Гісторыя

 

галоўная  >  прыдзвінскі край  > пастаўскі раён  >  Гісторыя >

 

РЭВАЛЮЦЫЙНЫЯ ПАДЗЕІ І ЎСТАНАЎЛЕННЕ САВЕЦКАЙ УЛАДЫ  >

 

Узброенае Кастрычніцкае паўстанне ў Петраградзе было прыязна сустрэта насельніцтвам Пастаў і салдатамі Пастаўскага гарнізона. Частка палкоў ужо 26 кастрычніка 1917 года правяла арышты штабоў, арганізавала перавыбары салдацкіх камітэтаў. Батарэі пачалі перамяшчацца да чыгуначнай станцыі, каб пры неабходнасці выступіць на падтрымку рэвалюцыі. У гэты час стыхійна і больш-менш арганізавана праходзілі мітынгі з удзелам меньшавікоў і эсэраў. У вёсках Андроны, Цёплыя, Васіліны, Чарэмушнікі Падзісённыя, Кураполле, Бароўкі агітацыю распачалі прыхільнікі шляхціца Дамброўскага, а ў іншых населеных пунктах – графа Пшаздзецкага.

Прадстаўнікам бальшавікоў удалося арганізавана правесці шматлюдны мітынг у цэнтры Пастаў з мэтай падтрымкі ўлады Саветаў. Значны ўплыў на сітуацыю аказаў 2-гі армейскі з’езд салдацкіх дэпутатаў 3-й арміі.

На рэвалюцыйны настрой насельніцтва Пастаўшчыны ўплывала і тое, што вярталіся ў родны край многія сяляне, якія раней вымушана пакідалі яго і ехалі працаваць у Пецярбург, на шахты Данбаса і заводы Украіны. Там яны станавіліся рабочымі, пранікаліся пралетарскай ідэалогіяй. Вяртаючыся дадому, яны распаўсюджвалі пралетарскія ідэі сярод землякоў.

Да сярэдзіны лістапада 1917 года ўся ўлада ў вайсковых частках Пастаўскага гарнізона і ў горадзе, а таксама па ўсёй лініі фронту 3-й арміі перайшла да Ваенна-рэвалюцыйнага камітэта, які назначаў камісараў ва ўсе аддзелы штаба арміі, у тым ліку і ў Пастаўскую воласць. У канцы лістапада 1917 года адбыліся перавыбары Пастаўскага валаснога Савета, дзе да гэтага часу  эсэры і меньшавікі мелі перавагу. У выніку бальшавікі атрымалі ў ім большасць месцаў.

Валасны савет, у які ўваходзіла 16 мясцовых жыхароў, размяшчаўся ў фальварку Варапаева. У ліку першых ён распачаў дзейнасць па нацыяналізацыі панскай маёмасці. Для падтрымання парадку была ўтворана мясцовая міліцыя ў складзе 5 чалавек.

18 лютага 1918 года пачаліся наступленні германскіх войскаў. 10-я армія, што рухалася ў напрамку Мінск – Смаленск, ліквідавала Савецкую ўладу ў Паставах. Была адноўлена валасная ўправа, адменены ўсе дэкрэты Савецкай улады, аднаўлялася памешчыцкая ўласнасць. Памешчыкам вярталіся землі, інвентар, маёнткі, лясныя ўгоддзі, што належалі ім раней. За любое  непадпарадкаванне сялян жорстка каралі, і як вынік – пачаўся масавы адыход жыхароў з горада і воласці, а частка найбольш радыкальных – бралася за зброю. Восенню 1918 года ўзброеная барацьба ў тыле нямецкіх войскаў набыла масавы характар.

У такім стане Пастаўшчына сустрэла навіну аб лістападаўскай рэвалюцыі ў Германіі. Брэсцкае пагадненне было анулявана, і Чырвоная Армія ўступіла на акупіраваныя Германіяй землі. У другой палове лістапада 1918 года часці Чырвонай Арміі ўвайшлі ў Паставы. 15 снежня ў в. Андроны на мітынг сабраліся каля 4 тыс. грамадзян. Ініцыятыву спрабаваў захапіць прыхільнік Дамброўскага Давідовіч, але натоўп не даў яму слова крыкамі “Не патрэбны нам ні памешчыкі, ні прыставы, ні земскія начальнікі!”. На мітынгу быў выбраны рэвалюцыйны камітэт Пастаўскай воласці ў складзе Цімафея Собаля, Пятра Дзіковіча, Іосіфа Райчонка і інш.

З 1919 па ліпень 1920 года і з 18 сакавіка 1921 па 1939 год Пастаўшчына была пад польскай уладай.

У верасні 1939 года тэрыторыя Пастаўшчыны ўвайшла ў склад БССР, пачала друкавацца мясцовая газета “Новы шлях”.

15 студзеня 1940 года ў Вілейскай вобласці  былі створаны Пастаўскі і Дунілавіцкі раёны.

З устанаўленнем Савецкай улады, у 1940 годзе, частка сялян раёна аб’ядналася ў калектыўныя гаспадаркі. У раёне арганізавана 9 калгасаў і створана адна ініцыятыўная група. У калгасы аб’ядналіся 506 сялянскіх гаспадарак. У калгасах налічвалася 9 ферм буйной рагатай жывёлы. Для забеспячэння патрэб калектыўнай сельскай гаспадаркі былі створаны 2 МТС, у якіх налічвалася 15 трактароў, іншы складаны сельскагаспадарчы інвентар.

На 1 студзеня 1941 года ў Пастаўскім раёне было 59 992 жыхары.

 

Дэманстрацыя ў Паставах за спыненне 1-й сусветнай вайны. 1918 г.  Жылыя дамы ў Паставах. Фота 1920-х гг.

 

Літаратура 

1. Касцень, А. Чым надзяліць селяніна / А. Касцень // Народнае слова. – 2002. – 16 сак. – С. 4–5.

2. Молчун, Л. Начало коллективизации на Поставщине / Л. Молчун // Пастаўскі край. – 2004. – 25 лют. – С. 3.

3. Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Пастаўскага раёна / рэдкал. : Г.К. Кісялёў  [і інш.]. – Мн., 2001. – С. 131 – 200.

 

ЛЕГЕНДЫ І ПАДАННІ   ГарадЫ ВОБЛАСЦІ   ГЕРАЛЬДЫКА

ПІСЬМЕннікі, паэты, літаратары   МАСТАКІ   ВЫДАТНЫЯ І ЗНАКАМІТЫЯ ЛЮДЗІ

ГЕРОІ САВЕЦКАГА САЮЗА   ГЕРОІ САЦЫЯЛІСТЫЧНАЙ ПРАЦЫ

Галоўная  Карта сайта

© ГУ "Витебская областная библиотека им. В. И. Ленина", 2006 - 2009