|
СПОРЫЦКАЯ ЛЕДАВІКОВАЯ ЛАГЧЫНА
>
Ландшафтны геамарфалагічны заказнік прыроды. Знаходзіцца на
адлегласці 6 кіламетраў у напрамку на паўднёвы захад ад Паставаў
паміж вёскамі Шыркі, Падаляны, Салаўі, Сіманькі, Вялікія Споры,
Фалявічы, Яцавічы. Мае плошчу 14, 5 км2.
На
тэрыторыі заказніка знаходзіцца унікальная лагчына, якая
ўтварылася 20 – 17 тысяч гадоў таму ў выніку разворвання
ледавіком горных парод, па якіх ён
рухаўся. У выніку гэтага ўтварылася тыповая ледавіковая
лагчына шырынёй 1–1,7 кіламетра і даўжынёй больш 7 кіламетраў. У
параўнанні з навакольнымі ландшафтамі Спорыцкая лагчына апушчана
на 25 – 30 метраў і аддзяляецца ад іх абрывістымі схіламі.
Паколькі цела ледавіка было неаднародным і мела шматлікія
трэшчыны і пустоты, у якіх назапашваліся абломкавыя
пароды, пасля яго таяння ўтвораныя суглінкі і супесі аселі на
паверхню, сфармаваўшы неверагодна разнастайны і маляўнічы
рэльеф. Найбольш глыбокія часткі лагчыны запоўнілі воды,
утварыўшы такім чынам прыгожую групу азёр: Светлае, Чэцверць,
Світа, Світка, Асцюцьева, Споры і некалькі невялікіх вадаёмаў.
Па ніжняй частцы лагчыны цячэ рака Спорыца, якая злучае ўсе
азёры і нясе ваду на поўнач у Мядзелку.
Асаблівую
непаўторнасць ландшафту надаюць
разнастайныя ўзгоркі, што
ўзвышаюцца на дне Спорыцкай лагчыны і па яе схілах. Іх
памеры 50 х 200 метраў, а адносная вышыня – да 35 метраў.
Абсалютныя адзнакі паверхні
тэрыторыі вагаюцца ў межах 137 – 199 м, вышыня ўзгоркаў
дасягае 180,2 м. Самымі высокімі ўзгоркамі
з'яўляюцца: гара Гарадзішча
на заходнім беразе азёр Світа і Світка – 180 м, гара Гаёк
– 165,4 м, гара Споркі на
паўднёвым беразе возера Споры – 160 м. Узгоркі купала- і
ўвалістападобныя з даволі абрывістымі схіламі да 25 градусаў.
Складзены яны амаль поўнасцю з марэнных
супесяў і суглінкаў. Дно
лагчын і берагі азёр забалочаны,
узгоркі пакрытыя лесам або занятыя лугамі.
Па меркаванні вучоных, Спорыцкая ледавіковая
лагчына з'яўляецца эталоннай сярод падобных аб'ектаў
Беларусі.
Добрая захаванасць ландшафтаў і адносная
экалагічная чысціня ваколіц
стварае выдатныя магчымасці
для арганізацыі зон
адпачынку і развіцця турызму.
ЛІТАРАТУРА
1. “Спорыцкая ледавіковая
лагчына” (ландшафтны геамарфалагічны заказнік прыроды) //
Пракаповіч, І.М. Ваколіцы Паставаў: помнікі прыроды, гісторыі і
культуры з маршрутамі краязнаўчых вандровак / І.М. Пракаповіч. –
Паставы, 2004. – С. 11–13.
|