галоўная  >  прыдзвінскі край  > пастаўскі раён  > эканоміка >  буйнейшыя прадпрыемствы >

 

УДП “ПАСТАЎСКІ КАНСЕРВАВЫ ЗАВОД” >       

 

Рашэнне раённага Савета народных дэпутатаў аб адкрыцці ў Паставах плодавінзавода на базе нацыяналізаванага да вайны піўзавода было прынята 27 лютага 1945 года. А ў пачатку 1946 г. была выпушчана першая прадукцыя з яблыкаў і дзікарослых ягад. Калектыў з 46 чалавек праяўляў пошук, ініцыятыву, дабіўся выпуску дабраякаснай прадукцыі. Невыпадкова ў 1951 годзе прыйшла першая працоўная перамога: Пастаўскі вінзавод быў прызнаны лепшым у рэспубліцы.  А  праз два гады ў сувязі з рэалізацыяй у краіне праграмы развіцця харчовай прамысловасці невялікае прадпрыемства набыло статус сокавага завода. У ходзе рэканструкцыі было ўстаноўлена новае абсталяванне, механізаваны асноўныя вытворчыя працэсы. Гэта дазволіла наладзіць выпуск кансерваваных натуральных сокаў. Адначасова працягвалася далейшае будаўніцтва прадпрыемства.

Для забеспячэння вытворчасці ягадамі і агароднінай па рашэнні ўрада на базе калгасаў і саўгасаў ствараецца сыравінная зона, пашыраецца плошча падсобнай гаспадаркі. Калектыў павялічыўся да 129 чалавек, сярод якіх было шмат жанчын. Улічваючы спецыфіку іх работы і занятасць, у пачатку 1961 года завод адкрыў уласны дзіцячы сад "Сонейка", які праіснаваў да 1992 года.

Да канца 60-х гадоў выпуск прадукцыі павялічыўся ў тры разы. Была праведзена дабудова завода. Далейшае пераўзбраенне асноўнай вытворчасці дазволіла арганізаваць трохзменную работу, асвоіць выпуск новых відаў прадукцыі: варэння, павідла, грыбных і агароднінных кансерваў, якія пастаўляліся спажыўцам ад Калінінграда да Хабараўска. На прадпрыемстве працавала больш за 200 чалавек.

У 1970 годзе матэрыяльная база прадпрыемства аб'ядноўвала кансервавы і фабрыкатны цэхі, цэнтральны склад і склад гатовай прадукцыі, таварна-бандарны ўчастак, мехмайстэрню. Працавалі тэхналагічныя лініі па вырабе сокаў і марынадаў, абедзенных кансерваў, варэнневарачнае аддзяленне і аддзяленне па выпуску кампотаў. Вытворчыя магутнасці на той час складалі 12000 туб у год. Калектыў стаў адным з першых на Пастаўшчыне, дзе разгарнулася работа за прысваенне  прадукцыі дзяржаўнага “Знака якасці".

Аднак у 1978 г. у сувязі  са  шматгадовай эксплуатацыяй завода прымаецца рашэнне аб перадачы яго Глыбоцкаму кансерваваму заводу. У Паставах на новых плошчах застаўся філіял - вытворчы ўчастак.  І толькі праз чатырнаццаць гадоў завод зноў набыў самастойнасць. Гэта быў 1992 год, калі ў эканоміцы краіны ўжо намячаўся разлад. Перыяд аднаўлення і станаўлення, пошуку свайго шляху развіцця для калектыву атрымаўся доўгім і цяжкім.

Зараз, вывучыўшы кан'юнктуру рынку, попыт пакупнікоў, прадпрыемства ўзяло курс на выраб кансерваванай прадукцыі з пладоў і дзікарослай сыравіны. У 2005 годзе было нарыхтавана  105 тон ягад, 770 — яблыкаў, 90 — бярозавага соку, паўтары тоны грыбоў. Вырабілі больш за 24500 дал сокаў: яблычнага, вішнёвага, клубнічнага, з чорных парэчак, чырвонай рабіны. Былі распрацаваны 32 новыя віды плодаагароднінных кансерваў, што складае 52,2% ад агульнага аб'ёму прадукцыі. Дарэчы, вытворчасць таварнай прадукцыі ў параўнанні з папярэднім годам летась узрасла на 17,8%, тавараў народнага спажывання — на 14,7%. На аснове яблычнага, клубнічнага, вішнёвага і іншых натуральных сокаў распрацавана 6 відаў пладовага віна.

Узросшыя аб'ёмы нарыхтовак і выпуску прадукцыі запатрабавалі прыняць некаторыя меры па абнаўленні ўласнай базы. Для захоўвання сокаў устаноўлены дзве ёмістасці па 200 кубічных метраў, закатачная машына пад слоікі "твіст-офф". У кансервавым цэху праведзена рэканструкцыя падачы вады на мыйку і пары ў машыну для мыцця бутэлек.

Для забеспячэння прадпрыемства больш таннай уласнай сыравінай вядзецца актыўная работа па развіцці падсобнай гаспадаркі. На адным гектары пасаджаны чорныя парэчкі, на двух — клубніцы. Вырошчваецца гародніна. У 2005 годзе з сямігектарнай плошчы атрымана 17 тон морквы, 38,5 тоны буракоў, 1,8 — агуркоў, 1,1 — кабачкоў, 12 тон бульбы. Цэны на прадукцыю, атрыманую ў сваёй падсобнай гаспадарцы, ніжэй за закупачныя, што дало эканамічны эфект у суме 16,4 мільёна рублёў.

Вельмі актуальнай для прадпрыемства з'яўляецца праблема рэалізацыі выпушчанай прадукцыі. Калі за ўвесь 2005 г. паставілі гандлёвым прадпрыемствам Пастаўскага, Докшыцкага, Браслаўскага і Лепельскага раёнаў, а таксама Віцебска, Полацка, Наваполацка і Оршы 581 туб кансерваў і 66 тысяч дал віна, то ўжо сёлета за чатыры месяцы рэалізавана 414 туб кансерваў і 27 тысяч дал віна на суму 1 мільярд 90 мільёнаў рублёў.

Попыт на новыя віды прадукцыі вызначае маркетынгавую стратэгію, накіраваную на заваяванне сваёй нішы на рынках збыту, далейшае пашырэнне асартыменту кансервавых вырабаў і віна. На выкарыстоўваемым абсталяванні дасягнуць гэтай мэты няпроста. Таму шукаюцца шляхі і сродкі для набыцця новага высокапрадукцыйнага сучаснага абсталявання. Прадпрыемства набыло імпартную лінію па расфасоўцы і ўпакоўцы плодаагароднінных кансерваў у шкляныя слоікі з накрыўкай тыпу "твіст-офф" прадукцыйнасцю да 3000 слоікаў у гадзіну і ў бутэлькі. Абсталяванне зманціравана ў  ліпені 2006 года. Для пашырэння рэалізацыі выпускаемай прадукцыі ў Паставах на Камсамольскай плошчы адкрыўся фірменны магазін завода.

Прымаемыя хады па абнаўленні асноўных фондаў, нарошчванні вытворчасці канкурэнтаздольнай прадукцыі закліканы яшчэ больш згуртаваць калектыў, зрабіць працу на заводзе прыцягальнай і добра аплачваемай. Сёння на ўсіх участках  занята 100 чалавек. Касцяк калектыву складаюць людзі, адпрацаваўшыя па 20 і больш гадоў. Адметна, што сярод іх нямала спецыялістаў-тэхнолагаў, сапраўдных майстроў сваей справы.

 

ЛІтаратура

1. Курыловіч, П. З выставы вярнуліся з дыпломам / П. Курыловіч // Пастаўскi край. – 2005. – 26 лістап. – С. 2.                                   

2. Курыловіч, П. Маладзее ў 60 год / П. Курыловіч // Пастаўскi край. – 2006. – 31 мая. – С. 3–4.

3. Сидорович, О. Одна пряная, другой нежный, но оба – лучшие / О. Сидорович // Витьбичи. –  2004. – 10 янв. – С. 2.                    

© ГУ "Витебская областная библиотека им. В. И. Ленина", 2006 – 2008