не павыбіваць.

—   А навошта яны нам, вочы? — здзівіўся бацька. — На пару гадзін, а там...

—  Гэта яшчэ як сказаць, — азваўся Іван. — Вочы губляць не спяшайцеся, яны заўсёды спатрэбяцца. Так, братка?

Колькі часу ішлі моўчкі, а потым Сцяпан перабіў цішыню:

—    Што, можа, адпачнём?

—    Які адпачынак? Ты што, здурнеў? — накінуўся на яго бацька. — Калі так сунуцца будзем, то вы нас і за двое сутак ў глухі бор не заведзяце...

—    Туды паспеем, — заключыў Іван. — Сядайце ды адпачніце.

Старыя моўчкі селі, але па ўсім было відаць, што іх гэтая прапанова насцярожыла.

—    I доўга мы тут валэндацца будзем? — загаманіў стары.

—    Пасядзім з гадзінку, а потым і далей пойдзем.

—    Гадзінку?!

—    А што, мала?

—    Не смейцеся!

—    Мы і не смяёмся.

—    Збірайцеся ды пакіруем далей.

—    Не спяшайся, бацька...

—    Растлумачце, што задумалі.

—    Ды ўжо ж давядзецца... Мы не пойдзем у той глухі куток, куды раней бацькоў вадзілі...

—    А куды?

—    Мы ўсе назад вернемся.

—    Ой, дзеткі мае, а чаму ж гэта? — ускінула рукі матуля.

—    Вельмі проста — мы не хочам вас губляць. Пракарміць вас пракормім у любым выпадку, а на з'ядзенне дзікім звярам не аддадзім.

—    А што людзі скажуць?

—   Раней жа нічога не казалі, калі безабаронных старых пасярод пушчы кідалі. Нікому і ў галаву не прыходзіла апраўдвацца.

Старыя змоўклі. Сыны, заўважыўшы іхнія ваганні, пачалі пераконваць далей:

—   Мы ўсё прадумалі. Будзеце жыць у старой варыўні, што ў канцы агарода, а мы вам будзем есці па чарзе насіць.

—    Але ж калі нехта заўважыць? — нерашуча запытаўся бацька.

—   А мы, па-першае, нікога не баімся. Мы — вашыя дзеці, і гэтым усё сказана. Мы так вырашылі, — катэгарычна адрэзаў Іван.

Вярнуліся яны дамоў.. Жонкі сыноў, можа, пра нешта і здагадваліся, але выгляду не падавалі. А сынам радасна было, што сваіх старых уратавалі ад вернай смерці. Вечарам каторы заходзіў у варыўню пагаманіць з бацькамі, ды яшчэ спецыяльна прасіў:

—   Мы заўтра далекавата ад хаты будзем. Вы сачыце за малымі. Не вылазьце, але калі што якое, то голас падайце, а мы іх папярэдзім, скажам, што за імі будзе лесавік наглядаць і, калі што якое, пакрыкваць.

—   Добра, сынку, — радаваліся дзед з бабай. — Нам бы толькі працу якую, а то сумна, маркотна без яе сядзець.

—   Будзе яшчэ і праца, не спяшайцеся. Усё будзе.
Так і мінаў час. Усё ішло спакойна да тае пары, пакуль ліха не здарылася: загаманілі людзі, што паморак пачаў лютаваць у гэтым краі, а як ад яго ратавацца, ніхто і не ведаў. Адзін тое раіў, другі — другое казаў, ды не атрымлівалася нічога. А ўжо з суседніх паселішчаў прыбягалі:

—  Паморак... Паморак набліжаецца... Ратуйцеся...
Тады браты вырашылі запытацца ў бацькі. Ён жа намнога за іх старэйшы і павінен ведаць, як людзей уратаваць ды іхнюю жывёлу.

Вечарам пайшлі абодва ў варыўню і распавялі бацьку пра паморак. Той уважліва выслухаў, памаўчаў і прамовіў:

—   Быў некалі, у маёй маладосці, такі выпадак. Ратаваліся мы тады ад пошасці, але гэта амаль тое самае. I нам удалося вырвацца з зубоў смерці...

—   А як?

—   Мы лес валілі і на свежае месца хаціны пераносілі.

Да сябе ніякіх людзей не дапускалі, жывёлу трымалі ў хлявах, дымам абкурвалі ўсё навокал, Калі дрэвы валілі, то дроў жа хапала. Сцяпан падаў голас:

—   Ці многа, бацька, мы з Іванам навалім? Тут трэба ўсё хутка зрабіць.

—   А вы не самі. Вы талакою.

—   А гэта яшчэ што такое?

—   Гэта калі ўсе людзі разам збяруцца і адну працу робяць, у дадзеным выпадку — дрэвы валяць.

Радасныя сыны з самае раніцы паджгалі да вяскоўцаў. Растлумачылі, што да чаго, і давай рабіць так, як бацька навучыў. I што ж вы думаеце? Уратаваліся. Усе выжылі, ніхто не памёр. Тады кінуліся аднавяскоўцы да братоў:

—   Хто ж вас навучыў?

—  Ды бацька падказаў.

—  Чый?
           — Наш.

Перасталі тады людзі старых людзей у глухі лес паміраць вадзіць, а наладзілі вялікае гулянне. Ехаў адзін падарожны тым краем і запытаўся:

—  Чаго гэта ў вас такая калатнеча?

—  Ад талакі калатнеча, — адказвалі яму радасныя людзі.

Нічога той не зразумеў добра, а паехаў хутчэй далей, часта пра сябе паўтараючы: «Ад талакі калатнеча... Ад талакі калатнеча...»

Паўтараў, пакуль не пераблытаў і не атрымалася: «У талачы калатнеча...»

Таму людзі і назвалі тое вясёлае паселішча Талачын, такую далі назву, якая вяла свой пачатак ад талакі.

 

ЛІТАРАТУРА 

1. Гвоздева, Л.У. Легенды і паданні Друцкай зямлі / Л.У. Гвоздева // Древнему Друцку 1000 лет : материалы к научно-практической конференции / сост. И.А. Шишкова [и др.]. – Витебск, 2001. – С. 69–75.

2. Талачын // Віцебшчына : Назвы населеных пунктаў паводле легендаў і паданняў / склад. А.М. Ненадавец. – Мн., 2000. – С. 376383.

 

ЛЕГЕНДЫ І ПАДАННІ   ГарадЫ ВОБЛАСЦІ   ГЕРАЛЬДЫКА

ПІСЬМЕннікі, паэты, літаратары   МАСТАКІ   ВЫДАТНЫЯ І ЗНАКАМІТЫЯ ЛЮДЗІ

ГЕРОІ САВЕЦКАГА САЮЗА   ГЕРОІ САЦЫЯЛІСТЫЧНАЙ ПРАЦЫ

Галоўная  Карта сайта

© ГУ "Витебская областная библиотека им. В. И. Ленина", 2006 - 2009