галоўная  > прыдзвінскі край Талачынскі раён > культура > асвета >  

 

на шляху да ведаў

 

Паводле перапісу 1897 г., у Сенненскім павеце, куды ўваходзіла значная частка тэрыторыі сучаснага Талачынскага раёна, пісьменных было толькі 11,9%. Першая школа ў Талачыне заснавана Львом Сапегам у 1604 г., займаліся ў ёй дзеці заможных грамадзян. Пазней адкрыта некалькі школ граматы з тэрмінам навучання 1-2 гады для дзяцей беднякоў,  у  асноўным  хлопчыкаў. Першае аднакласнае народнае вучылішча пачало працаваць у 1863 г. у Старым Талачыне, сялянскае таварыства выдзеліла на яго ўтрыманне 200 рублёў. У 1878/79 навучальным годзе тут вучылася 29 хлопчыкаў і 4 дзяўчынкі. У 1869 г. адкрыта Зарэчна-Талачынскае народнае вучылішча, на яго патрэбы мясцовае сялянскае таварыства выдзяляла ў год усяго 55 рублёў. У Талачыне і   навакольных   мястэчках было некалькі царкоўна-прыходскіх школ, хедараў, двухгадовыя земскія школы ў Пляшыўцах  (цяпер в. Зялёная)  і Падбярэззі. У 1889 г. «Могилёвские епархиальные ведомости» паведамлялі, што ў Навасельскім прыходзе колькасць душ 1670, навучэнцаў 15 на 111 чалавек. У в. Прудзец заняткі з вучнямі праводзяцца ў хатах іх бацькоў па чарзе, настаўнікам працуе адстаўны радавы Стафан Бярнадскі, атрымлівае па 50 капеек у месяц, стол ад бацькоў навучэнцаў; вучняў 4 хлопчыкі, колькасць душ  у прыходзе — 2101, 1 навучэнец  на 116 чалавек.

У 1896 г. на Талачыншчыне на 100 дзяцей школьнага ўзросту прыпадала 12 вучняў, у 1897 г.  было 31,6 %  пісьменных   мужчын   і 3 % жанчын, сярод мужчын   3,5 % мелі адукацыю  вышэй пачатковай,  сяляне   складалі 19 %  ад усіх пісьменных. На патрэбы адукацыі царская казна вылучала мізэрныя сродкі, не хапала падручнікаў, вучэбных дапаможнікаў, навучанне было платнае. У 1896 г. на ўтрыманне настаўнікаў, вучэбныя дапаможнікі,   гаспадарчыя патрэбы ў Старым Талачыне было выдзелена ўсяго 226 рублёў. Большасць школ знаходзілася на ўтрыманні сялянскіх суполак, з-за недахопу сродкаў многія закрываліся.

 Узровень ведаў, якія давала дарэвалюцыйная  школа, быў вельмі нізкі. Тут вывучалі гісторыю Старога і Новага запаветаў, катэхізіс, царкоўныя спевы, часаслоў, царкоўна-славянскую,  рускую мовы, азы арыфметыкі. Часам настаўнікамі працавалі валасныя пісары, паўпісьменныя адстаўныя салдаты. Але былі выключныя выпадкі. 25 гадоў служыў настаўнікам у Коханаве Іван Рыгоравіч Антонаў. Перадавы чалавек свайго часу, перакананы атэіст, педагог, ён усё рабіў, каб яго вучні авалодвалі ведамі.  Дзякуючы  яму  Коханаўскае  двухкласнае народнае вучылішча стала адным з лепшых сярод падобных навучальных устаноў Магілёўскай губерні. 16 студзеня 1911 г. Антонаў прысутнічаў на сходзе прыхаджан, дзе абмяркоўвалі пытанне аб зборы сродкаў для расшырэння храма. Ён выступіў і сказаў, што духавенства бярэ сродкі толькі з прыхаджан, хоць у Сінода на будаўніцтва цэркваў ёсць дзесяткі мільёнаў рублёў. Пасля гэтага сяляне адмовіліся даваць грошы. Іван Рыгоравіч ніяк не садзейнічаў мясцоваму свяшчэнніку ў школьных справах. Вучні не без уплыву Антонава ўхіляліся ад наведвання ўрокаў Закона Божага і царквы. Мясцовыя ўлады былі незадаволены яго дзейнасцю і перавялі ў Руднянскае  двухкласнае   вучылішча.   Коханаўскія сяляне выступілі ў абарону настаўніка. У пісьме ў Магілёўскі вучылішчны савет яны прасілі вярнуць яго ў Коханава, бо Іван Рыгоравіч за час службы ў Коханаўскім вучылішчы навучыў дзяцей агародніцтву, садоўніцтву, адкрыў пры вучылішчы два  рамесныя класы — сталярны і слясарны, не ведаюць яны, хто з настаўнікаў працаваў бы для народа так добрасумленна, як Іван Рыгоравіч Антонаў. Пад пісьмом стаяла 312 подпісаў. Гэты выпадак як нельга лепш   сведчыць аб імкненні людзей працы да адукацыі, аб тым, якім цяжкім быў шлях простага чалавека да ведаў.

Вялікія змены ў развіцці народнай адукацыі адбыліся на Талачыншчыне за гады Савецкай улады. У 1987 г. у раёне было 9 пачатковых, 11 васьмігадовых, 14 сярэдніх школ, у якіх займалася 5,5 тыс. вучняў, з іх 2,5 тыс. у сельскай мясцовасці. Створана 56 груп падоўжанага дня, іх наведвае больш за 1,7 тыс. дзяцей, каля 400 вучняў жывуць у 14 прышкольных інтэрнатах. Працуе 550 настаўнікаў і  8 % маюць  вышэйшую  педагагічную адукацыю. Праца многіх з іх высока адзначана дзяржавай. 17 работнікаў асветы ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі СССР, 19 — Граматамі Вярхоўнага Савета БССР, 15 прысвоена ганаровае званне заслужанага настаўніка БССР: Р.Г.  Бейненсону — дырэктару Славенскай сярэдняй школы, С.П. Дрангоўскаму — былому дырэктару Слаўненскай сярэдняй школы,  I.I. Жураўскаму — былому дырэктару Талачынскай СШ № 1, В.Ф. Альшэўскай, М.I. Жураўскай, Т.М. Краўцовай, К.М. Пятровіч, Н.I. Сінскай, А.Л. Шатраўко — былым настаўніцам Талачынскай сярэдняй школы № 1, В.I. Клімовічу — настаўніку Коханаўскай сярэдняй школы, Г.I.  Лыловай — былой настаўніцы Талачынскай сярэдняй школы № 2, М.Я. Мікульчык — настаўніцы Талачынскай сярэдняй школы № 2, В.Д. Сёмачкіну — загадчыку фільматэкі Талачынскага аддзела народнай асветы, 5 узнагароджаны значком «Выдатнік асветы СССР», 64 — «Выдатнік народнай асветы».

А. Шнэйдар

 

© ГУ "Витебская областная библиотека им. В. И. Ленина", 2006 - 2008