Герб г. Талачын

Гісторыя

 

галоўная  >  прыдзвінскі край  >  ТАЛАЧЫНСКІ РАЁН  >  Гісторыя >

 

ВЯЛІКАЯ АЙЧЫННАЯ ВАЙНА  >

 

У пачатку Вялікай Айчыннай вайны ўпартыя баі на тэрыторыі Талачынскага раёна вяла 1-я Маскоўская мотастралковая дывізія пад камандаваннем палкоўніка Я.Р. Крэйзера. Жорсткія баі разгарнуліся за Талачын. Увечары 5 ліпеня вораг захапіў аўтамагістраль Мінск—Масква на ўчастку ад Славеняў да Талачына. Неабходна было вызваліць горад і зноў авалодаць аўтастрадай. Каля 16 гадзін працягваўся бой за Талачын, на працягу сутак дывізія ўтрымлівала горад, які двойчы пераходзіў з рук у рукі. Савецкія войскі ўзялі ў палон каля 800 салдат і афіцэраў праціўніка, захапілі сцяг 47-га Берлінскага танкавага корпуса. У баях пад Талачыном вызначыліся батальёны капітанаў В.І. Былінкіна і П.І. Шурухіна (пазней двойчы Герой Савецкага Саюза). 9 - 10 ліпеня 1941 г. дывізія вяла абарончыя баі каля Коханава і нанесла значныя страты 18-й танкавай дывізіі праціўніка. 10 ліпеня, абараняючы мост цераз р. Друць, наводчык гарматы радавы М.М. Дзмітрыеў знішчыў 3 варожыя танкі, быў цяжка паранены. 31.08.1941 г. яму было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

Дзеянні бамбардзіровачных палкоў прыкрывалі лётчыкі 401-га знішчальнага авіяпалка, якім камандаваў Герой Савецкага Саюза С.П. Супрун. 4 ліпеня ў небе Талачыншчыны каля в. Манастыры ў няроўным баі з 6 варожымі самалёт С.П. Супун загінуў. 22.07.1941 г. яму ў другі раз прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Званне Героя Савецкага Саюза 22.07.1941 г. атрымаў і камандзір 1-й Маскоўскай мотастралковай дывізіі Я.Р. Крэйзер.

Талачынскі раён быў акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопніхамі ў 1-й палавіне ліпеня, Талачын — 8 ліпеня 1941. У буйных населеных пунктах былі размешчаны вайсковыя гарнізоны, у вёсках прызначаны старасты, у цэнтрах сельсаветаў і раённым цэнтры - бургамістры. Да канца 19410 г. у лясах Талачынскага і сумежных з ім раёнах з’явілася шмат асобых груп з ваеннаслужачых, параненых у баях і адстаўшых у час выхаду з акружэння ад сваіх часцей. Байцы ўстанавілі цесныя сувязі з камуністамі і камсамольцамі, патрыятычна настроенай часткай насельніцтва. За час акупацыі гітлераўцы правялі на тэрыторыі раёна карныя аперацыі № 9 (ліпень—жнівень 1942), «Сава» № 38 (верасень 1942), «Карлсбад» (кастрычнік 1942), спалілі 44 вёскі (адна не адрадзілася).

12 верасня 1942 г. карнікі ўварваліся ў в. Рыдамля. Старыя, жанчыны і дзеці, якія не паспелі ўцячы ў лес, хаваліся ў паграбах, ямах, бліндажах, акопах. Карнікі падпалілі вёску, ямы і паграбы закідвалі гранатамі, абстрэльвалі з аўтаматаў, людзей кідалі ў агонь жывымі. Было спалена 136 дамоў, забіта 81 і паранена 43 чалавекі.

28 мая 1943 г. карнікі спалілі 24 двары ў в. Сіманава і 14 жыхароў у тым ліку 3 дзяцей, у склепе.

3 лістапада 1943 г. трое партызан з брыгада «Граза» прыбылі ў в. Замошша Коханаўскага сельсавета, каб папярэдзіць пра аблаву для адпраўкі ў Германію. Неўзабаве ў вёсцы з’явілася нямецкая легкавая машына. Паміж партызанамі і фашыстамі завязалася перастрэлка, у выніку нямецкі падпалкоўнік быў забіты, яго шафёр паранены. Праз некалькі хвілін з’явіліся карнікі, якія сталі расстрэльваць усіх, хто не паспеў уцячы, паліць хаты. На наступны дзень карнікі вярнуліся і спалілі апошнія 14 двароў. У вёсцы было спалена 59 двароў і забіта 19 жыхароў.

Каля 100 талачынцаў прайшлі праз усе жахі і выпрабаванні, што выпалі на долю вязняў фашысцкіх канцлагераў.

На тэрыторыі Талачынскага раёна дзейнічалі Талачынскія падпольныя райкамы КП(б)Б і ЛКСМБ, партызанскія брыгады 1-я Смаленская, 2-я Беларуская імя Панамарэнкі (2-га складу), 2-я імя Заслонава, 8-я Круглянская, «Граза», М.П. Гудкова, дыверсійная Беларуская імя Леніна, «Чэкіст», Круглянская ваенна-аператыўная група, партызанскія палкі «Трынаццаць» і Смаленскі, партызанскія атрады 1-ы, 5-ы, 8-ы, 10-ы, 24-ы, 30-ы і «Трэці».

Вясной і летам 1942 г. на тэрыторыі раёна ўзнікла 12 партызанскіх груп. Для правядзення больш значных аперацый неабходна было аб'яднаць групы ў атрады. Так былі створаны атрады «Чэкіст», «Гая», «Перамога», М.П. Гудкова. На працягу лета 1942 г. дзякуючы паспяховым дзеянням партызан тэрыторыя Талачынскага раёна была амаль поўнасцю ачышчана ад варожых фарміраванняў, узмоцненыя гарнізоны засталіся толькі ў некалькіх буйных населеных пунктах. У маі—жніўні 1942 г. атрады былі разгорнуты ў партызанскія брыгады «Граза», М.П. Гудкова, «Чэкіст». За лета 1942 г. партызанамі гэтых брыгад разам з асобнымі дыверсійнымі групамі на ўчастках Слаўнае—Коханава і Лотва—Шклоў былі падарваны каля 60 эшалонаў. Буйную і добра арганізаваную аперацыю на чыгуначнай станцыі Слаўнае правялі партызаны некалькіх атрадаў 8-й Круглянскай брыгады пад агульным кіраўніцтвам камандзіра брыгады С.Г. Жуніна. 28.08.1942 г. у ходзе 3-гадзіннага бою гарнізон праціўніка быў разгромлены. Партызаны знішчылі будынак станцыі, 6 складоў з ваеннай маёмасцю, харчаваннем і фуражом, казармы гітлераўцаў, будынак валасной управы, 2 вайсковыя эшалоны з тэхнікай, вывелі са строю 2 вадакачкі, воданапорную вежу. Сумесна з групамі рэзерву падарвалі і знялі рэйкі на працягу 3 км, знішчылі каля 5 км тэлефонна-тэлеграфнай лініі сувязі. Праціўнік страціў забітымі каля 120 чалавек. У выніку бою рух па чыгунцы быў затрыманы на некалькі сутак. Фашысцкае камандаванне за гэту ваенную акцыю партызан сагнала сваю злосць на мірных жыхарах. Гітлераўцы вывезлі ў Крупкі і расстралялі 100 мірных жыхароў Талачыншчыны, сярод якіх былі старыя, жанчыны, дзеці.

У ліпені 1943 года распачаў работу Талачынскі падпольны райкам партыі, які ажыццяўляў арганізацыйнае і палітычнае кіраўніцтва дзейнасцю партызанскіх брыгад. У жніўні 1942 года на тэрыторыю раёна прыбыла ўпаўнаважаная ЦК ЛКСМБ па Талачынскім раёне Л.М. Міхайлава.

У час правядзення аперацыі «рэйкавая вайна» партызаны 2-й брыгады імя Заслонава падарвалі больш за 300 рэек, 8-й Круглянскай брыгады — больш за 1 тыс. рэек, брыгады «Граза» — больш за 500 рэек, вялі баі каля в. Рыдамля, Усвейкі, Мураўнічы, у лютым 1944 г. разграмілі варожы гарнізон у в. Курчаўская Усвейка, партызаны брыгады М.П. Гудкова падарвалі больш за 40 эшалонаў, у жніўні 1943 г. — больш за 500 рэек, партызаны 5-га атрада — больш за 100 рэек, з мая 1943 г. да мая 1944 г. падарвалі ЗЗ эшалоны, на станцыі Талачын спалілі склад з боепрыпасамі, 8-га атрада — больш за 120 рэек.

 

Група афіцэраў 1-й Маскоўскай мотастралковай дывізіі пасля ўручэння ўзнагарод. 1941 г. Воіны 1-й Маскоўскай мотастралковай дывізіі ў перапынку паміж баямі. Лета 1941 г. Зямлянка партызанскай брыгады  М.П. Гудкова Варожы эшалон, пушчаны пад адхон дыверсійнай групай П.А. Шафранскага на лініі Талачын — Коханава каля пераезда Пярэвалачня летам 1942 г.

 

Маладыя партызаны брыгады М.П. Гудкова К.Д. Мяснікаў і А.К. Зелюткоў схавалі перададзены ім у жніўні 1941 г. афіцэрамі-акружэнцамі сцяг 56-й Маскоўскай стралковай дывізіі, які летам 1943 г. быў перапраўлены на Вялікую зямлю.

Талачынскі раён вызвалялі войскі 3-га Беларускага фронту ў ходзе Віцебска-Аршанскай (23—28 чэрвеня 1944 г.) наступальнай аперацыі. Баявыя дзеянні вялі злучэнні 8-га і 16-га гвардзейскіх карпусоў 11-й гвардзейскай арміі, войскі 5 -й гвардзейскай танкавай і 31-й армій, 3-га гвардзейскага кавалерыйскага корпуса. Горад Талачын вызвалены 26.06.1944 г. часцямі 144-й стралковай дывізіі 5-й арміі ва ўзаемадзеянні з 19-й гвардзейскай танкавай брыгадай 5-й гвардзейскай танкавай арміі; гарадскі пасёлак Коханава — 26.06.1944 г. часцямі 2-га гвардзейскага танкавага корпуса 11-й гвардзейскай арміі.

 Пры вызваленні Талачынскага раёна вызначыліся: Героі Савецкага Саюза малодшы лейтэнант М.М. Альшэўскі, гвардыі маёр М.С. Калашнікаў, французскі лётчык Жак Гастон.

 Мужнасць і адвагу праявілі ў баях з ворагам  лётчыкі – сыны Сцяпана Паўлавіча Пляца з в. Азярцы Іван, Дзмітрый, Леанід і Міхаіл. Жонкі Міхаіла і Леаніда — лётчыцы, Героі Савецкага Саюза Р.Е. Аронава і Р.С. Гашава. За гады вайны “сям’ёй крылатых” здзейснена 2465 баявых вылетаў. Каля 100 ордэнаў і медалёў атрымала за ратныя і працоўныя подзвігі сям'я Пляцаў.

У кнізе “Памяць. Талачынскі раён” названы прозвішчы 365 савецкіх воінаў, якія загінулі пры абароне і вызваленні Талачынскага раёна і пахаваны на яго тэрыторыі; прозвішчы 4903 воінаў-землякоў, што загінулі ці прапалі без вестак на франтах вайны; прозвішчы 1300 партызан, падпольшчыкаў, асоб, якія садзейнічалі партызанскаму руху і падполлю, членаў іх сем’яў і мірных жыхароў – ахвяр фашызму.

 

Літаратура 

1. Вовченко, И. Ах, Толочин, ты, Толочин / И. Вовченко // Танкисты : документальная повесть. – М., 1976. – С. 222-236.

2. Маціеўскі, М. Вёска [Рыдамля] гарэла, а кветкі цвілі.../ А. Маціеўскі // Белорусская нива. – 2003. – 3 дек.

3. Мілохін, С. Першы бой пад Талачыном / С. Мілохін // Сцяг Ільіча (Талачын). – 1991. – 25 мая.

4. Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Талачынскага раёна / рэдкал. І.П. Шамякін [і інш.]. – Мн., 1988. – 654 с.

5. Талачынскі раён // Памяць Беларусі : Рэспубліканская кніга / рэдкал. Г.П. Пашкоў [і інш.]. – Мн., 2005. – С.220 – 223.

6. Хмелюк, М. В том далеком, памятном году… / М. Хмелюк // Наша Талачыншчына. – 2006. – 21 чэрв.

7. Хруцкі, К. Нас вадзіла маладосць на бітву з ворагам / К. Хруцкі // Віцебскі рабочы. – 1997. – 9 ліп.

8. Шнейдер, А. Холокост в Толочине / А. Шнейдер // Наша Талачыншчына. – 2006. - 6 мая.

9. Шнэйдар, А. Вызваленне / А. Шнэйдар // Сцяг Ільіча (Талачын). – 1999. – 2 ліп.

10. Шнэйдар, А. Расправа і адплата / А. Шнэйдар // Віцебскі рабочы. – 1984. – 30 жн.

11. Яны загінулі за радзіму // Сцяг Ільіча (Талачын). – 1998. – 29 жн., 5 верас., 12 верас., 26 верас.

 

ЛЕГЕНДЫ І ПАДАННІ   ГарадЫ ВОБЛАСЦІ   ГЕРАЛЬДЫКА

ПІСЬМЕннікі, паэты, літаратары   МАСТАКІ   ВЫДАТНЫЯ І ЗНАКАМІТЫЯ ЛЮДЗІ

ГЕРОІ САВЕЦКАГА САЮЗА   ГЕРОІ САЦЫЯЛІСТЫЧНАЙ ПРАЦЫ

Галоўная  Карта сайта

© ГУ "Витебская областная библиотека им. В. И. Ленина", 2006 - 2009