галоўная  >  прыдзвінскі край  > орша >  вядомыя Ўраджэнцы краю >  мастакі >

 

 

РАМАНОЎСКІ ПЁТР МІХАЙЛАВІЧ нарадзіўся 21.09.1919 г. у Оршы, беларускі жывапісец. У 1938 г. скончыў Віцебскае мастацкае вучылішча. Як адзін з лепшых студэнтаў быў накіраваны ва Усерасійскую Акадэмію мастацтваў, але скончыць яе не давялося. Пачалася Вялікая Айчынная вайна. 3 чэрвеня 1944 г. на фронце. У рэчавым мяшку салдата заўсёды былі алоўкі і папера. Ён шмат маляваў, перш за ўсё сваіх баявых таварышаў. У 1948 г. скончыў Ленінградскі інстытут жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І.Я. Рэпіна. У 1948—54 гг. выкладчык Мінскага мастацкага вучылішча.

У мастацкіх выстаўках удзельнічаў з 1949 г. Працаваў у галіне сюжэтна-тэматычнай карціны.

Яго палотны «На канікулах» (1951 г.), «Сяброўкі» (1952 г.), «Уборка капусты» (1958 г.) увайшлі ў залаты фонд беларускага пасляваеннага мастацтва. Яго творчасць ішла ад рэчаіснасці, была напоўнена жыццёвай праўдай.

Мастака заўсёды захаплялі беларускія краявіды. Вынікам яго працы ў жанры пейзажа сталі цудоўныя палотны «Жыта» (1960 г.), «Зямля кліча» (1961 г.), «Залатая восень» (1963 г.), «Зімовы пейзаж», «Над Нёманам», «Возера Сенеж» і інш.

П.М. Раманоўскі вядомы і як таленавіты партрэтыст. Ён аўтар такіх вядомых партрэтаў, як «Сын» (1967 г.), «Мастак А. Шаўчэнка» (1970 г.), «Паэт А. Русак» (1975 г.) і інш.

У аматараў аршанскай даўніны асаблівую цікавасць выклікаюць работы мастака 1946 г.: «Орша, 1946 год», «Дняпро», «Пакроўская царква», «Ільінская царква», якія даюць уяўленне пра горад у першыя пасляваенныя гады.

Шмат работ мастака знаходзіцца ў фондах Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі. Амаль паўсотні карцін прынесены ў дар г. Орша.

Узнагароджаны Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР.

Памёр 23.9.1977 г.

 

ЛІТАРАТУРА

1. Воранава, І. Мастак жыццёвай праўды / І. Воранава // Народнае слова. - 2004. - 9 кастр. -  С. 6. 

2. Ершов, И. Спрятанный талант / И. Ершов // Телеком-экспресс (Орша). - 2009. - 22 окт. - С. 7.

3. Пакуты і радасці пошукаў // Яршоў, І.А. Вёрсты пройдзеных дарог / І.А. Яршоў, В.М. Сіднякова. - Магілёў, 2003. – С. 173-180.

4. Раманоўскі Пётр Міхайлавіч // Памяць. Орша і Аршанскі раён: гісторыка-дакументальная хроніка гарадоў і раёнаў Беларусі : у 2 кн. / рэдкал.: Г.П. Пашкоў [і інш.]. – Мн., 2000. – Кн. 2. – С. 438.               

5. Яршоў, І. Вялікая Айчынная вайна ў творах мастакоў Оршы і Аршаншчыны / І. Яршоў //  Телеком-экспресс (Орша). - 2009. - 7 мая, 14 мая.

Пра жыццё і творчасць Віктара Аляксандравіча Грамыкі, Пятра Міхайлавіча Раманоўскага, Мікалая Сцяпанавіча Палянкова, Мікалая Міхайлавіча Федарэнкі  - мастакоў,  удзельнікаў вайны.

 

мастакі

© ГУ "Витебская областная библиотека им. В. И. Ленина", 2006 – 2010