галоўная  >  прыдзвінскі край  >  пастаўскі раён  >  ВІЗІТНАЯ КАРТКА  > 

 

горад паставы >

 

Горад Паставы размешчаны на рацэ Мядзелка, за 250 км на захад ад Віцебска. Чыгуначная станцыя на лініі Віцебск — Вільнюс. Аўтамабільнымі дарогамі Паставы злучаны з Браславам, Глыбокім, Шаркаўшчынай, Мядзелам, а таксама з курортным пасёлкам Нарач. На 2003 г. у горадзе было 25,7 тыс. жыхароў.

Свой пачатак горад бярэ з паселішча Пасаднік. Пазней адбылася замена назвы на сучасную і перавод паселішча ў разрад невялікіх гарадоў. У 1409 г. па волі  Вялікага князя Літоўскага Вітаўта паселішча Пасаднік было пераведзена ў разрад мястэчак і атрымала назву Паставы. Паходжанне назвы “Паставы” звычайна тлумачыцца як горад, размешчаны “па ставу” вады (“стаў” – запруда, спыненая вада), бо ў 13 стагоддзі жыхары Пасадніка пабудавалі на рацэ плаціну і вадзяны млын, што і ўтварыла стаў вады. Ёсць яшчэ версія паходжання назвы ад слова “пастаў” – прыстасаванне для размолу зерня, бо паселішча Пасаднік славілася сваім млыном,  сюды прыязджалі людзі з наваколля каб змалоць зерне.

Вядомы Паставы з 1552 г. як прыватнае мястэчка Дэшпатаў-Зяновічаў. У той час уваходзілі ў Ашмянскі павет Віленскага ваяводства ВКЛ. У 1552 г. у мястэчку быў пабудаваны драўляны касцёл Маці Божай. Паводле інвентару 1628 г., цэнтрам Паставаў была гандлёвая плошча. На ёй стаяў касцёл з плябаніяй. Тут была карчма, 6 двароў рамеснікаў і гандляроў. За межамі мястэчка размяшчаўся сядзібны комплекс. На востраве, утвораным ракой Мядзелка і каналам, у 1640 г. пабудаваны касцёл і кляштар францысканцаў.

У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654 – 1967 гг. мястэчка было разбурана, засталося толькі 5 двароў. 3 2-й палавіны 18 ст. Паставамі валодаў  надворны падскарбі ВКЛ А.Тызенгаўз. Па яго ініцыятыве былі заснаваны фабрыкі, ткацкія майстэрні, а таксама пабудаваны млын, гарбарня. А.Тызенгауз правёў карэнную рэканструкцыю мястэчка паводле рэгулярнага плана. Цэнтрам стала гандлёвая плошча. У яе планіроўцы ўдзельнічаў італьянскі архітэктар Дж. Сака. На паўднёвай ускраіне Паставаў, на левым беразе Мядзелкі, пастаўлены палац. На ўсход ад яго разбілі пейзажны парк. На рынку быў створаны ансамбль з мураваных дамоў рамеснікаў, урача, аўстэрыі, гандлёвых радоў. У радыяльных напрамках ад плошчы адыходзілі 4 вуліцы. Кварталы перыферыі былі забудаваныя драўлянымі дамамі, на захадзе і поўдні знаходзіліся гумны. 3 1775 г. у мястэчку праходзілі сесіі гарадскога павятовага суда. У 1780-я гг. тут адчынілася свецкая школа. У 1782 – 1985 гг. дзейнічала тэатральная школа Тызенгаўза, якую перавялі з Гродна. У 1791 г. Паставы сталі горадам і цэнтрам Завілейскага павета Віленскага ваяводства.

Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 г. да 1796 г. яны заставаліся яшчэ горадам і цэнтрам павета, але хутка былі вызначаны як мястэчка, сталі цэнтрам воласці Лженскага павета Мінскай губерні. У 1842 г. – цэнтр павета ў Віленскай губерні. 22 студзеня 1796 г. Паставы атрымалі ўласны герб: выява рыбацкай лодкі ў блакітным полі, уверсе 3 залатыя рыбы, галовамі на дол. У 1814 – 1953 гг. Паставы ва ўладанні К. Тызенгаўза. У 1-й палавіне 19 ст. тут працавалі папяровая фабрыка, заснаваная яшчэ ў 1728 г., сукнавальня, 2 млыны. Былі створаны арніталагічны музей і карцінная галерэя, у якой у 1840 г. налічвалася больш за 60 твораў жывапісу. Штогод у мястэчку праводзілася 7 кірмашоў. У 1880 – 1987 гг. пастаўлены мураваны касцёл, у 1894 г. на гандлёвай плошчы пабудавана мураваная царква.

Пасля пабудовы ў 1897 г. чыгуначнай лініі Крулеўшчына – Пабрадзе (Літва) Паставы сталі станцыяй. У 19 ст. мураваныя дамы ўзводзілі пераважна ў цэнтры. Паводле перапісу 1897 г., у Паставах было 2397 жыхароў.

3 лютага да 16 снежня 1917 г. Паставы акупіравалі германскія, потым польскія войскі. У ліпені 1920 г. увайшлі часці Чырвонай Арміі. Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 г. Паставы ўключаны ў склад Польшчы як павятовы горад Віленскага ваяводства.

У 1939 г., як і ўся Заходняя Беларусь, Паставы ў БССР. У 1939 г. у горадзе 3,4 тыс. жыхароў. 15 студзеня 1940 г. горад стаў цэнтрам Пастаўскага раёна Вілейскай вобласці.

У Вялікую Айчынную вайну 6 ліпеня 1941 г. Паставы акупіравалі нямецка-фашысцкія захопнікі. За перыяд акупацыі яны знішчылі ў горадзе і раёне 3688 чалавек. 5 ліпеня 1944 г. Паставы вызвалілі войскі 1-га Прыбалтыйскага фронту.

3 20 верасня 1944 г. горад уваходзіў у Маладзечанскую, 20 студзеня 1960 г. уключаны ў склад Віцебскай вобласці. У 1959 г. насельніцтва горада складала 10,6 тыс. чалавек, у 1970 г. – 15,1 тыс. жыхароў. Рака падзяляе горад на 2 раёны: заходні і ўсходні. Першы пасляваенны генеральны план Паставаў быў складзены ў 1962 г. Забудоўваюцца Паставы паводле генеральнага плана 1976 г. і праекта дэталёвай планіроўкі Усходняга жылога раёна, распрацаванага ў 1978 г. Адміністрацыйны, грамадскі і культурны цэнтр гістарычна склаўся ў заходнім раёне. 2–3-павярховыя жылыя дамы будуюць у паўночна-заходняй частцы. Прамысловая зона размешчана ва ўсходнім раёне. Паводле карэкціроўкі генеральнага плана 1994 г. у сучасным горадзе перавага аддаецца малапавярховай забудове.

3 прамысловых прадпрыемстваў у горадзе працуюць мясакамбінат, малаказавод, ільнозавод і інш. Тут вырабляюць таксама мэблю.

У Паставах ёсць прафесійна-тэхнічны каледж, 5 сярэдніх, мастацкая школы, школа-інтэрнат. Працуюць краязнаўчы музей, раённы і гарадскі Дамы культуры.

3 1992 г. у горадзе праводзіцца міжнародны фестываль народнай музыкі «Звіняць цымбалы і гармонік».

У горадзе ёсць брацкія магілы савецкіх воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму.

Ахоўваецца як помнік архітэктуры забудова гістарычнага цэнтра 2-й пал. 18 ст. Сярод іншых помнікаў архітэктуры: вадзяны млын 2-й пал. 19 ст., касцёл Святога Антонія 1880 — 87 гг., Свята-Мікалаеўская царква 1894 г., палацава-паркавы комплекс канца 18 – пачатку 19 ст.

Выдаецца раённая газета «Пастаўскі край».                                                                        

 

Літаратура

1. Паставы :  [буклет] /  фотаздымкі Я. Казюлі [і інш.]. - Паставы,  2001 – 7 с.

2. Паставы // Малішэўскі, У.А. Нашы гарады / У.А. Малішэўскі, П.М. Пабока. - Мн., 1991. – С. 165–167.

3. Паставы // Путеводитель по городам и районным центрам Республики Беларусь / сост. : А. Варивончик [и др.]. – Мн., 2004. – С. 236–237.

4. Паставы // Рэспубліка Беларусь: Вобласці і раёны : энцыклапедычны даведнік / склад. Л.В. Календа. – Мн., 2004. – С. 168–169.

5. Паставы : фотаальбом /  склад. С.І. Міхайлавай ; аўт. тэксту І.М. Пракаповіч ; фота Ю.Г. Осіпава [і інш.] ; пер. на англ. мову Д.У. Людчыка. – Мн., 2008. – 72 с.  

6. Паставы // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. / рэдкал. : Г.П. Пашкоў [і інш.]. – Мн., 2003. - Т. 5. – С. 429.

7. Поставы // Адамушко, В.И. Гербы и флаги Беларуси / В.И. Адамушко, М.М. Елинская. – Мн., 2006. – С. 82–83.

8. Поставы // Рогалев, А.Ф. Географические названия в калейдоскопе времен / А.Ф. Рогалев. – Гомель, 2008. – С. 173–175.

 

ЛЕГЕНДЫ І ПАДАННІ   ГарадЫ ВОБЛАСЦІ   ГЕРАЛЬДЫКА

ПІСЬМЕннікі, паэты, літаратары   МАСТАКІ   ВЫДАТНЫЯ І ЗНАКАМІТЫЯ ЛЮДЗІ

ГЕРОІ САВЕЦКАГА САЮЗА   ГЕРОІ САЦЫЯЛІСТЫЧНАЙ ПРАЦЫ

Галоўная  Карта сайта

© ГУ "Витебская областная библиотека им. В. И. Ленина", 2006 - 2009