галоўная  >  прыдзвінскі край  > сенненскі раён  >  вядомыя Ўраджэнцы краю > выдатныя і знакамітыя людзі >

 

 

КАНАПЕЛЬКА ЗІНАІДА ІГНАТАЎНА нарадзілася 25.12.1918 г. у Багушэўску. Народная артыстка Беларусі (1972). Скончыла студыю пры Другім дзяржаўным тэатры (1938). 3 1934 г. у БДТ-2 (потым — Беларускі дзяржаўны акадэмічны тэатр імя Якуба Коласа). Памерла 27.05.1997 г.

 

ЯЕ ВЯЛІКАСЦЬ АКТРЫСА

 

2 красавіка 1934 г. Зінаіда Канапелька стала студыйкай. Адначасова закончыла і сярэднюю школу. Студыйцаў пастаянна займалі ў масавых сцэнах. Упершыню Канапелька на прафесійнай сцэне выступіла ў тым жа 1934 г., калі ў спектаклі "Цудоўны сплаў" У. Кіршона іграла ў масоўцы, а потым атрымала ролю.

У 1936 г. БДТ-2 распачаў адразу ж работу над спектаклямі "Паўлінка" і "Прымакі" Янкі Купалы, а таксама "Пінская шляхта" В. Дуніна-Марцінкевіча. У масоўках былі заняты ўсе студыйцы. А ў вольны час рэжысёр Малчанаў рыхтаваў з Зінаідай Канапелькай ролю Паўлінкі.

Пад час гастроляў у Мінску Павел Сцяпанавіч Малчанаў прапанаваў зайсці да Янкі Купалы.

—  Я вельмі хвалявалася, ідучы да Янкі Купалы, — успамінала Зінаіда Ігнатаўна. — Сустрэлі мяне на дзіва проста і гасцінна. Малчанаў расказваў, што працуе са мною над роляй Паўлінкі. Цётка Уладзя глядзела на мяне вельмі ласкава, а Янка Купала сказаў: "Цудоўная дзяўчына, жадаю табе сыграць гэтую ролю на сцэне". Сустрэча з такім чалавекам, такім знакамітым паэтам стала для мяне сапраўднай падзеяй.

Мара сыграць Паўлінку неўзабаве здзейснілася. Захварэла неяк выканаўца ролі Паўлінкі. Вечарам да Канапелькі падышоў Малчанаў:

—  Заўтра іграеш ты.

Словы рэжысёра і ўзрадавалі, і напалохалі. Гэта была вялікая адказнасць. Маладой артыстцы 25 снежня споўнілася семнаццаць, а 31 снежня адбыўся дэбют. I ён прайшоў удала. Потым было шмат спектакляў, было шмат добрых роляў, у тым ліку і Насці ў спектаклі "Несцерка" В. Вольскага, дзе яна была першай выканаўцай.

У гады вайны, у эвакуацыі ва Уральску, у Арэхава-Зуеве, у Маскве, усюды ігралі віцебскія артысты "Несцерку" на беларускай мове. I ўсюды гледачы добра разумелі іх.

Пасля вяртання ў Віцебск — новыя спектаклі, новыя ролі і новыя знаёмствы. Зінаіду Ігнатаўну лёс звязаў з такімі вядомымі драматургамі і пісьменнікамі, як Пятрусь Броўка, Пятро Глебка, Віталь Вольскі, Кандрат Крапіва, Андрэй Макаёнак, Кастусь Губарэвіч, Іван Шамякін. Пасля вайны ў тэатр прыязджаў Якуб Колас. Зінаіда Канапелька іграла і ў спектаклях, пастаўленых па яго творах.

Яна вельмі любіла сваю прафесію і вельмі абуралася, калі хто-небудзь зняважліва адгукаўся аб тэатры, заяўляў, што гэты від мастацтва адмірае. Страшная тэатральная хвароба — чорная зайздрасць ніколі не была для яе характэрнай. Наадварот, яна радавалася поспехам сваіх сяброў па сцэне, шчыра перажывала за няўдачы іншых.

Колькі ў яе было прэм'ер? Больш за 250. Гэта вельмі вялікая лічба для артыста. Зінаіда Ігнатаўна выканала шмат галоўных роляў. I кожная з іх з'яўлялася падзеяй. Але ніколі не цуралася і другараднай, калі трэба, выходзіла ў масоўках, бо ўсё лічыла важным для поспеху спектакля. А яшчэ сваім багатым вопытам шчодра дзялілася з акцёрскай моладдзю.

І.А. Лазука.

             

ЛІТАРАТУРА

1. Гаробчанка, Т.Я.  Зiнаiда Канапелька / Т.Я. Гаробчанка. – Мн., 1999. – 144 с. 

2. Дашкевіч, С. Жывая песня Канапелькі / С. Дашкевіч // Культура. – 2004. – 10–16 студз. – С. 10.

3. Дашкевіч, С. "На ўсё жыццё запалены касцёр..." / С. Дашкевіч // Витьбичи. –  2004. – 13 янв. – С. 7.                                                                                                     

4. Канапелька Зінаіда Ігнатаўна // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Сенненскага раёна / уклад. С.В. Шайко ; мастак Э.Э. Жакевіч. – Мн., 2003. – С. 550.

5. Канапелька Зінаіда Ігнатаўна // Тэатральная Беларусь : энцыклапедыя : у 2 т. / рэдкал.: Г.П. Пашкоў [і інш.]. – Мн., 2003. – Т. 2. - С. 485–486.

6. Лазука, I. Яе вялiкасць актрыса / І. Лазука // Голас Сенненшчыны. – 1999. – 27 лiп. – С. 2, 3.         

7. Русецкі, А. Дуэт роднасных душ / А. Русецкі // Вiцебскі рабочы. – 2005. – 27 снеж. – С. 4.

 

ВЫДАТНЫЯ І ЗНАКАМІТЫЯ ЛЮДЗІ

© ГУ "Витебская областная библиотека им. В. И. Ленина", 2006 - 2009