галоўная  >  прыдзвінскі край  > віцебск >  вядомыя Ўраджэнцы краю > выдатныя і знакамітыя людзі >

 

 

БАГАТЫРОЎ АНАТОЛЬ ВАСІЛЕВІЧ нарадзіўся 13 жніўня 1913 г. у Віцебску, беларускі кампазітар, педагог.  Народны артыст Беларусі (1968). Прафесар (1960).

У айчыннай музычнай культуры імя Анатоля Васілевіча Багатырова сімвалізуе сабой цэлую эпоху. Гэта - невыпадкова. За плячыма майстра, старэйшыны нацыянальнай кампазітарскай школы, амаль семдзесят гадоў творчасці, плённай працы над операмі і сімфоніямі, кантатамі і інструментальнымі канцэртамі, шматлікімі творамі камерных жанраў.

Музыкай ён пачаў займацца з васьмі гадоў, у родным Віцебску, у Т.К. Кох, выхаванкі Пецярбургскай кансерваторыі. I калі паступаў у музычную школу, іграў С. Пракоф'ева, на той час малавядомага кампазітара. У школе Багатыроў вучыўся ў класе Я.Р. Шуман, пляменніцы вядомага нямецкага музыканта. Яго далейшая адукацыя працягвалася ў Дзяржаўным музычным тэхнікуме (цяпер - Мінскае музычнае вучылішча імя М.І. Глінкі). Юнак правучыўся ў тэхнікуме ўсяго два гады, сумяшчаючы заняткі на аддзяленні фартэпіяна і кампазіцыі з канцэртмайстарскай працай у Беларускай студыі оперы і балета, а ў 1932 г. паступіў у толькі што створаную Беларускую дзяржаўную кансерваторыю.

На ўласны шлях у "вялікім мастацтве" Багатыроў выйшаў рана, яшчэ ў студэнцкія гады, калі напісаў кантату "Паэма-казка пра Мядзведзіху" (1937) на вершы А. Пушкіна - твор, які і па сённяшні дзень упрыгожвае рэпертуар многіх харавых калектываў. Выкананне кантаты было першай сустрэчай дваццацічатырохгадовага кампазітара з вялікай аўдыторыяй. А праз два гады з'явілася опера Багатырова "У пушчах Палесся", якая была пастаўлена на сцэне ДАВТа Беларусі ў 1939 г. і паказана ў Вялікім тэатры СССР у час Першай дэкады беларускага мастацтва і літаратуры ў Маскве (1940 г.). Крытыка дала высокую ацэнку твору. У друку адзначалася, што самай моцнай рысай маладога кампазітара з'яўляецца меладычны талент. Менавіта ў мелодыі ўся своеасаблівасць, арыгінальнасць яго музыкі і разам з тым арганічная сувязь з мастацтвам беларускага народа. У 1941 г. кампазітару за оперу "У пушчах Палесся" была прысвоена Дзяржаўная прэмія СССР.

Працэс развіцця таленту А. Багатырова, эвалюцыя яго эстэтычных поглядаў і музычнага стылю здзяйсняліся ў складаны перыяд станаўлення Беларусі. Будучы вучнем В.А. Залатарова, які развіваў традыцыі рускай класічнай музыкі, А. Багатыроў выхоўваўся ў павазе да высокага мастацтва, прынцыпаў яго мовы і стылю, прыёмаў кампазіцыі. Станаўленне творчай натуры супала з трагічнымі гадамі Вялікай Айчыннай вайны. Сачыненні ваенных гадоў сцвярджалі высакароднасць чалавечага духу, веру ў перамогу. Іх няшмат, але ўсе яны значныя па зместу, актуальныя па тэматыцы, хвалюючыя па музычнаму выказванню. Сярод іх хоры, кантаты "Ленінградцы", "Беларускім партызанам".

Пасляваенныя гады - перыяд здзяйснення творчых задум, росквіт кампазітарскай дзейнасці. А. Багатыроў звяртаўся да сімфоніі, канцэрту, камерна-інструментальнай музыкі, вакальных і харавых жанраў. У сярэдзіне 50-х гадоў была пастаўлена опера "Надзея Дурава", якая адлюстравала тэму подзвігу. Да гэтага часу адносіцца інтэнсіўная педагагічная дзейнасць Багатырова. У 70-80-я гады ён - кіраўнік нацыянальнай кампазітарскай школы. Багатыроў выгадаваў не адно пакаленне беларускіх кампазітараў. Сярод іх такія вядомыя імёны, як Ю. Семяняка, Г. Вагнер, Я. Глебаў, Дз. Смольскі, І. Лучанок, С. Картэс, А. Мдывані, В. Войцік, У. Солтан, А. Хадоска і іншыя. I самае каштоўнае ў яго вучнях тое, што ўсе яны абралі свой шлях у кампазіцыі, выпрацавалі асобы почырк і знайшлі ўласную тэму.

А. Багатыроў - глыбока нацыянальны кампазітар, чыё творчае аблічча сфарміравалася пад непасрэдным уздзеяннем беларускага фальклору, пад уплывам паэзіі Я. Коласа, М. Танка, А. Куляшова, П. Броўкі, Н. Гілевіча. Але вершы М. Багдановіча і Я. Купалы быццам самі праклалі рэчышча ў творчасці кампазітара. У іх Багатыроў знаходзіў сугучныя са сваімі думкі і пачуцці. Музычны твор, напісаны на паэтычны тэкст, заўсёды прыклад "дуэта згоды", дзе паэт і кампазітар знаходзяцца на адной эмацыянальнай хвалі, а слова і музыка ствараюць непарыўнае адзінства, узбагачаюць адно аднаго.

А. Багатыроў працаваў амаль ва ўсіх музычных жанрах, аднак у кожны пэўны перыяд яго творчасці пануе нейкі адзін, які на некаторы час захапляе мастака, становіцца вядучым. I толькі раманс застаецца спадарожнікам усяго творчага жыцця Багатырова. Звяртаючыся да паэзіі А. Пушкіна, М. Лермантава, У. Шэкспіра, Т. Шаўчэнкі, Г. Ахматавай, кампазітар здолеў падпарадкаваць традыцыю свайму моцнаму і чыстаму таленту. У 2001 г. упершыню прагучаў цудоўны твор Багатырова - вакальны цыкл на вершы С. Ясеніна.

Анатоль Багатыроў - чалавек шырокай адукацыі, глыбокі знаўца літаратуры і паэзіі, тэатральнага мастацтва. Можна гадзінамі слухаць, як з хваляваннем і захапленнем ён згадвае спектаклі ў выкананні акцёраў МХАТа, многія з якіх былі яго сябрамі. Асяроддзе зносін, кола сяброў - асобная і яскравая старонка жыцця кампазітара. Лёс і абставіны зблізілі яго з шэрагам сусветна вядомых дзеячаў культуры. Сярод іх - У. Неміровіч-Данчанка, В. Качалаў, М. Малько, М. Галаванаў, А. Няжданава, Г. Нейгаўз, Р. Гліэр, С. Пракоф'еў, М. Мяскоўскі, Г. Свірыдаў, Ц. Хрэннікаў. Доўгае і цёплае сяброўства звязвала кампазітара з Дз. Шастаковічам. У адным з лістоў да Багатырова ён пісаў, што "жыццё мастака - гэта жыццё эпохі, жыццё ў яе агні, напружанасці і лірызме".

Памёр у 2003 годзе.

 

ЛІТАРАТУРА

1. Анатоль Васільевіч Багатыроў (1913-2003) : этапы лёсу // Полымя. -  2008. - № 12. - С. 99.

2. Багатыроў Анатоль Васілевіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / рэдкал.: Г.П. Пашкоў [і інш.]. - Мн., 1996. - Т. 2. - С. 201.

3. Багатыроў Анатоль Васілевіч // Мдзівані, Т.Г. Кампазітары Беларусі / Т.Г. Мдзівані, Р.І. Сергіенка. - Мн., 1997. - С. 5-15.

4. [Багатыроў Анатоль Васілевіч] // Новыя кнігі. – 2003. - № 2. – С. 11-13.

5. Багатыроў Анатоль Васілевіч // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Віцебска : у 2 кн. / рэдкал.: Г.П. Пашкоў [і інш.] ; склад. А.І. Мацяюн ; маст. Э.Э. Жакевіч. - Мн., 2003. - Кн. 2. - С. 525.

6. Берасцень, С. Багацце Багатырова, або Спадчына, якая засталася ўсім / С. Берасцень // Полымя. - 2008. - № 12. - С. 100-105.        

7. Ваданосава, Ф. "Музыка - блізкая сястра Купалавай паэзіі...": творчыя стасункі Я. Купалы і А. Багатырова / Ф. Ваданосава // Роднае слова. - 2002. - № 7. - С. 89-90.

8. Вайткун, А. Богатырская сила души и таланта / А. Вайткун // Народнае слова. - 2008. - 5 верас. - С. 37.

9. Кочетов, С. Почетный гражданин / С. Кочетов // Витебский курьер. - 2001. -  12 окт. - С. 2.

10. Ляшчэня, Т. Анатоль Багатыроў / Т. Ляшчэня // Роднае слова. - 2002. - № 3. С. 72-73.

11. Ляшчэня, Т. Кампазітар і паэт : паэзія М. Багдановіча ў музыцы А. Багатырова / Т. Ляшчэня // Роднае слова. - 2002. - № 5. - С. 89-91.

12. Ляшчэня, Т. Паэзія Янкі Купалы ў творчасці Анатоля Багатырова / Т. Ляшчэня // Роднае слова. - 2002. - № 7. - С. 76-79.

13. Подлипский, А. Богатырская натура / А. Подлипский // Народнае слова. -  2003. - 16 жн. - С. 6.                                            

14. Цітова, Т. Кантата Анатоля Багатырова "Казка пра Мядзведзіху" / Т. Цітова // Роднае слова. - 1999. - № 5/6. - С. 127-130.

 

ВЫДАТНЫЯ І ЗНАКАМІТЫЯ ЛЮДЗІ

© ГУ "Витебская областная библиотека им. В. И. Ленина", 2006 – 2010