РУП “ЛЫНТУПСКІ СПІРТЗАВОД” >
Лынтупскі бровар вядомы з 1691 года. Першым яго
ўладальнікам быў вяльможа Гілзенаў. Вінакурня была
двухпавярховай: першы паверх – з каменя, другі – з
дрэва. Унутры знаходзілася паравая ўстаноўка. За суткі
на гарэлку перапрацоўвалася 45 пудоў мукі і бульбы.
У 1863 годзе мястэчка Лынтупы купіў пецярбургскі адвакат
Ежы Бішэўскі. Наступіў новы гістарычны этап развіцця
сядзібы. Заснавальнікам мясцовага спіртзавода з'яўляецца
Юзаф Бішэўскі. У 1900 годзе пачалося будаўніцтва
цаглянага будынка. У 1904 годзе на заводзе ўжо
ажыццяўлялася перагонка спірту-сырцу на рэктыфікат.
У перыяд фашысцкай акупацыі (1941–1944 гг.) завод не
працаваў. Загад аб аднаўленні прадпрыемства быў
падпісаны 18 ліпеня 1944 года.
У 1951 г. пабудаваны і ўведзены ў эксплуатацыю цэх
пнеўматычнай саладоўні па вытворчасці піваварнага соладу
для піўных заводаў Беларусі сутачнай магутнасцю 6 тон.
У 1956 г. уступіў у строй вуглекіслотны цэх магутнасцю
1,2 тоны за суткі, у 1963 – мадэрнізаваны, магутнасць
вырасла да 5 тон у суткі. Апошняя рэканструкцыя цэха
адбылася ў 1991 годзе, калі былі ўстаноўлены японскі
кампрэсар прадукцыйнасцю 500 кілаграмаў у гадзіну і
ёмістасці для бястарнага захоўвання і водпуску
вуглекіслаты на 36 тон. Сутачная магутнасць цэха
даведзена да 7,2 тоны.
У 1959 г. праведзена поўная рэканструкцыя ўсёй
электрагаспадаркі, у 1966 г. завод быў падключаны да
дзяржаўнай ЛЭП.
У 1960 г. пабудавана новая кацельня з устаноўкай двух
новых катлоў, а ў 1963 – пераведзена на мазут, што дало
магчымасць механізаваць усе працэсы па падачы і
спальванні паліва, адпала неабходнасць у працаёмкай
падачы торфу.
У 1961 г. пабудаваны крухмальны цэх, што дазволіла
перапрацоўваць бульбу камбінавана на крухмал і спірт. У
1964 – цэх вадкіх кармавых дражджэй магутнасцю 100 тон у
суткі. Уведзена ў эксплуатацыю чыгуначная ветка, што
дало магчымасць механізаваць асноўныя
пагруза-разгрузачныя работы. Магутная энергаўзброенасць
завода дазволіла правесці радыкальныя мерапрыемствы па
механізацыі працаёмкіх работ, удасканаленні
тэхналагічных працэсаў. У 1961 годзе зманціравана і
ўведзена ў эксплуатацыю неперарыўная схема разварвання
крухмалістай сыравіны, поўнасцю з усіх цэхаў былі
выдалены трансмісіі, паравая помпа заменена на помпы з
электрапрыводам.
У 1974 г. уведзены ў эксплуатацыю цэх брагарэктыфікацыі
магутнасцю 1500 дал за суткі, пазней магутнасць
даведзена да 2000 дал за суткі.
У перыяд з 1990 па 1992 гады на заводзе ўкаранёна схема
ферментатыўнага гідролізу крухмалістай сыравіны.
У 2004 г. праведзена рэканструкцыя з устаноўкай
разгоннай калоны, што значна павысіла якасць спірту і
павялічыла яго выхад на 2–2,5 %.
ЛІТАРАТУРА
1. Касцень, А. Старажытны бровар і людзі вакол
яго / А. Касцень // Звязда. – 2004. – 4 снеж. – С.
5.
2. Пішч, Г. РУП "Лынтупскі спіртавы завод"
–
100 гадоў / Г. Пішч // Пастаўскi край. – 2004. – 10
лістап. – С. 2–3.
3.
Шик, В.
От бровара до лучшего в отрасли
/ В.
Шик // Витебский
курьер. – 2004. – 19 нояб. – С.1.
|