галоўная  >  прыдзвінскі край  > сенненскі раён  >  вядомыя Ўраджэнцы краю > выдатныя і знакамітыя людзі >

 

 

ДАВЫДЗЬКА ГЕНАДЗЬ БРАНІСЛАВАВІЧ нарадзіўся 29.09.1955 г. у г. Сянно. Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь (1999). Скончыў Далёкаўсходні інстытут мастацтваў (1977, г. Уладзівасток), Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (1991). У 1980—1982 г. працаваў у Магілёўскім абласным тэатры драмы і камедыі імя В. Дуніна-Марцінкевіча, з 1982 працаваў у Нацыянальным тэатры імя Я. Купалы акцёрам, рэжысёрам, генеральным дырэктарам тэатра.

Створаныя тэатральныя вобразы каларытныя, адметныя дакладным асэнсаваннем драматургічнага матэрыялу. Сярод лепшых роляў: Усходні Вучоны ("Тутэйшыя" Я. Купалы), Драгун ("Парог" А. Дударава), Малюцін ("Апошні журавель" А. Дударава і А. Жука), Мужык ("Страсці па Аўдзею" У. Бутрамеева), Флар'яна ("Валенсіянскія вар'яты" Лопэ дэ Вэгі), Тарцюф ("Тарцюф" Мальера). Ажыццявіў пастаноўкі: "Смех лангусты" Дж. Марэла (1991), "Звон — не малітва" I. Чыгрынава (1992), "Гульня ў джын" Д. Кобурна (1993), "Смак яблыка" А. Дзялендзіка (1999).

Асабліва яскрава акцёрскі талент Г.Б. Давыдзькі праявіўся ў спектаклі "Князь Вітаўт" А. Дударава, дзе ён, як выканаўца галоўнай ролі князя Вітаўта, стварыў вобраз хрысціяніна, які не прымае здрадніцтва, жорсткасці і намагаецца правіць сваім народам па справядлівасці. Гэты спектакль прызнаны лепшым на конкурсе драматычных тэатраў Беларусі ў 1997 годзе.

Цэлы шэраг роляў акцёр стварыў у кіно і на тэлебачанні. Вялікую папулярнасць атрымаў ён у якасці тэлевядучага і аўтара тэлепраграм. На працягу шэрага гадоў Г.Б. Давыдзька выкладаў акцёрскае майстэрства і рэжысуру ў Беларускай акадэміі мастацтваў, шмат выступае ў сродках масавай інфармацыі па праблемах тэатральнага мастацтва.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, член Камісіі па інфармацыйнай палітыцы і ўзаемадзеянню з грамадскімі аб’яднаннямі. Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны, Ганаровай граматай Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

 

ЛІТАРАТУРА

1. Давыдзька Генадзь Браніслававіч // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Сенненскага раёна / уклад. С.В. Шайко ; мастак Э.Э. Жакевіч. – Мн., 2003. – С. 548-549.

2. Давыдько Геннадий Брониславович // Республика Беларусь : энциклопедия : в 6 т. / редкол.: Г.П. Пашков [и др.]. - Мн., 2006. - Т. 3. - С. 298.

 

ВЫДАТНЫЯ І ЗНАКАМІТЫЯ ЛЮДЗІ

© ГУ "Витебская областная библиотека им. В. И. Ленина", 2006 - 2009