галоўная  >  прыдзвінскі край  >  лёзненскі раён >

 

легенда пра лёзна >

 

У адной вялікай вёсцы жыў дужа багаты купец. Можа, і не вёска гэта была, а якое мястэчка, — не ў тым справа. Галоўнае, што жыў ён з дзецьмі: хлопчыкам і дзяўчынкай. Раслі яны без матулі. Здарылася так, што аднаго разу, калі малады тады яшчэ купец вяртаўся з жонкаю з кірмашу, на глухой дарозе напалі на іх рабаўнікі. Пачаў купец адбівацца, але што ты адзін супраць многіх зробіш? Бачыць — няма паратунку, тады і крыкнуў жанчыне:

— Кінь ім грошы, няхай душацца! Кінь! А яна ж, дурніца, пашкадавала:

— А раптам адаб'ёмся?..

У купца набоі ўжо скончыліся, ён схапіўся за вострую шаблю і ўжо ледзьве жывы прахрыпеў:

— Кінь, не шкадуй... Застанёмся  жывыя, дык яшчэ болей назбіраем, а заб'юць нас тут, то каму гэтыя грошы спатрэбяцца?..

Маладзіца ж тая ўсё яшчэ вагалася, і ваганне каштавала ёй жыцця: нехта з нападаючых даў ёй шабляй па галаве. Тады купец усё ж неяк злаўчыўся, ударыў па той торбе нагою — яна і паляцела. Як пасыпаліся адтуль залатоўкі, як пакаціліся, то разбойнікі адразу кінуліся іх збіраць, а пра гаспадара і забыліся. Ён не даў маху — як джгнуў па конях, як свіснуў, дык яны віхурай нестрыманай паляцелі. Праз нейкую гадзіну дома быў. Але там пакуль людзей назбіраў і назад з імі вярнуўся, разбойнікаў і следу не засталося. Забраў толькі забітую жонку, дамоў прывёз і пахаваў на могілках.

Пасля таго выпадку Ахрэм, так яго звалі, усю сваю пяшчоту аддаваў дзецям. Трэба сказаць, што раслі яны паслухмянымі і працавітымі, ніколі не прымушалі бацьку на сябе крычаць ці за дубец брацца. Слова яго было для іх законам. Затое ўжо вечарам, калі спаць збіраліся, дык налашчыцца ніяк не маглі, з бацькам гуляючы.

Замест маці купец трымаў старую-старую пакаёўку, якая яшчэ яго некалі выгадавала. Яна і дапамагала, і па гаспадарцы правіла, калі Ахрэм ехаў некуды па сваіх гандлёвых справах.

Звалі хлопца Андрэй, а дзяўчыну — Марыся. Андрэй быў на два гады старэйшы за сястру, таму ён пастаянна імкнуўся ёй дапамагчы, а часам і павучаў. Тады ўжо сястра не вытрымлівала:

— Яшчэ адзін стары знайшоўся на маю галаву, і гэты мяне вучыць. У самога яшчэ вусы не выраслі, а ўжо камандаваць любіць.

Брат на такія заўвагі не крыўдаваў, наадварот, казаў:

— Я ж для цябе, дурніца, стараюся, хачу, каб табе лягчэй было.

I ты, братка, на мяне не крыўдуй за гэткія словы, я ж  жартуючы...

Так яны ігралі, так мірыліся і так, незаўважна, павыраслі. Хлапчына стаў, што той дуб: высокі, стройны, здаравенны, а ўжо такой прыгажуні, як Марыся, ва ўсім наваколлі нельга было знайсці.

Бацька заглядзіцца на яе і скажа незнарок:

— Вылітая маці, так і павернецца, так і ўсміхнецца... Не дачакалася яна гэтага дня, а то радавалася б, гледзячы на такую красуню...

Пачуе старая пакаёўка і таксама ўсхліпне ды прамовіць:

— Няхай зямелька ёй пухам будзе... Няхай ей царства нябеснае на тым свеце будзе... Як яна, небарака, недарэчна сваё жыццё страціла...

Пасядзяць ціхенька, а потым пакаёўка і звернецца да гаспадара:

— Ты, Ахрэмка, глядзі, Марыську адну дома не пакідай і не пускай абы-куды. Бачыш, якая прыгажуня ў цябе вырасла. Па ёй усе хлопцы ў наваколлі сэрцы сушаць, кожны аб адным толькі марыць, каб на яго хоць зірнула ці ўсміхнулася. Наглядай, каб чаго ліхога не здарылася. Насмяецца які злыдзень і пакіне...

— Ды што ты, бабуля, не дапусцім мы такога. Я і сам глядзець буду, і Андрэю накажу, каб пільна сачыў. Ды і ты ж пастаянна дома.

— Эй, Ахрэмка, які ўжо з мяне вартаўнік. Я ж далей уласнага носа амаль нічога не бачу...

Адкуль чакалі бяды, адтуль яна і прыйшла ў гэты дом. Праўда, прыйшла не ад маладых, прыгожых, адчайных хлопцаў, а ад вясковага... бацюшкі. Ён сябраваў з Ахрэмам, і сяброўства гэтае цягнулася ўжо не першы год. Мала таго, ён нават быў хрышчоным бацькам Марыські.

Андрэй бацюшку з глыбокага дзяцінства неўзлюбіў і пастаянна паўтараў:

— Гані ты, татка, гэтага гругана з падворка. Нешта ён усё тут круціцца, нешта вынюхвае... Гані прэч, каб вальней дыхалася.

Гаспадар заўсёды стрымана адказваў:

— Я, сынку, сабе сяброў не выбіраў, яны самі мяне выбралі. Дый і не табе пра іх меркаваць, малады яшчэ, каб з такімі словамі на людзей кідацца...

— Але ж злом ад яго цягне.

— Якім такім злом? Ён жа бацюшка. Бацюшка, разумееш?

— Ну і што з гэтага? — чулася ў адказ. — Калі бацюшка, то і злога ніколі не робіць?

— Што з табой, дурнем, размаўляць, — пачынаў злавацца Ахрэм. — Вось пажывеш з маё, тады і даведаешся, хто ёсць хто...

I як аказалася, меў усе падставы для сваіх сумненняў Андрэй. Пачаў бацюшка пільнаваць, калі ў купца ў хаце нікога, акрамя Марыські, не будзе, і дачакаўся. Сабраўся Ахрэм на кірмаш. Тавару многа набраў, на некалькі вазоў ледзьве ўклалі, таму і Андрэйку з сабою ўзяў, а па гаспадарцы ўпраўляцца пакінуў пакаёўку і дачку, ды яшчэ і наказаў перад ад'ездам дзяўчыне:

— Глядзі, Марыська, нікуды без майго дазволу не ідзі. Будзь дома, дапамагай бабулі, а як я вярнуся, тады і пагуляеш.

— Добра, — весела прамовіла тая, — будзем з бабуляй дома сядзець і песні спяваць.

Зарагаталі абедзве, і гаспадар у добрым настроі паехаў з сынам на кірмаш.

Бацюшка не спяшаўся бегчы ў хаціну да суседа. А раптам вернуцца, тады не паглядзяць, што ў рызе, што служка Бога, такога пытлю зададуць, што і святыя духі не дапамогуць.

Счакаўшы з гадзіну, пакіраваў да купцовага падворка. Бабулька нечага корпалася ў агародзе, дык і не пачула, як хтосьці дзверы ў хату адчыніў. Бацюшка, убачыўшы Марыську, павітаўся.

— Добры дзень, бацюшка, — адказала тая, — а нашых нікога дома няма, паехалі на кірмаш.

— Ведаю, але я не да іх, дачушка, ішоў, я да цябе.

I па якой нагодзе?

— Сакрэт...

— Што ж такі за сакрэт? I мне нельга даведацца? — гулліва запыталася дзяўчына.

— Чаму няможна? Можна.

— Дык раскрывайце свой сакрэт, навошта час марнаваць.

— Праўду ты, Марыська, гаворыш, чыстую праўду. А прыйшоў я...

— Гэта я бачу.

— Прыйшоў, каб...

— Так вы і да вечара не адкрыеце сваю таямніцу.

— Ды каб з табою палюбіцца прыйшоў...

— Што?!

— Кажу, каб з табою палюбіцца...

Толькі цяпер заўважыла дзяўчына, што нечаканы госць не жартуе і ўсё бліжэй да яе падступае, вось-вось рукамі хапаць пачне. Адступілася яна ў кут і на бацюшку гнеўна пазірае:

— Яшчэ крок да мяне ступіце, і я закрычу.

— Крычы, а хто пачуе? Тваіх жа дома няма, а бабуля глухая, як той пень трухлявы. Так што лепей згаджайся. Не бойся, чаго ты баішся, дурніца?

Вырашыла дзяўчына на хітрасць пусціцца. Трэба ж неяк час пацягнуць і паспрабаваць знайсці выйсце, вось яна і кажа:

— Ой, што вы, бацюшка, што вы... Не магу я на такое пагадзіцца.

— Чаму?

— Ды сорамна мне.

— Толькі і ўсяго?

— А хіба гэтага мала?

I тут Марысьцы цюкнула ў галаву цікавая думка.

— Добра, бацюшка. Калі ты мяне добра папросіш, — адразу перайшла яна на «ты», — то, можа, і саступлю...

Чаго тут толькі стары распуснік ёй не наабяцаў, якіх слоў не нагаварыў, з кім толькі не параўноўваў прыгажуню, каб распаліць яе сэрца. А яна хітра пазірала на яго і таксама вочкі прыплюшчвала, быццам бы ўжо пагаджалася.

Бацюшка бліжэй падсеў, а яна тады яму на самае вуха шэпча:

— Пайшлі, бацюшка, адсюль.

— Куды гэта?

— Хіба не здагадваешся?

— Не.

— Ды тут жа нас могуць незнарок і людзі заўважыць...

— Якія людзі?

— А раптам хто прыйдзе ў хату?

— Дык куды нам ісці?

— Схаваемся дзе-небудзь. Ведаю адну мясцінку...

— Гавары — дзе, бо яшчэ завядзеш куды.

— Не палохайся, бацюшка, не палохайся. 3 маладой палюбіцца пажадаў, то крыху і патрывай. Пайшлі.

Марыська ўхапіла бацюшку за рукаў і павалакла за сабой. Збоку гледзячы, можна было і сапраўды падумаць, што дзейнічаюць змоўшчыкі.

Павяла бацюшку дзяўчына не куды-небудзь, а ў... лазню. Яна ж, хітрунка, вытапіла лазню перад гэтым, бо збіраліся з бабуляй памыцца. Адчыніла дзверы, а адтуль гарачынёю так і патыхае.

— Нам і так горача будзе, а ты яшчэ ў такі жар прывяла, — пачаў было гаманіць бацюшка.

— Жар касцей не ломіць, асабліва старых, — адрэзала прыгажуня.

— Гэта я стары?

— Не я ж.

— Спярша паглядзі, а потым ужо і гамані.

— Ды нядоўга засталося.

Бацюшка ад нецярпення ажно нагамі задрыгаў і загагатаў, нібы малады стаеннік.

— То чаго мы марудзім?

— Не ведаю. Распранайся, бацюшка.

— А ты?

— Дзверы зачыню, каб хто выпадкова не зазірнуў ды не заспеў нас тут...

Бацюшка хуценька распрануўся і праз хвіліну ўжо стаяў пасярод лазні ў чым маці нарадзіла. Нецярпліва чакаў, калі Марыська з перадлазніка выйдзе. Але тая паклікала:

— Бацюшка, хадзі сюды...

Голы мужык прыпусціў туды. Толькі высунуўся, а Марыська на яго як ліне з вядра кіпнем, а потым яшчэ раз. Тут ужо не да палюбоўнай справы! Як загарлаў бацюшка, як заверашчаў, дык ажно, здалося, сцены задрыжалі. Дзяўчына часу дарма не траціла — адчыніла дзверы, і нечаканы госць, голы, ламануў прама ў іх. Крычыць, верашчыць і напрамую джгае. Пакаёўка ўбачыла і, не разабраўшыся, падумала, што гэта нячысцік прэ, перажагнулася і ў другі бок засучыла.

Прыехаў на наступны дзень Ахрэм з сынам. Пагаманілі, расказалі навіны ды спаць палеглі, а з самае раніцы гаспадар і кажа:

— Нешта бацюшка да нас не паказаўся. Звычайна, як толькі я прыязджаю, дык і ён на парог, а тут... Што б гэта значыла?

— Ветрам здзьмула твайго бацюшку, — не ўтрываўся Андрэйка.

— Пайду праведаю...

— Ага, збегай, а то ён, можа, перапрацаваўся і павярнуцца, небарака, не здолее. Збегай.

Сын з дачкою зарагаталі, а пакаёўка ўзвяла вочы пад столь:

— Няма на вас, маладых, супакою...

Пайшоў Ахрэм да свайго сябрука, а той ляжыць на ложку і стогне.

— Што з табой, бацюшка?

А той жа таксама хітры, прыдумаў, як выкруціцца.

— Збілі мяне люта, суседзе...

— Хто ж да такога даўмеўся?

— Табе скажы — ты не паверыш...

— Чаму гэта?

— Не паверыш, табе кажу, бо на гэтага чалавека ты ніколі і не падумаў бы... Ой, чалавеча, каб жа ты ведаў, як усё цела смыліць, як яно гарыць...

—      Дык хто так цябе, бацюшка?

—    Гэта ж як ты з сынам на кірмаш паехаў, я вырашыў выйсці на вуліцу. Ажно бачу, нехта праз плот да тваёй хаціны крадзецца. Я за ім. Падумаў, што злодзей хоча пакрасці нешта, ды памыліўся...

—      А што ж там такое здарылася?

—   Ды да тваёй Марыські, а да маёй хрышчонай дачушкі, нейкі ваўкарэзіна прыцёгся. Такі страшны, ваўкаватага выгляду. I давай яны мілавацца, ды так бессаромна, ды так... нікога не баючыся... Я закрычаў, каб яны злякаліся і пабеглі, але дзе там... Той хлапчына павярнуўся і не ўцякаць кінуўся, а да мяне. Як ухапіў, як пачаў лупцаваць, вопратку з мяне пазрываў... Голага мяне і кінулі ў мой агарод, а ні вопраткі, ні ботаў — нічога няма...

— А хто ж гэта быў?

— Разбойнік нейкі, бо добрыя людзі такімі не бываюць і так не выглядаюць.

— А дзе ён вас катаваў?

— У тваёй лазні, чалавеча, у лазні... Бачыш, якую ты дачку ўзгадаваў?

— Але ж...

— Што, не верыш? Мне не верыш?

На гэтае пытанне Ахрэм ужо не адказаў. Ён паджгаў да лазні, каб на месцы ўсё праверыць. Уляцеў у лазню, ажно і сапраўды: валяецца бацюшкава вопратка і, што самае галоўнае, штаны напалову разарваныя. Гаспадар нават і думкі не дапускаў, што гэта іх сам бацюшка з гарачкі і разарваў, калі спяшаўся дарвацца да прыгажуні. Пацямнела ў вачах у Ахрэма, як сляпы паплёўся гаспадар у хату і там накінуўся на дачку:

— Дык вось ты якая?

— Што такое, тата? Якая я?

— Не паспеў бацька з хаты выйсці, а ты любошчамі давай займацца! Гэтага ў нас ніколі не было і не будзе! Я табе бацька, я і вынесу табе свой прысуд!

Бедная Марыська села і горка-горка заплакала. Толькі гаспадара ў такім стане не маглі расчуліць гэтыя слёзы, хутчэй наадварот: яны падагравалі злосць.

— У маёй хаце табе, зласліўка, болей месца няма! Выбірайся прэч!

Заплакала дзяўчына яшчэ грамчэй і пайшла за дзверы, а гаспадару гэтага было мала, і ён раз'юшана закрычаў:

— Андрэйка!

— Я тут, не крычы.

— Вось табе стрэльба, завядзі гэтую гадаўку ў лес і там застрэль, а мне прынясі яе кашулю, каб я глянуў, ці ў крыві яна будзе! Ідзі!

Выйшаў хлапчына за сястрой і гамоніць:

— Пайшлі хутчэй адсюль, каб ён нас не бачыў, а то яшчэ сам задумае цябе забіць, і тады я не здолею дапамагчы.

Марыська загаласіла, а Андрэйка галаву ўхіліў і на сястру глянуць баіцца. Як жа так здарылася, што яна пачала гэткімі бруднымі справамі займацца? Тут сястра, нібы пачула ягоныя думкі, упала на калені і сказала:

— Матуляй нашай клянуся, яе светлай памяццю, што нічога такога не было. Гэта ўсё той чорт даўгагрывы напрыдумляў, бо я яго адвадзіла...

Завёў Андрэйка сястру ў густы лес і кажа:

— Здымі сваю кашулю, апрані маю світку... Пасядзі тут да вечара, нікуды не сыходзь. Я вярнуся, і мы разам пойдзем, не хачу я болей з такім бацькам жыць.

Прыклаўся і са стрэльбы забіў голуба, а яго крывёю вымазаў кашулю, каб бацька не сумняваўся ў тым, што ён ягоны прысуд выканаў. Прынёс дамоў і кінуў кашулю перад гаспадаром на падлогу:

— Вось, глядзі, — гэта тое, чаго ты дабіваўся. Болей у цябе, бацька, ні дачкі, ні сына няма. Сам жыві... з бацюшкам сваім у абдымку, а я сыходжу з дому...

Узяў Андрэйка самае неабходнае, пакаёўка колькі залатовак яшчэ паклала, якія за доўгае жыццё здолела назбіраць, і пайшоў, не развітваючыся.

Пакуль да Марыські дабраўся, то і змрок вечаровы на лес пачаў апускацца. Пасядзелі, супакоіліся, пераспалі ля вогнішча і вырашылі далей самі жыць. А як? Грошай няма, няма за што зямлі добрай у багатых паноў купіць. Тады Андрэйка схітрыўся прыдбаць за тыя залатоўкі лознаё месца. Не такое ўжо і страшнае, тым болей што сваё. Збудавалі хацінку і сталі жыць. Потым і зямлю апрацоўваць пачалі, кустоўе тое вынішчаць, але назва засталася — Лознае, Лозна. Пазней ужо і Лёзна зрабілася.

 

ЛІТАРАТУРА 

1. Іваноў, К. Легенды пра буракоўскае балота / К.  Іваноў // Сцяг Перамогі (Лёзна). – 1998. – 25 жн.

2. Карпекіна, Г. Вёска родная мая / Г. Карпекіна // Сцяг Перамогі (Лёзна). – 1998. – 18 жн.

Пра в. Якубаўшчыну.

 

ЛЕГЕНДЫ І ПАДАННІ   ГарадЫ ВОБЛАСЦІ   ГЕРАЛЬДЫКА

ПІСЬМЕннікі, паэты, літаратары   МАСТАКІ   ВЫДАТНЫЯ І ЗНАКАМІТЫЯ ЛЮДЗІ

ГЕРОІ САВЕЦКАГА САЮЗА   ГЕРОІ САЦЫЯЛІСТЫЧНАЙ ПРАЦЫ

Галоўная  Карта сайта

© ГУ "Витебская областная библиотека им. В. И. Ленина", 2006 - 2009