Герб г. Талачын

Гісторыя

 

галоўная  >  прыдзвінскі край  >  ТАЛАЧЫНСКІ РАЁН  >  Гісторыя > дарэвалюцыйны перыяд >

 

Талачынская зямля ў канцы XVIII – першай палове XIX стагоддзя

 

Гісторыя нашага маленькага старажытнага гарадка неадрыўная ад лёсу Беларусі. Што ж адбывалася на гэтай зямлі ў канцы XVIII — пачатку XIX стагоддзя?

Скарыстаўшы ўнутраную слабасць Рэчы Паспалітай, у 1772 годзе суседнія моцныя дзяржавы — Прусія, Аўстрыя і Расія — ажыццявілі першы яе падзел. У выніку чаго ўсходняя частка Беларусі адышла да Расіі. Граніца прайшла па рэках Друць, Дняпро і Заходняя Дзвіна.

Размешчаны на Друці, Талачын стаў пагранічным горадам. Граніца нават падзяліла яго на дзве часткі: паўднёва-заходняя засталася за Польшчай, паўднёва-ўсходняя адышла да Расіі. Улады апошняй адразу паставілі ў гарадку гарнізон на чале з ваяводам і заснавалі мытню. Паралельна граніцы была пракладзена грунтавая дарога з Рагачова ў Талачын. Пабудаваная ў ваенных мэтах, яна мела адначасова і гандлёвае значэнне,

Аб'яднанне Талачына адбылося пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 годзе. Пасля гэтай падзеі ў горадзе была заснавана станцыя Маскоўска-Брэсцкай грунтовай дарогі.

Далучэнне да Расіі, якая была ў эканамічных адносінах больш развітай, чым Рэч Паспалітая, дало штуршок Беларусі да эканамічнага развіцця. У 1796 годзе і ў нашым краі з'явіліся першыя прадпрыемствы — цагляныя заводы. У пачатку XIX стагоддзя Талачын уваходзіў у склад Капыскага павета Магілёўскай губерні і налёжаў князю Сангушку. Падарожнікам, што праязджалі міма, ён уяўляўся то вялікай вёскай, то горадам, нават большым за Оршу, у залежнасці ад крытэрыя ацэнкі. Самавітасці гораду ў 287 дамоў надавалі 2 касцёлы, царква, 4 школы, больш за 30 гандлёвых лавак, што існавалі ў Талачыне ў 1812 годзе, напярэдадні напалеонаўскага нашэсця,

Неўзабаве пачаліся цяжкія выпрабаванні — Айчынная вайна 1812 года. Ідучы праз Талачын на Оршу, французы паводзілі сябе, як паводзяць усе захопнікі, што спадзяюцца на хуткую і лёгкую перамогу: за імі заставаліся спаленыя, разрабаваныя вёскі, забітыя мірныя грамадзяне. Але жыхары Талачынскага краю не збіраліся скарацца ворагу і, як маглі, супраціўляліся захопнікам. Сяляне вёскі Маляўка спалілі ў канюшні групу спячых французскіх салдат, тром французам знайсці свой вечны прытулак на нашай зямлі дапамог жыхар вёскі Кацэвічы Ляховіч. Дакументы таго часу данеслі да нас шмат прыкладаў патрыятызму продкаў. Знаходзіліся і здраднікі. На службу да захопнікаў пайшла частка памешчыкаў польскага паходжання. Яны спадзяваліся, што з дапамогай Напалеона магчымым будзе адраджэнне Вялікага княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай. Мясцовыя "ржонды" рэквізавалі ў насельніцтва для сваіх французскіх гаспадароў хлеб, збожжа, сена, гарэлку, жывёлу і звозілі на харчовыя склады ў Талачын.

Калі ў лістападзе 1812 года рэшткі напалеонаўскіх армій адступалі ад Оршы на Барысаў, яны зноў прайшлі праз Талачын. Але гэта былі ўжо не тыя нахабныя і самаўпэўненыя заваёўнікі. Па шляху Смаленск — Мінск на іх наступаў генерал Карпаў, з правага боку ішлі казакі генерала Платава, з левага, праз Круглае генерал-фельдмаршал Кутузаў. Праехаў праз Талачын і Напалеон, нават затрымаўся на ноч у манастыры. Аб чым думаў нешчаслівы палкаводзец за тоўстымі манастырскімі сценамі халоднай лістападаўскай ноччу, ніколі мы не дазнаемся. На другі дзень пасля яго адбыцця ў горад увайшлі рускія войскі і захапілі тут у палон каля 600 салдат і афіцэраў варожай арміі.

Вайна скончылася, наступіў час лічыць страты. Смаленскі губернскі пракурор адзначаў у сваёй ведамасці, што каля Талачына разрабавана і спалена звыш 12 вёсак, знішчаны панскія фальваркі ў Юзафполлі, Зарэчным, Талачыне, Азерцах. У горадзе абрабаваны ўсе лаўкі і школы, спалена 148 дамоў. Але аднаўляўся Талачын хутка, таму ў 1825 годзе прапаноўвалася перанесці ў яго павятовае ўпраўленне.

Развіццё капіталістычных адносін, пашырэнне гандлю ў першай палове ХІХ стагоддзя на Беларусі садзейнічала эканамічнаму і сацыяльнаму развіццю нашага краю. 

Панская гаспадарка паступова губляла свой натуральны характар. Пашырэнне памешчыцкага землеўладання адбывалася за кошт скарачэння   сялянскіх   зямельных надзелаў. Калі ў 1749 годзе на 288 двароў у Талачыне прыходзілася 4600 дзесяцін зямлі, то ў 1859 на 257 двароў — усяго 3563 дзесяціны. Адначасова памешчыкі павялічвалі колькасць дзён паншчыны. Як сведчаць дакументы, у 40 - 50-ыя гады сяляне князя Сангушкі, графіні Варанцовай сотнямі пасылаліся з коньмі для перавозкі лесу да сплаўных месцаў. Сяляне з вёсак Заполле і Замошша працавалі на панскіх палях ад усходу да захаду сонца, а потым да поўначы выконвалі іншыя работы: малацілі збожжа,  малолі яго ў жорнах, секлі дровы.

На Талачыншчыне, як і па ўсёй Беларусі, з'явілася і пачала развівацца памешчыцкая мануфактура, дармавой рабочай сілай на якой былі прыгонныя сяляне. Яны выконвалі больш простую і цяжкую работу, а складаную работу рабілі запрошаныя з замежжа майстры.
У 1835 годзе пан В. Славінскі пабудаваў у Пасмурках шкляны завод, у 1858 годзе на ім працавалі 40 прыгонных сялян і 14 вольнанаёмных, з якіх 12 майстроў былі з Маскоўскай губерні.

36 прыгонных сялян на цукровым заводзе Шытта, што быў у Нізкім Гарадцы. I на гарбарным заводзе ў Талачыне таксама пакутвалі прыгонныя сяляне.

Мясцовая прадукцыя, па-большасці, вывозілася ў Санкт-Пецярбург, Прыбалтыку, Польшчу, часткова прадавалася на кірмашах у Коханаве і Талачыне.

Прамысловасць нашага краю была дробнай і развівалася вельмі марудна. Да таго памешчыцкая мануфактура пераважала над капіталістычнай.  Тлумачыцца гэта існаваннем прыгоннага права, адсутнасцю багатых прадпрымальнікаў. Таму і ў сярэдзіне XIX стагоддзя асноўным заняткам насельніцтва Талачыншчыны заставалася земляробства.

У. Цурко

 

ЛЕГЕНДЫ І ПАДАННІ   ГарадЫ ВОБЛАСЦІ   ГЕРАЛЬДЫКА

ПІСЬМЕннікі, паэты, літаратары   МАСТАКІ   ВЫДАТНЫЯ І ЗНАКАМІТЫЯ ЛЮДЗІ

ГЕРОІ САВЕЦКАГА САЮЗА   ГЕРОІ САЦЫЯЛІСТЫЧНАЙ ПРАЦЫ

Галоўная  Карта сайта

© ГУ "Витебская областная библиотека им. В. И. Ленина", 2006 - 2009