ПУЗІКАЎ
ПЁТР ДЗМІТРЫЕВІЧ нарадзіўся
20 снежня
1919 года ў весцы Падоры былога Сіроцінскага раёна
ў простай сялянскай сям’і. Пра вялікую навуку ён не марыў —
хацелася быць ваенным і ён ім стаў, скончыўшы адпаведнае
вучылішча. Але ў дзеючай арміі ваяваць не давялося. 3 пачаткам
Вялікай Айчыннай вайны кіраваў на радзіме падпольнай групай,
якая летам 1942 года цалкам улілася ў партызанскі атрад імя
Варашылава Сіроцінскай (да лютага 1943 года) брыгады. Праз месяц
яго прызначаюць начальнікам штаба атрада, дзе Пятру Пузікаву
давялося не толькі распрацоўваць планы аперацый супраць
акупантаў, але і самому ў іх удзельнічаць. А яны часта
праходзілі на ўчастках Бешанковічы-Лепель, Шуміліна-Бешанковічы,
Ула-Обаль, Лоўжа-Ула. Атрад вёў абарончыя баі ў раёне
бешанковіцкіх весак Шавурына, Дворнікі.
Пасля
вызвалення тэрыторыі Беларусі Пётр Дзмітрыевіч становіцца
слухачом Рэспубліканскай партыйнай школы пры ЦК КПБ і адначасова
студэнтам Белдзяржуніверсітэта, якія скончыў адпаведна ў 1948 і
1949 гадах. Напачатку працаваў прапагандыстам, загадчыкам
арганізацыйна-інструктарскага аддзела Сіроцінскага райкама
партыі, загадчыкам аддзела прапаганды і агітацыі Ульскага
райкама КПБ. Менавіта работа на Ульшчыне садзейнічала таму, што
яго тут прыкмецілі і прызначылі лектарам Віцебскага абкама КПБ.
Толькі пасля заканчэння ў 1955 годзе Акадэміі грамадскіх навук
пры ЦК КПСС Петр Дзмітрыевіч акунаецца ў навуку. І
па-сапраўднаму: у 1955-57 гадах ён выкладае філасофію ў Мінскім
інстытуце народнай гаспадаркі імя Куйбышава, у 1957-63 гадах
працуе навуковым супрацоўнікам Інстытута філасофіі і права АН
БССР, у 1963-67 гадах зноў у Інстытуце народнай гаспадаркі. Тут
становіцца старшым выкладчыкам, дацэнтам.
У 1967 годзе
Петр Дзмітрыевіч Пузікаў — намеснік галоўнага рэдактара
Беларускай Энцыклапедыі, праз пяць гадоў узначальвае Інстытут
філасофіі і права Акадэміі навук БССР. У 1968 годзе ён паспяхова
абараніў доктарскую дысертацыю, на наступны год стаў прафесарам.
Асноўнае
месца ў навуковай дзейнасці беларускага вучонага-філосафа
займала даследаванне праблем дыялектычнага матэрыялізму,
філасофскіх пытанняў прыродазнаўства, метадалогіі навуковага
спазнання лагічнай структуры
ведаў і шматлікіх іншых пытанняў. Пётр Дзмітрыевіч
Пузікаў з'яўляецца аўтарам амаль сотні навуковых работ.
Некаторыя з іх змешчаны ў кнігах, аўтарам якіх быў сам.
Актыўны
прапагандыст філасофскай думкі і навукі ў цэлым Пузікаў
быў не менш вопытным і высокакваліфкаваным выкладчыкам,
таленавітым вучоным, клапатлівым выхавацелем філасофскіх кадраў
для вышэйшых навучальных устаноў рзспублікі.
Петр
Дзмітрыевіч выдатна праявіў свае арганізатарскія здольнасці пры
стварэнні творчага калектыву першай у краіне Беларускай
Энцыклапедыі, а яшчэ выключную аддачу справе, за якую ён нёс
персанальную адказнасць.
20 лютага
1977 года пасля працяглай хваробы П.Д. Пузікаў памёр.
Мужнасць і
адвага партызана адзначана ордэнамі Айчыннай вайны I і
II
ступеняў, медалямі, а адданасць навуцы і ўклад у яе — Ганаровай
граматай Вярхоўнага Савета БССР, Дзяржаўнай прэміяй БССР,
званнем заслужанага дзеяча навукі БССР.
ЛІТАРАТУРА
1.
Крачкоўскі,
А.
Заслужаны дзеяч навукі / А. Крачкоўскі // Зара (Бешанковічы). -
2002. - 24 снеж. - С. 3.
2.
Петр
Дмитриевич Пузиков //
Память: историко-документальная хроника Шумилинского района
/ редкол.: И.П. Шамякин [и др.]. – Мн., 1985. – С. 514.
3.
Пузиков
Пётр Дмитриевич // Республика Беларусь : энциклопедия : в
6 т. / редкол.: Г.П. Пашков [и др.]. – Мн., 2008. – Т. 6. – С.
327.
|