галоўная  >  прыдзвінскі край  >  сенненскі раён  >  вядомыя Ўраджэнцы краю >  МАСТАКІ >

 

ЛІ СОФ’Я ДЗМІТРЫЕЎНА нарадзілася 12 красавіка 1904 года на станцыі Обаль Віцебскай вобласці. У 1931 г. скончыла Віцебскі мастацкі тэхнікум. 3 цеплынёй і ўдзячнасцю Соф'я Дзмітрыеўна ўспамінала сваіх педагогаў, вядомых мастакоў М. Эндэ, У. Хрусталёва, якія прывілі на ўсё жыццё любоў да рэалістычнага мастацтва, павагу да нацыянальных традыцый, няўрымслівае імкненне шукаць сваю дарогу ў мастацтве.

У мастацкіх выстаўках пачала ўдзельнічаць з 1929 г. Працавала пераважна ў жанрах пейзажа, нацюрморта і сюжэтна-тэматычнай карціны. Для яе твораў характэрна кампазіцыйная дакладнасць, каларыстычная гучнасць, пластычная завершанасць.

У гады Вялікай Айчыннай вайны прыняла актыўны ўдзел у партызанскім руху. Вось што піша Герой Савецкага Саюза, былы камандзір партызанскага злучэння Р.Н. Мачульскі ў сваёй мемуарнай кнізе «Вечны агонь»: «У баях і доўгіх пераходах, у летню спёку і зімовую сцюжу разам з партызанамі нязменна знаходзілася Соф'я Дзмітрыеўна Лі — парторг атрада «Перамога» брыгады «Полымя», член бюро Пухавіцкага падпольнага райкама партыі. Жонка лётчыка-карэйца, які прыняў савецкае грамадзянства, яна рана аўдавела, працавала ў Мінску выкладчыкам-мастаком і выхоўвала свайго сына Германа. Вайна прывяла Соф'ю Дзмітрыеўну і яе сына ў Пухавіцкі раён, дзе яны ўступілі абое ў партызанскі атрад. Нараўне з мужчынамі-партызанамі адважная жанчына дзяліла нягоды паходнага жыцця, удзельнічала ў баявых аперацыях».

Хаця ў складаных партызанскіх умовах звычайна было не да творчасці, Соф'я Лі захоўвала вернасць любімай справе. Яна імкнулася «па гарачых слядах» адлюстраваць на паперы і ў невялікіх жывапісных работах баявыя дзеянні партызан, рэаліі побыту, перадаць трывогу маці за сына-падлетка, якога не бачыла многа дзён, калі ён выконваў адказныя і рызыкоўныя заданні.

Сярод карцін на тэму партызанскага жыцця вылучаюцца: «За баявой вучобай», «Партызанскі лагер», «Партызанская прысяга» (усе 1943—44 гг.), «Партызаны ў вёсцы» (1946 г.), «Партызанка ў дазоры» (1947 г.), «У тыле ворага» (1967 г.), «У дазоры» (1972 г.), «Ой, бярозы ды сосны, партызанскія сёстры» (1975 г.), «Тэрміновае данясенне» (1979 г.) і інш.

У 1968 годзе Соф’я Лі завяршае адзін з лепшых сваіх твораў – “Партызанская зямлянка”. Твор арыгінальны, высокапрафесійны. Каб не паграшыць супраць праўды, мастачка будуе макет зямлянкі, уводзіць у структуру твора канкрэтныя рэчы, зброевыя атрыбуты. Нават беларуская арнаментальная пасцілка саслужыла тут сваю службу. Яна была падаравана мастачцы ў гады вайны адным партызанам, які пайшоў на адказнае заданне — і не вярнуўся.

Удалымі па жывапісных якасцях і кампазіцыі атрымаліся работы «На вучэнні» (1968 г.), «Кубак чэмпіёна» (1969 г.), «Высокае напружанне» (1974 г.).

3 асаблівым натхненнем малявала мастачка беларускую прыроду: "Дубкі" (1962 г.), "Нарач" (1968 г.), "На Лепельшчыне" (1976 г.), "Бэз" (1956 г.), "Півоні" (1958 г.), "Макі" (1965 г.) і іншыя.

Член Беларускага саюза мастакоў (1946 г.), заслужаны работнік культуры Беларусі (1975 г.), Соф'я Дзмітрыеўна Лі ўзнагароджана ордэнамі Чырвонай Зоркі, «Знак Пашаны» і многімі  медалямі. Яе творы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Беларускім музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Гродзенскім гісторыка-археалагічным музеі, Гомельскім і Столінскім краязнаўчых музеях.

Памерла Соф’я Лі 4 верасня 1980 года.

 

ЛІТАРАТУРА

1. Ганчароў, М. Ой, бярозы ды сосны...” / М. Ганчароў // Работніца і сялянка. – 1976. – № 4. – С. 18–19.

2. Дзмітрыева, Р. “Віцебшчына – мая Радзіма” / Р. Дзмітрыева // Літаратура і мастацтва. – 1975. – 17 кастр. – С. 9.

3. Лі Соф'я Дзмітрыеўна // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. / рэдкал.: І.П. Шамякін [і інш.]. – Мн., 1986. – Т. 3. – С. 250.

4. Ли Софья Дмитриевна // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. / рэдкал.: Г.П. Пашкоў [і інш.]. – Мн., 1999. – Т. 4. – С. 473.

5. Сакалоў, У. Подых славы партызанскай / У. Сакалоў // Літаратура і мастацтва. – 1974. – 1 мая. – С. 11.

6. Соф'я Дзмітрыеўна Лі // Літаратура і мастацтва. – 1980. – 12 верас. – С. 4.

мастакі

© ГУ "Витебская областная библиотека им. В. И. Ленина", 2006 - 2009