галоўная  >  прыдзвінскі край  >  браслаўскі раён > культура > рамёствы >  

 

этнаграфія браслаўшчыны >

 

Браслаўскі рэгіён размешчаны ў зоне існавання старажытнага ледавіка, які пакінуў тут сляды ў выглядзе няроўнага завалуненага рэльефу. Марэнныя пагоркі і грады, пакрытыя лісцева–хвойным лесам, перамяжаюцца з рачнымі далінамі і замкнутымі катлавінамі, што ўтвараюць цэлыя россыпы маляўнічых азёр. Глебы ў Паазер’і дзярнова–падзолістыя, завалуненыя і патрабуюць шмат клопату пры апрацоўцы. Вегетацыйны перыяд – 175–180 дзён – самы кароткі ў Беларусі. Усё гэта зніжала магчымасці земляробства, па-свойму вызначала асаблівасці земляробчай тэхнікі, структуру пасяўных культур, тэрміны сяўбы і збору ўраджаю. Разам з тым разнастайная прырода: лес з густым пладова-ягадным падлескам, шчодрай прамысловай фаунай, шматлікія азёры і рэкі, багатыя рыбай і вадаплаўнай птушкай – усё гэта служыла важнай кармавой базай і вабіла сюды насельніцтва. Найбольшая заселенасць назіралася вакол рэк і азёр.

Зацяжныя войны з Рускай дзяржавай у ХVІ–ХVІІ ст. прывялі да страшэнных разбурэнняў і абязлюдзення рэгіёна. Узмацніўся польска-каталіцкі культурны ўплыў, пашырыліся зямельныя ўладанні каталіцкіх парафій. На Браслаўшчыну, ратуючыся ад рэлігійных ганенняў, перасяліліся таксама рускія стараверы з памежных раёнаў Расіі.

Некаторыя групы мясцовых беларусаў–католікаў называлі сябе палякамі, блыталі народнасць з рэлігіяй, хаця размаўлялі на беларускай мове, песні абрадавыя, ды і самі абрады былі беларускія. Прозвішчы тутэйшых сялян таксама выдавалі іх нацыянальнасць: Журня, Лапыр, Дундар, Стэльмачонак, Бабышка, Ляхновіч, Аўчынка. У той жа час праваслаўныя беларусы нярэдка залічваліся да рускіх.

У шматлікіх невялікіх паселішчах пражывалі сяляне і дробная шляхта. Часцей за ўсё такія паселішчы не мелі выразнай структуры і дакладна акрэсленай вуліцы. Сустракаліся і больш буйныя пасяленні – мястэчкі, якія размяшчаліся ўздоўж дарог і бойкіх трактаў. Вулічныя вёскі такіх паселішчаў звычайна агароджваліся: перад уездам знаходзілася брама, побач з якой стаяў крыж, аздоблены вышытым рушніком.

Гаспадарчы ўклад і традыцыйна–бытавая культура, што складаліся на тэрыторыі Браслаўшчыны, так ці інакш адлюстроўвалі ўзаемаўплывы і сімбіёз розных этнакультурных элементаў, спецыфіку мясцовых гістарычных і экалагічных умоў. Тут не было шырокіх раўнін з урадлівымі глебамі. І ўсё ж, нягледзячы на неспрыяльныя глебава–кліматычныя ўмовы, узровень земляробства ў раннім сярэднявеччы тут быў не ніжэй, чым у суседніх рэгіёнах. У адрозненні ад іншых беларускіх рэгіёнаў, Браслаўшчына не забяспечвала сябе ўласным хлебам. У структуры пасеваў побач са збожжавымі важнае месца займала культура льну. З канца ХІХ ст. прыкметна пашырыліся пасевы бульбы і кармавых траў, якія садзейнічалі ўзнаўленню ўрадлівасці глеб. Палі апрацоўваліся з дапамогай мясцовага варыянта сахі з перакладной паліцай, архаічнай бараны–сукаваткі, ці смыка, на сугліністых глебах ужывалі круглую калоду з зубамі, матыку і чакуху для драблення камоў. Выбраны на палях лён у адрозненні ад іншых рэгіёнаў вымочвалі на дне вадаёмаў, а потым апрацоўвалі на двухрэбравых нахільных мялках.

Сакавітыя лугі і выпасы спрыялі развіццю жывёлагадоўлі. Асноўнай рабочай жывёлай у сялянскай гаспадарцы быў конь. З канца ХІХ стагоддзя жывёлагадоўля атрымала выразны мяса–малочны напрамак.

Наяўнасць шматлікіх азёр садзейнічала шырокаму развіццю рыбалоўства, якое, адыгрываючы важную ролю ў гаспадарцы, пакінула прыкметны след у традыцыйна–бытавой культуры жыхароў Браслаўшчыны. З развіццём капіталістычных адносін значны штуршок атрымалі  нарыхтоўка лесу, выраб брусоў, абадоў, бандарнай клёпкі і вываз іх у прыбалтыйскія парты. Многія сяляне ішлі на будаўнічыя работы; мясцовых каменячосаў, муляраў, цесляроў нярэдка можна было сустрэць у адыходзе ў губернях Расіі.

На Браслаўшчыне пераважалі маладворныя сельскія пасяленні (3–5 сяліб), раскіданыя сярод лясных пагоркаў паблізу рэк і азёр. Мясцовыя жыхары сяліліся наводшыбе, у баку ад вялікіх дарог з улікам прыстасаванасці да экалагічных умоў, наяўнасці побач выгану і “нічыйных” зямель, суседства з вадаёмам і лесам, што надавала пасяленням азёрнага краю патрыярхальна–экзатычныя рысы. Сельскія шляхі вызначаліся слабай набітасцю грунта і невыразнымі абрысамі. Паміж невялікімі вёскамі, хутарамі і асобнымі дварамі былі вузкія прасёлкі і сцежкі. Узімку ўзнаўлялася мноства часовых дарог – так званых зімнікаў, што вялі напрост скарочанымі маршрутамі па замёрзлых рэках і азёрах.

Пашыраны тып сядзібнай забудовы замкнуты ці вяночны, побач з размяшчэннем пабудоў па перыметры двара, сустракалася і кампактная забудова, калі памяшканні шчыльна прымыкалі да жылля, утвараючы адзіны жыллёва-бытавы комплекс з крытым дваром. На некаторай адлегласці ў глыбіні сядзібы будавалі гумно і лазню. Гумно ў мясцовым вызначэнні – гэта комплекс гаспадарчых пабудоў з уласна гумном, сушылкай, пуняй для саломы і сена, азяродамі.

Тыповая планіроўка жылля: хата + сенцы + стопка (варыўня). У бяднейшых сялян нярэдка было і двухкамернае жыллё, пры гэтым у сенцах часам адгароджвалі месца (катух) для хатняй жывёлы.

Для традыцыйнага адзення Браслаўшчыны быў уласцівы прамы, свабодны крой. Такі крой мелі, у прыватнасці, розныя тыпы плечавога верхняга адзення – світы, кажухі, лёгкія кафтаны з грубага зрэбнага палатна, курткі. Палатняны кафтан тыпу плашча насілі ва ўсе поры года. Найбольш распаўсюджаны колер адзення – белы.

Жаночае паясное адзенне адрознівалася значнай разнастайнасцю відаў і спосабаў упрыгожвання. Гэта – аднатонныя льняныя спадніцы і такога ж тыпу ўзорныя набойкі і саяны са шматнітовага палатна, каляровыя суконныя андаракі і паўсуконныя дрыліхі. У малюнку ўзорна тканых андаракаў на сінім фоне чаргаваліся рознакаляровыя вертыкальныя палоскі або клятчаты ўзор (у шашкі). Ільняная аснова дрыліха надавала яму рабую танальнасць, пярэдняя полка рабілася са звычайнага палатна, яна закрывалася белым вышытым фартухам. Амаль такога ж крою і другі від паяснога адзення – саян.

Жаночыя сарочкі, як і ў іншых рэгіёнах, шылі ў адным выпадку з аднолькавага палатна (суцэльныя), у другім – з двух розных сартоў тканіны: верхнюю частку з тонкага кужалю, а ніжнюю – з больш грубай, зрэбнай тканіны. Сарочка часцей за ўсё не мела каўнерыка. Ва ўзорнай тэхніцы ўпрыгожванняў пераважала вышыўка, якую гарманічна дапаўнялі мярэжка і карункавы арнамент. Віднае месца займала набойка. Аснову ўзорных матываў складалі стылізаваныя выявы мясцовай флоры, палявыя рамонкі, незабудкі, гарошак, сунічкі, бярозавыя, кляновыя лісточкі, якія нярэдка спалучаліся з геаметрычным арнаментам.

 

Узоры адзення жыхароў Браслава 9 - 12 стст.      Браслаўскі жаночы святочны строй. Пачатак  20 ст.

 

Шырока былі распаўсюджаны наплечныя пакрывалы – вілайне. Яны ўяўлялі сабой прамавугольны кавалак тканіны, які зашпільваўся на грудзях фібулай і ўпрыгожваўся бронзавымі спіралькамі і махрамі.

Значную ролю ў касцюме, як жаночым, так і мужчынскім, і дзіцячым, адыгрываў пояс – тканы, плецены, скураны, шаўковы. Паясы ўпрыгожваліся бронзавымі або меднымі бляшкамі, спражкамі, фібуламі. Да іх падвешваліся ножычкі і падвескі–амулеты.

Важнейшай часткай касцюма, асабліва жаночага, з’яўляўся галаўны ўбор. Дзявочымі ўборамі былі вяночкі з бяросты ці лубу, якія абшываліся тканінай і ўпрыгожваліся металічнымі пласцінкамі або вышыўкай.

Жаночыя галаўныя ўборы на Браслаўшчыне адрозніваліся не столькі знешняй формай, колькі ўпрыгожваннем і спосабам іх павязвання. Традыцыйныя наміткі, падобныя на ручнік, ужываліся тут у другой палове ХІХ ст. як святочна–абрадавы ўбор. Пад намітку ці пад хустачку надзявалі чапец. Чапец меў знізу тасёмкі, якія завязваліся ззаду, на патыліцы.

Мясцовая кераміка вызначалася некаторай масіўнасцю форм і грунтоўнасцю апрацоўкі, што павышала яе трываласць і эксплуатацыйныя якасці. Майстры рабілі посуд з адносна тоўстымі сценкамі і шырокімі гарлавінамі. На апошняй стадыі вырабу посуд загартоўвалі (абпальвалі) у горнах, абварвалі ў мучным растворы або задымлівалі.

Мясцовыя гаворкі вылучаюцца ў полацкую групу ў складзе паўночна–заходняга дыялекту. Для песеннага фальклору ўласціва сольнае выкананне. Мелодыя песень роўная, з плаўнымі пераходамі, напевы нетаропкія і свабодныя.

Адышлі ў мінулае многія традыцыі, абрадавыя дзеянні і звычаі, але многія з іх захаваліся ў памяці жыхароў Браслаўшчыны, а некаторыя жывуць і па сённяшні дзень. Напрыклад, будаўніцтва жылля было абстаўлена пэўнымі звычаямі, абрадамі, абярэгамі, якія адзначалі яго важныя этапы: выбар месца для жылля, нарыхтоўку драўніны, закладку фундамента, узвядзенне страхі, улазіны.

Асобая ўвага надавалася выбару месца для жылля. Звычай не дазваляў будаваць хату на скрыжаванні дарог і на пакінутых шляхах, народнае павер’е звязвала іх з “чортавымі шляхамі”, дзе блукаюць па начах злыдні. Непрымальным для жылля лічылася і тое месца, дзе раней стаяла лазня, бо лічылася, што там жывуць ведзьмы. Перавага аддавалася раней абжытым, выпрабаваным мясцінам, дзе ўжо калісьці стаяла хата, у якой мірна і бестурботна працякала жыццё яе гаспадароў. На Браслаўшчыне быў вядомы і спосаб варажбы на каменнях: селянін браў невялікія камяні з чатырох палёў, клаў іх за пазуху або нёс на галаве пад шапкай на аблюбаванае месца, дзе складваў па вуглах мяркуемай будоўлі; калі тры дні апасля камяні заставаліся ляжаць на ранейшым месцы, выбар лічыўся ўдалым. Забаранялася выкарыстоўваць у будаўніцтве дрэвы, паваленыя бурай: па павер’і і новая хата можа быць разбурана стыхіяй. Асобны сэнс надаваўся закладцы першага вянца. Ва ўсходнім вугле першага вянца высякалі невялічкае паглыбленне, у якое клалі манеты, а таксама свянцоныя зёлкі, якія выконвалі функцыю абярэга ад маланкі.

Напярэдадні ўсялення ў новы дом навасёлы запрашалі святара, які акрапляў новую хату свянцонай вадой, бласлаўляў яе жыхароў. Наваселле спраўлялася ў поўню: поўны месяц – поўны дастатак, поўныя засекі хлеба. Пераход у новую хату адносілі на другую палову дня або на вечар.

З даўніх часоў жыве на Браслаўшчыне такая традыцыя, як адведкі ці наведванне парадзіх пасля родаў. Калі ў сям’і нараджалася дзіця, гэта было свята ўсёй вёскі. Праз тыдзень збіраліся жанчыны (толькі замужнія) і ішлі ў праведкі. Жанчыны пяклі бліны, укладвалі іх на сподак і накрывалі зверху другім сподкам, завязвалі ў хусцінку і так іх неслі. Нельга было ставіць бліны ў кошык або ў сумку. Да сёняшняга дня захаваўся звычай хадзіць у адведкі з булкамі, пячэннем свайго прыгатавання.

Сучаснае вяселле на Браслаўшчыне захавала лепшыя народныя традыцыі. Урачыста адбываецца рэгістрацыя шлюбу ў ЗАГСе або ў сельсавеце. Маладыя едуць на машынах, упрыгожаных стужкамі. Калі вяртаюцца дадому, павінны спыніцца на брамах, якія робяць жыхары вёсак, праз якія праязджае вяселле. На брамах віншуюць маладых і ўсю вясельную світу, сустракаюць хлебам-соллю. Маладыя, сваты, дружкі павінны пачаставаць тых, хто рабіў браму, цукеркамі, вясельнай гарэлкай. Чым больш брам сустрэне вяселле на шляху да дому, тым багацей будуць жыць маладыя, лічаць у народзе.

Маладых сустракаюць бацькі хлебам–соллю. Потым госці віншуюць маладых, уручаюць ім падарункі. Пасля гэтага ўсіх запрашаюць за вясельны стол. Звычайна вяселле доўжыцца два дні. Кіруюць ім сваты, якім дапамагаюць музыкі. У праграму вяселля ўваходзяць розныя гульні, конкурсы, песні, танцы. У адрас маладых прыходзяць жартоўныя тэлеграмы, парады на далейшае жыццё. Першы дзень вяселля заканчваецца апоўначы. Маладой здымаюць вэлюм, завязваюць на галаву хустачку, апранаюць фартушок, маладому надзяюць на галаву кепку. На другі дзень маладыя дораць падарункі радні, затым музыкі граюць “маршы” для гасцей. Ход вяселля залежыць ад сватоў, таму сватамі запрашаюць паважаных у вёсцы людзей.

Шырока адзначаецца на Браслаўшчыне адно з галоўных народных свят Каляды. Да свята доўга рыхтуюцца, прыбіраюць у хаце, усё мыюць, чысцяць. Абавязкова беляць печ, ад чаго ў хаце адразу робіцца святлей. Гатуюць розныя прысмакі.

24 снежня ўвечары адбываецца абрадавая вячэра: куцця. На стол абавязкова кладуць сена, паверх засцілаюць белым абрусам. На стол ставяць 12 страў. У першую чаргу гэта супы: рыбны і грыбны. Абавязкова варылі цэлую пшаніцу, саладзілі яе, пасыпалі макам. Рабілі таксама клёцкі з пшанічнай мукі і елі іх з салодкай вадой. Абавязкова на стале былі стравы рыбныя і грыбныя. Галоўнымі напоямі былі кісель і кампот. Кампот варылі з журавін, а кісель быў аўсяны. Пасля вячэры стол не прыбіралі, бо нібыта ў калядную ноч за гэтым сталом збіраюцца памерлыя родзічы. Раніцай стол прыбіралі, а сена неслі ў хлеў і кармілі ім жывёлу.

6 студзеня ў вёсках на Браслаўшчыне католікі адзначаюць свята “Тры каралі”. Гэта вялікае свята, у гэты дзень забаранялася ўсякая работа. Па хатах хадзілі “тры каралі”: Каспар, Мельхіёр і Балтасар. Некалькі чалавек апраналі касцюмы, хадзілі ад хаты да хаты, спявалі калядныя песні, віншавалі гаспадароў. Сярод калядоўшчыкаў былі: кароль у чырвоным плашчы, з каронай на галаве і вялікай зоркай; смерць у белым плашчы з касой; анёл у белым плашчы з крыламі; чорт у чорным адзенні з рагамі, барадой і хвастом,  з віламі на тры зубы; яшчэ 2-3 чалавекі – “каралеўская світа”. Калядоўшчыкі пісалі мелам на дзвярах тры літары: К+М+В. Жыхары хаты нават не заўважалі, калі яны гэта рабілі.

За тыдзень да Вялікдня святкавалі Вербную нядзелю. У суботу вечарам у хату прыносілі галінкі вярбы. А раніцай кожны член сямі намагаўся ўстаць як мага раней. Хто першы ўставаў, той вярбой будзіў усіх астатніх, прыгаворваючы:

             Вярба бе, не я,

             Не забе                                   

             За шэсць дзень вялікі дзень,

             За шэсць ноч вялікая ноч.

 Існавала павер’е, хто першы ўстане ў гэты дзень, той будзе цэлы год спрытны, будзе добра працаваць і добра вучыцца. Галінкі свянцонай вярбы захоўвалі за абразамі цэлы год. Калі першы раз вясной выганялі кароў у поле, падганялі гэтай вярбой.

 Дажынкі святкавалі ў канцы жніўня, калі заканчвалі жаць жыта. Жалі ў нашай мясцовасці толькі сярпамі і толькі жанчыны. Мужчыны вязалі снапы і ставілі іх у бабкі. Пасля таго, як звязвалі апошні сноп жыта, плялі дзве касы, звязвалі іх разам і надзявалі на шыю гаспадару, а гаспадыні надзявалі вянок з жыта. Цікава, што ў нашай мясцовасці вянкі рабілі з чыстага жыта, кветак у яго не ўпляталі. Спявалі песні, часта прыгаворвалі такія словы: “Раёк, раёк! Паляцеў, задзёршы хвасток!” Раёк - канец, заканчэнне працы. Калі заканчвалі жаць, яшчэ гаварылі: “Трэба сербая зарэзаць.” Сербай – так называлі голад. Часта хлеба не хапала да новага ўраджаю. А пасля таго, як сажнуць, ужо праз тыдзень можна было малоць і пячы хлеб, “сербая“ ўжо не было.

 

ЛІТАРАТУРА

1. Браслаўскі жаночы святочны строй. Пачатак  20 ст. С. // Традыцыйная мастацкая культура беларусаў : у 6 т. / Т.Б. Варфаламеева [і інш.]. – Мн., 2004. – Т. 2.  Віцебскае Падзвінне. – С. 834.

2. Дучыц, Л. Касцюм і ўборы браслаўчан у IXXII стагоддзях / Л. Дучыц // Памяць : Браслаўскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал. К.В. Велічковіч [і інш.]. – Мн., 1998. – С. 48 – 51.

3. Зайцава, В. Рамяство сярэдневяковай Друі / В. Зайцава // Браслаўская звязда. – 1989. – 6 мая, 13 мая, 18 мая.

4. Лобач, У. Этна-культурная спецыфіка Поўначы Браслаўскага Паазер’я / У. Лобач // Браслаўскія чытанні : матэрыялы III-й навукова-краязнаўчай канферэнцыі, прысвечанай 200 угодкам паўстання 1794 года. 21 22 красавіка 1994 г. / адказны за вып. К.С. Шыдлоўскі.  – Браслаў, 1994. – С. 3942.

5. Ляшкевіч, Э. Рыбалоўства Браслаўшчыны па археалагічных дадзеных / Э. Ляшкевіч // Браслаўскія чытанні : матэрыялы V-й навукова-краязнаўчай канферэнцыі прысвечанай 935 годдзю згадкі Браслава ў пісьмовых крыніцах / К. Шыдлоўскі [і інш.]. – Браслаў, 2001. – С. 62–64.

6. Маховская, И. Традиционные родинные обычаи и обряды Браславщины / И. Маховская // Браслаўскія чытанні: матэрыялы V-й навукова-краязнаўчай канферэнцыі прысвечанай 935 годдзю згадкі Браслава ў пісьмовых крыніцах / К. Шыдлоўскі [і інш.]. – Браслаў, 2001. – С. 65–67.

7. Навагродскі, Т. Народная кулінарыя Браслаўшчыны (на матэрыяле палявых этнаграфічных даследванняў) / Т. Навагродскі // Браслаўскія чытанні : матэрыялы V-й навукова-краязнаўчай канферэнцыі прысвечанай 935 годдзю згадкі Браслава ў пісьмовых крыніцах / К. Шыдлоўскі [і інш.]. – Браслаў, 2001. – С. 68– 70.

8. Разлуцкая, А. Паляванне старажытных браслаўчан / А. Разлуцкая // Браслаўскія чытанні : матэрыялы V-й навукова-краязнаўчай канферэнцыі прысвечанай 935 годдзю згадкі Браслава ў пісьмовых крыніцах / К. Шыдлоўскі [і інш.]. – Браслаў, 2001. – С. 83–84.

9. Русецкі, А.У. Узоры адзення жыхароў Браслава 9-12 стст. / А.У. Русецкі, Ю.А.  Русецкі ; мастак В.Г. Загародні // Мастацкая культура Віцебскага Паазер’я : Ад старажытнасці да пачатку ХХ стагоддзя. – Мн., 2005. С. 25.

10. Сергачоў, С. Мазаікі браслаўскага краю / С. Сергачоў // Мастацтва Беларусі. – 1987. - №4. – С. 6468.

11. Шыдлоўскі, К. Дрысвяты / К. Шыдлоўскі // Браслаўская звязда. – 1992. – 19 лют.

 

© ГУ "Витебская областная библиотека им. В. И. Ленина", 2006 - 2008