БАТАЛАЎ
РЫГОР МІХАЙЛАВІЧ
нарадзіўся 15 (28) студзеня 1915 года ў Віцебску. Працаваць
пачаў з чатырнаццаці гадоў у віцебскім чыгуначным дэпо, потым
некаторы час узначальваў камсамольскую арганізацыю ў толькі што
створаным калгасе ў адной з беларускіх вёсак. У 1937 г. скончыў
Мінскае ваеннае вучылішча.
У чэрвені 1941 года Рыгор Баталаў камандаваў курсанцкім узводам.
Разам з ім зведаў горыч першых няўдач, а пад Масквой атрымаў
першую сапраўдную перамогу. Будучы слухачом курсаў пры акадэміі
імя Фрунзе (паскораны курс 1942г.), ён у складзе зводнага
батальёна быў наводчыкам гарматы пад Мажайскам.
У Сталінградзе
дваццаціпяцігадовы капітан Баталаў узначаліў стралковы полк. Пад
кіраўніцтвам Р. Баталава полк вызначыўся ў многіх баях,
удзельнічаў у паланенні фельдмаршала Паўлюса і яго штаба. За поспехі
ў баях полк быў узнагароджаны
ордэнам Чырвонага Сцяга. Пасля заканчэння Сталінградскай бітвы
29-й дывізіі была прысвоена назва 72-й гвардзейскай.
У канцы лютага 1943 года дывізія была перакінута да Белграда.
Гвардзейскі полк Баталава з марша заняў абарону ў раёне Маславай
Прыстані, дзе адбіў шматлікія спробы ворага фарсіраваць Паўночны
Данец.
Пачалося ліпеньскае наступленне гітлераўцаў. Полк Баталава,
знаходзячыся ў першым эшалоне, прыняў на сябе асноўны ўдар
праціўніка. Пазіцыі атакавалі дзве варожыя пяхотныя дывізіі і да
6 танкаў. Здавалася, нішто не магло ўстаяць супраць такога
масіраванага тарана. Але баталаўцы выстаялі. Васемнаццаць гадзін
працягваўся жорсткі бой з пераўзыходзячымі сіламі ворага. Полк
Баталава бліскуча выканаў пастаўленую перад ім баявую задачу.
Прасунуўшыся цаной велізарных страт на 1,5-2 кіламетры, фашысты
вымушаны былі адмовіцца ад далейшага наступлення на гэтым
участку і перайсці да абароны.
Неўзабаве, выматаўшы праціўніка, дывізія перайшла ў
контрнаступленне і аднавіла становішча. На плячах адступаючых
гітлераўцаў 229-ы гвардзейскі стралковы полк адным з першых
фарсіраваў Паўночны Данец, захапіў плацдарм і забяспечыў
пераправу галоўных сіл дывізіі і арміі на заходні бераг ракі. За
гэту аперацыю, праведзеную з вялікім майстэрствам, Р.М. Баталаў
быў узнагароджаны другім ордэнам Чырвонага Сцяга.
Разграміўшы фашыстаў пад Белгарадам, дывізія перайшла ў
наступленне ў напрамку Харкава, удзельнічала ў яго вызваленні ад
захопнікаў.
У верасні 1943 года савецкія войскі, праследуючы адступаўшых
гітлераўцаў, выйшлі да Дняпра ў раёне сёл Новы Орлік і
Барадаеўка. Пад прыкрыццем воднага рубяжа праціўнік пачаў
прыводзіць у парадак свае разгромленыя часці, умацоўваць
абарону. Неабходна было з ходу фарсіраваць раку, захапіць
плацдарм на яе правым беразе і забяспечыць пераправу асноўных
сіл. Выканаць гэту важную задачу камандаванне арміі даручыла
палку гвардыі маёра Р.М. Баталава.
У ноч з 24 на 25 верасня 1943 года полк у цяжкіх умовах
фарсіраваў Днепр, захапіў плацдарм і замацаваўся на ім.
Разам з першымі байцамі пераправіўся на заходні бераг Р.М.
Баталаў, каб непасрэдна на месцы кіраваць адказнай аперацыяй.
Адбіўшы шалёныя контратакі гітлераўцаў, полк пад прыкрыццём
цемры ўварваўся ў сяло Барадаеўка і прымусіў праціўніка ў паніцы
адступіць. Баталаўцы прасунуліся наперад на чатыры кіламетры,
нанесшы ворагу вялікія страты і разбурыўшы ўсю сістэму яго
абароны. Цераз барадаеўскі плацдарм адразу ж пераправіліся на
правы бераг Дняпра дывізія, а затым уся армія. Наступленне нашых
войск паспяхова працягвалася.
Так, паказваючы асабісты прыклад мужнасці, стойкасці і воінскага
майстэрства Р.М. Баталаў забяспечыў выдатнае выкананне палком
пастаўленай задачы. Увесь асабовы састаў палка тады быў адзначан
урадавымі ўзнагародамі, а 9 воінам, у тым ліку Р.М. Баталаву,
якія асабліва вызначыліся, было прысвоена высокае званне Героя
Савецкага Саюза.
У жніўні 1944 года Баталаў, будучы намеснікам камандзіра 72-й
гвардзейскай стралковай дывізіі, актыўна ўдзельнічаў у
правядзенні славутай Яса-Кішынеўскай аперацыі. Дывізія прарвала
Тыргу-Фурмоскі ўмацаваны раён ворага, а ў канцы жніўня,
пераадолеўшы Карпацкі хрыбет, паспяхова развіла хуткае
наступленне ў Трансільваніі. Неўзабаве Баталаў быў узнагароджан
ордэнам Кутузава
II
ступені.
У 1944-45 гг. Р.М. Баталаў змагаўся з гітлераўцамі на тэрыторыі
Румыніі, Венгрыі, Чэхаславакіі і Аўстрыі, удзельнічаў у
вызваленні Будапешта, Браціславы і Прагі.
Пасля вайны закончыў Ваенную акадэмію імя М.Р. Фрунзе, а ў 1959
годзе – Ваенную акадэмію Генеральнага штаба Узброеных сіл СССР.
Да 1971 года служыў у радах Савецкай Арміі, перадаваў
маладым воінам і афіцэрам свае багатыя ваенныя веды і вопыт.
У 1960 годзе яму было прысвоена званне генерал-лейтэнанта.
У
беларускага пісьменніка М. Аляксеева ёсць раман “Салдаты”. На
яго старонках створаны вобразы строгага, але клапатлівага
генерал-маёра Сізова, адважнага і вопытнага камандзіра
стралковага палка Баталіна, мужнага артылерыста Гунько, смелага
і кемлівага разведчыка Шахаева. Здзіўляешся, наколькі жывымі,
праўдзівымі паўстаюць перад чытачом карціны баёў, героі рамана.
Але мала хто ведае, што прататыпам вобраза Баталіна ў гэтым
творы з’явіўся ён, наш зямляк Рыгор Міхайлавіч Баталаў. Аб гэтым
сведчыць і надпіс зроблены рукой аўтара: “Р.М. Баталаву – майму
аднапалчаніну, выдатнаму военачальніку, які паслужыў прататыпам
вобраза Баталіна ў гэтым першым маім творы, - на памяць, М.
Аляксееў”.
Літаратура
1.
Баталаў
Рыгор Міхайлавіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т.
/ рэдкал.: Г.П. Пашкоў [і інш.].
- Мн., 1996. - Т. 2. - С.
344.
2.
Баталаў
Рыгор Міхайлавіч //
Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Віцебска : у 2 кн. /
рэдкал.: Г.П. Пашкоў [і інш.] ; склад. А.І. Мацяюн ; маст. Э.Э.
Жакевіч. - Мн., 2002. - Кн. 1. - С.
619-620.
3.
Баталов
Григорий
Михайлович //
Герои Советского Союза : краткий биографический словарь : в 2
т. / А.А. Бабаков [и др.]. - М., 1987. - Т. 1. -
С.
126.
4.
Львоў, У. Ад Сталінграда да Прагі / У. Львоў // Віцебскі
рабочы. – 1981. – 3 сак. – С. 3.
|