Герб г. Талачын

Гісторыя

 

галоўная  >  прыдзвінскі край  >  ТАЛАЧЫНСКІ РАЁН  >  Гісторыя >

 

ПАСЛЯВАЕННЫ ПЕРЫЯД  >

 

Горад Талачын сённяЗ руін і папялішчаў адраджаўся Талачын, пасёлкі і вёскі раёна. Паўтара дзесяцігоддзя спатрэбілася гораду, каб залячыць раны вайны. Людзі працавалі самааддана, стойка пераадольваючы пасляваенныя цяжкасці. Раённая газета «Чырвоны хлебароб» 25.07.1944 г. паведамляла:

«Ажыў пасля вызвалення ад фашыстаў Талачын... Зараз у горадзе аднаўляецца электрастанцыя, якая хутка дасць святло на прадпрыемствы і ў дамы гараджан. Працуе кузня, швейная арцель, маслазавод, бальніца, хлебапякарня, амбулаторыя, адкрыты магазін, дзе працоўныя горада атрымліваюць некаторыя тавары, 2 сталовыя, гарадская лазня, сукнавальня. Арганізоўваецца арцель «Інвалід вайны». У раёне пачалі працаваць 5 медыцынскіх устаноў, медыцынскія пункты.

Па выніках работы ў ільнаводстве за 1955—1956 гг. раён быў удзельнікам Усесаюзнай сельскагаспадарчай выстаўкі, адзначаны Дыпломам II ступені і медалём, прэміраваны грузавой аўтамашынай. Пастаяннымі ўдзельнікамі выстаўкі сталі калгасы «XVIII партз'езд», імя Дзімітрава, «Перамога», імя Энгельса і многія калгаснікі. Далёка за межамі раёна сталі вядомы прозвішчы даярак В.С. Галубцовай з саўгаса «Рэканструктар», М.С. Матросавай з калгаса імя Энгельса, К.К. Кудзян з калгаса «XX з'езд КПСС», звеннявых па вырошчванні льну В.П. Кароткай і М.I. Савік з калгаса «XVIII партз'езд», В.М. Зайцавай і Н.С. Лісоўскай з калгаса «Перамога» і інш.

Раслі даходы калгасаў, паляпшаліся быт і культура хлебаробаў. У раёне працавалі 2 Дамы культуры, 12 дзяржаўных сельскіх клубаў і столькі ж хат-чытальняў, 17 гарадскіх і сельскіх бібліятэк, 40 калгасных і брыгадных клубаў. Кніжны фонд устаноў культуры налічваў каля 130 тыс. экз. кніг. Для параўнання, у 1899 г. насельніцтва 5 валасцей Талачыншчыны па падпісцы атрымлівала 204 экз. газет і часопісаў (галоўным чынам памешчыкі, духавенства, чыноўнікі) і ні аднаго з іх на роднай мове. У 1957 г. сярэдняя індывідуальная падпіска аднаго калгаса перасягала гэту лічбу, а па раёне падпіска склала 20 800 экз., больш за палавіну з іх — на беларускай мове.

Дзякуючы самаадданай працы людзей і дапамозе дзяржавы да 1959 г. даваенны ўзровень па асноўных паказчыках развіцця эканомікі горада і раёна быў значна перавышаны. Былі пабудаваны масласырзавод у Талачыне, ільнозавод у Коханаве, торфабрыкетны завод «Усвіж-Бук».

3 1959 г. да 1965 г. валавыя зборы збожжа выраслі ў 2  разы;  пагалоўе  буйной рагатай   жывёлы павялічылася на 79,9%, свіней — на 41%, вытворчасць мяса вырасла ў 2 разы,   малака — на 92%, яек — у 6,2 разы. Падвоіліся даходы калгасаў, аплата працы калгаснікаў павялічылася ўдвая,  а рабочых   саўгасаў — у 1,5 раза. Асноўныя вытворчыя фонды прадпрыемстваў выраслі ў 2,3 раза, аб'ём вытворчасці — на 73,6%.

У 1976—1980 гг. працоўныя Талачыншчыны зрабілі новы крок наперад у развіцці эканомікі і культуры вытворчасці. Аб'ём прамысловай прадукцыі вырас на 8,5 %. Звыш плана за гэты час зроблена прамысловай прадукцыі на 2 млн. 159 тыс. рублёў. Добрых вытворчых паказчыкаў дасягнулі калектывы Талачынскага масласырзавода, ільнозавода. дрэваапрацоўчага цэха лясгаса, Талачынскага філіяла Віцебскага тэкстыльнага вытворчага аб'яднання, МПМК № 37 і іншыя.

Паводле генеральных планаў, распрацаваных у 1968 г. і 1977 г., у Талачыне выраслі новыя жылыя дамы, вытворчыя карпусы, створаны мікрараён. Цэнтр забудаваны 2—4-павярховымі дамамі. 3 невялікага мястэчка, якім быў дарэвалюцыйны Талачын, ён ператварыўся ў сучасны горад, звязаны чыгуначнымі і аўтамабільнымі маршрутамі з Віцебскам, Оршай, Магілёвам, Мінскам. Шырокая сетка дарог і блізкасць да буйных прамысловых і культурных цэнтраў дабратворна ўплывае на эканамічнае, індустрыяльнае і культурнае развіццё горада і раёна. У горадзе ёсць крухмальны завод, тэкстыльная фабрыка, элеватар і іншыя прадпрыемствы. Прамысловыя прадпрыемствы горада выпускаюць розныя віды  вырабаў, многія з якіх вядомы ў рэспубліцы і за яе межамі. Працуюць 3 сярэднія, 1 пачатковая школы, Дом культуры, 4 бібліятэкі. У горадзе выдаецца раённая газета «Наша Талачыншчына». На 2003 год у Талачыне было 10,4 тыс. жыхароў.

 

Літаратура 

1. Арлоўскі, А. Не хлебам адзіным / А. Арлоўскі // Наша Талачыншчына. – 2006. – 18 лют.

2. Мяснікаў, А. Талачынскія эцюды / А. Мяснікаў // Звязда. – 1995. – 20 крас.

3. Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Талачынскага раёна / рэдкал. І.П. Шамякін [і інш.]. – Мн., 1988. – 654 с.

4. Хмялюк, М. Успомнім іх пайменна / М. Хмялюк // Наша Талачыншчына. – 2004. – 10 крас.

5. Шнэйдар, А. Навагодняя ёлка 1944 года / А. Шнэйдар // Наша Талачыншчына. – 2006. – 30 снеж.

6. Шнэйдар, А. У мірнай працы / А. Шнэйдар // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Талачынскага раёна / рэдкал. І.П. Шамякін [і інш.]. – Мн., 1988. – С. 577–584.

7. Шутава, В. Сацыяльныя стандарты – не для паказухі / В. Шутава // Звязда. – 2005. – 25 мая.

 

ЛЕГЕНДЫ І ПАДАННІ   ГарадЫ ВОБЛАСЦІ   ГЕРАЛЬДЫКА

ПІСЬМЕннікі, паэты, літаратары   МАСТАКІ   ВЫДАТНЫЯ І ЗНАКАМІТЫЯ ЛЮДЗІ

ГЕРОІ САВЕЦКАГА САЮЗА   ГЕРОІ САЦЫЯЛІСТЫЧНАЙ ПРАЦЫ

Галоўная  Карта сайта

© ГУ "Витебская областная библиотека им. В. И. Ленина", 2006 - 2009